Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы дэкрэт Лукашэнкі істотна абмяжоўвае выезд студэнтаў за мяжу


Альгерд Невяроўскі, Менск А.Лукашэнка падпісаў чарговы дэкрэт, які ўносіць зьмены і дадаткі ў ягоны сакавіцкі дэкрэт “Аб некаторых мерах дзеля супрацьдзеяньня гандлю людзьмі”. Цяпер арганізацыі, што займаюцца кароткатэрміновым працаўладкаваньнем студэнтаў за мяжой, павінны мець адпаведную ліцэнзію, а выяжджаць у іншыя краіны для ўдзелу ў спартовых альбо культурных мерапрыемствах навучэнцы змогуць толькі з дазволу Міністэрства адукацыі. Праваабаронцы лічаць, што такім чынам улады мацуюць жалезную заслону вакол Беларусі.

У новым дэкрэце №15, у прыватнасьці, адзначаецца, што арганізацыі, якія займаюцца працаўладкаваньнем беларускіх студэнтаў за мяжой у часе летніх вакацыяў, мусяць атрымаць адмысловую дзяржаўную ліцэнзію. Пры гэтым неабходная згода Міністэрства адукацыі па кожнай канкрэтнай студэнцкай праграме.

У сакавіцкім дэкрэце ўжо было замацаванае палажэньне, згодна зь якім выезд студэнтаў на вучобу за мяжу можа адбывацца толькі са згоды Мінадукацыі. У новым жа дакумэнце рэгулюецца нават працэдура кароткатэрміновых выездаў студэнтаў і навучэнцаў для ўдзелу ў спартовых ці культурных мерапрыемствах. На іх цяпер таксама трэба мець дазвол Міністэрства адукацыі альбо мясцовых органаў выканаўчай улады.

Я спрабаваў атрымаць камэнтар з нагоды выхаду гэтага дэкрэту ў кіраўніка прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Паўла Лёгкага, але ён адмовіўся размаўляць, спаслаўшыся на занятасьць. Тым часам, дзяржаўнай агенцыі БелТА ў прэсавай службе прэзыдэнта паведамілі, што “новы прававы акт ніякім чынам не мяняе агульнай канцэпцыі жорсткай барацьбы з гандлем людзьмі, але разам з тым удасканальвае падыходы ў гэтай сфэры”.

Сёлетні дэкрэт ад 9 сакавіка рэгулюе дзейнасьць шлюбных агенцыяў. Між тым, няма адназначнага разуменьня нарматыўных прадпісаньняў, што рэгулюць такую дзейнасьць, асабліва што да распаўсюду ў СМІ і Інтэрнэце аб’яваў аб знаёмствах. Новы дэкрэт патрабуе абавязковага ліцэнзаваньня дзейнасьці, зьвязанай з распаўсюдам інфармацыі аб фізычных асобах у Інтэрнэце. Адна зь вялікіх службаў знаёмстваў у Беларусі месьціцца на інфармацыйным партале TUT.BY. Але доступ да кантактнай інфармацыі аб асобах з сакавіка ў гэтым разьдзеле заблякаваны, бо няма ліцэнзіі. Галоўны рэдактар парталу Марына Золатава гаворыць, што дзеяньне дэкрэту ў гэтым месцы наўрад ці будзе эфэктыўным:

(Золатава: ) “Сайт можна разьмясьціць дзе заўгодна. І беларуска ці беларус могуць пазнаёміцца з асобамі, што маюць нейкія злачынныя намеры, на якім заўгодна сайце. Ён можа месьціцца ня толькі ў Беларусі. Так што, я думаю, рэалізацыя гэтага дэкрэту мае шмат спрэчных момантаў і цяжкасьцяў”.

Генэральны дырэктар TUT.BY Кірыл Валошын паведаміў, што яны пакуль не атрымалі ліцэнзіі на той падставе, што юрыдычны адрас парталу нібыта не адпавядае сапраўднаму.

А як камэнтуюць новы дэкрэт праваабаронцы? Гаворыць старшыня ліквідаванага ўладамі цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) “Адназначна відаць, што беларускія ўлады працягваюць палітыку самаізаляцыі краіны. Спрабуюць абмежаваць адукацыйныя, навучальныя, грамадзкія кантакты моладзі. Беларускія ўлады баяцца дэмакратычных уплываў, якія студэнты, навучэнцы, натуральна, прывязуць з-за мяжы, убачыўшы іншы ўзровень адносінаў у грамадзтве, чым той, які на сёньняшні дзень склаўся ў Беларусі”.

Алесь Бяляцкі таксама адзначыў, што ўлады спрабуюць усталяваць татальны кантроль за ўсім у Беларусі, нават за асабістым жыцьцём грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG