Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 гадоў таму ўлады закрылі газэту “Свабода”


Ганна Соусь, Менск Восем гадоў таму, 24 лістапада 1997 году, паводле рашэньня Гаспадарчага суду быў спынены выхад газэты “Свабода”. Гэта было першае закрыцьцё незалежнага выданьня ў часе прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Як згадвае тагачасны выдавец “Свабоды” Павал Жук, умовы, у якіх існавалі незалежныя мэдыі восем гадоў таму, істотна адрозьніваюцца ад цяперашніх.

“Свабоду” закрылі ў першую гадавіну рэфэрэндуму 1996 году, што паводле выдаўца газэты Паўла Жука, вельмі сымбалічна.

(Жук: ) “Лукашэнка ні ў каго не пытаўся, проста прыбіваў тое, што магло быць пагрозай для існаваньня ягонага рэжыму. І цяперашняя сытуацыя мае карані ў тым часе”.

Павал Жук згадвае, што перад закрыцьцём “Свабода“ мела наклад каля 80 тысяч асобнікаў, і была адным з найбольш папулярных у Беларусі незалежных выданьняў. Выхад газэты спынілі на той падставе, што ў ёй была надрукаваная заява Беларускага вызвольнага войска. Тады Гаспадарчы суд вырашыў, што ў заяве ўтрымліваліся заклікі да тэрарыстычных дзеяньняў. Павал Жук згадвае, што закрыцьцё газэты тады ня выклікала шырокага грамадзкага розгаласу.

(Жук: ) “Пасьля закрыцьця газэты мы зрабілі нешта накшталт пікету на плошчы Якуба Коласа. Там сабралася рэдакцыя і 30—40 прыхільнікаў газэты. Усё, больш нічога не было. Ясна, што былі пратэсты з боку замежных краінаў, але гэта ніякім чынам не падзейнічала на ўлады”.

Асобную акцыю пратэсту зладзіў тады дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валер Шчукін, які, апрануты ў майку з надпісамі ў абарону незалежнага выданьня, прайшоў ад плошчы Якуба Коласа да паштамту.

(Шчукін: ) “Газэта “Свабода” — гэта быў пачатак, першая ластаўка. Сёньня мы бачым ужо поўны букет закрытых газэтаў. Да пачатку выбарчай кампаніі ня будзе ніводнай незалежнай газэты. Будзе чорная дзірка”.

Выдавец газэты “Свабода” Павал Жук адзначае, што восем гадоў таму незалежнаыя мэдыі існавалі ў значна лепшых, чым цяпер, умовах:

(Жук: ) “Тады газэты хаця б можна было прадаваць, выдаваць, можна было зарэгістраваць газэту. А цяпер ані зарэгістраваць, ані прадаць, ані надрукаваць. Я думаю, што цяпер адзінае выйсьце для тых, хто вельмі хоча займацца выдавецкай справай і друкаваць газэты апазыцыйнага кірунку — гэта падпольле”.

Пасьля закрыцьця газэты “Свабода” Павал Жук выдаваў газэты “Навіны”, “Наша Свабода” і “Время”, але ўсе гэтыя выданьні былі закрытыя ўладамі.

Адным з заснавальнікаў і шматгадовым рэдактарам газэты “Свабоды”, а потым і “Навінаў” быў вядомы журналіст і палітык Ігар Гермянчук. Ён стаяў ля вытокаў незалежнага адраджэнскага друку Беларусі. Апошнія гады жыцьця Ігар Гермянчук рэдагаваў грамадзка-палітычны часопіс “Кур’ер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG