Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты "Кмары" выказваюць падтрымку моладзі ў Беларусі


Любоў Лунёва, Менск Сябры моладзевых рухаў Беларусі віншуюць грузінскую моладзь з гадавінай Рэвалюцыі ружаў. А актывіст моладзевай арганізацыі “Кмара” Люка Цуладзэ ўпэўнены, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца ў 2006 годзе.

Сябры моладзевай арганізацыі “Кмара” Люка Цуладзэ і Георгі Кандалакі сёньня сьвяткуюць гадавіну Рэвалюцыі ружаў. Яны згадваюць свой візыт у Беларусь і кажуць, што адчулі на ўласнай скуры беларускую дэмакратыю. Гаворыць Люка Цуладзэ:

(Цуладзэ: ) “З дэмакратыяй у Беларусі ня ўсё ў парадку. Папросту няма ніякай дэмакратыі. Але я ўпэўнены, што моладзевыя арганізацыі маюць сілы змагацца і даб’юцца выдатных вынікаў. Я не магу казаць, што ў нас у Грузіі ўсё выдатна, але мы робім крокі на шляху дэмакратычных пераўтварэньняў. Нашым партнэрам у Беларусі я раю не баяцца і змагацца. Калі рэжым ужывае сілавыя мэтады, гэта набліжае яго канец. Трэба толькі не баяцца і змагацца”.

Нагадаем, Люку Цуладзэ і Георгія Кандалакі затрымалі ў Менску 24 жніўня супрацоўнікі КДБ. Ім паведамілі, што ў іх нейкія праблемы з дакумэнтамі і на час праверкі будуць трымаць у камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Люка і Георгі паведамілі, што ў камэры зь імі быў чалавек, які правакаваў іх на бойку, але інцыдэнт не адбыўся. Суд пастанавіў трымаць грузінскіх актывістаў “Кмары” 15 сутак, але яны правялі за кратамі толькі дзесяць. Іх адвезьлі ў аэрапорт на самалёт “Менск—Кіеў”. Каб хлопцы пасьпелі на рэйс, украінскія калегі затрымалі вылет на дзьве гадзіны. Цяпер Люка Цуладзэ і Георгі Кандалакі не без хваляваньня згадваюць тыя падзеі.

Калі грузінскія партнэры моладзевага руху “Зубр” сядзелі за кратамі спэцпрыёмніка, актывісты “Зубра” правялі акцыю на знак падтрымкі сяброў “Кмары” — за гэта трое зь іх самі трапілі ў камэры, дзе ўбачыліся з Цуладзэ і Кандалакі. Каардынатарка прававой службы “Зубру” Ірына Тоўсьцік паведаміла Радыё Свабода, што арганізацыя і надалей будзе шчыльна супрацоўнічаць з замежнымі партнэрамі.

(Тоўсьцік:) “Рух “Зубр” супрацоўнічае з грузінскім рухам “Кхмара”. Калі нашы партнэры прыяжджалі ў Менск, то былі затрыманыя, а потым дэпартаваныя. Нашы грузінскія партнэры пераканаліся ў тым, што выказваць свае думкі наконт існай улады небясьпечна. Яны адчулі гэта на сабе. Нашы грузінскія партнэры выказалі нам падзяку за падтрымку. Мы працягваем супрацоўнічаць — у нас ёсьць кантакты, мы абменьваемся інфармацыяй, праца ідзе”.

Дэлегацыя беларускай апазыцыйнай моладзі цяпер знаходзіцца ў Кіеве на сьвяткаваньні аранжавай рэвалюцыі. Год таму на Майдане беларускія і грузінскія намёты стаялі побач. Беларусы сёньня пачулі шмат словаў падтрымкі ад сваіх украінскіх і грузінскіх партнэраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG