Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: "Лукашэнка сёньня ў паніцы"


Юры Дракахруст, Прага Падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што “супраць Беларусі вядзецца інфармацыйная вайна, якую аплачвае Захад ужо не саромячыся аплачвае, у тым ліку і ў расейскіх сродках масавай інфармацыі”.

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што “гэтак званы адзіны кандыдат ад апазыцыі – гэта чалавек зь Беларускага народнага фронту. Паводле нашай інфармацыі, ён праехаўся па Расеі, і сёньня крычыць, што яго ледзь ня Пуцін прымаў”.

Адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што заявы Лукашэнкі пра тое, што нехта вядзе зь ім інфармацыйныя вайны “ужо ўсім устылі”.

“Учора Эўропа, Амэрыка, сёньня Расея, чыноўнікі, апазыцыя. Абы народ толькі думаў пра нейкую “вайну” і не патрабаваў ад улады і асабіста ад Лукашэнкі вырашэньня жыцьцёва важных для беларусаў праблемаў”, – кажа Мілінкевіч.

Паводле яго, кіраўнік дзяржавы “сёньня ў паніцы, ён адчувае, што ўлады сыходзіць у яго з-пад ног. У Расеі ўжо пачынаюць разумець, што Беларусь – гэта ня толькі і ня столькі Лукашэнка і яго атачэньне. У Беларусі ёсьць палітыкі, прадказальныя і пасьлядоўныя, за якімі стаіць народ і якія будуць весьці з Расеяй дыялёг, бяз крыкаў і шантажу” – сьцьвярджае Аляксандар Мілінкевіч.

Паводле яго “народ ужо стаміўся без канца “ваяваць”, народ хоча жыць спакойным, заможным і цывілізаваным жыцьцём – яму патрэбны новы прэзыдэнт”– заявіў адзіны кандыдат на прэзыдэнта ад дэмакратычных сілаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG