Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі ставіць ультыматумы кіраўнікам “мяцежных” ВНУ


Ігар Каней, Менск Зьявіліся першыя кадравыя “ахвяры” сярод прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча – прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі сілаў на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля сустрэчы са студэнтамі Баранавіцкага недзяржаўнага эканоміка-юрыдычнага каледжу вымушаны быў напісаць заяву аб звальненьні выкладчык Віктар Сырыца. Кіраўніцтва гэтай установы неадкладна было выкліканае на дыван у Міністэрства адукацыі, дзе вымушанае было вырашаць дылему: альбо “мяцежны” Сырыца,альбо пэрспэктыва не прайсьці пры канцы году атэстацыю.

Адзін са старэйшых выкладчыкаў эканоміка-юрыдычнага каледжу Віктар Сырыца сапраўды канстатуе, што яго прымусілі пакінуць навучальную установу. Ён нямала зьдзіўлены ад такога рашэньня і Міністэрства адукацыі, і ўласна кіраўніцтва каледжу, паколькі падчас запрашэньня студэнтаў на сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам спадар Сырыца сам усіх супакойваў: будзе звычайная гутарка, мерапрыемства цалкам законнае, да таго ж, адбываецца пасьля заняткаў. У выніку здарылася з дакладнасьцю да наадварот.

(Сырыца: ) “Фактычна прымусілі, таму што прымалі ўдзел у сустрэчы мае студэнты, супраць якіх быў вельмі моцны ўціск. Перадусім, іх запалохвалі выключэньнем. Каб спыніць вось гэты ўціск, я напісаў заяву аб звальненьні. Да таго ж, дырэктара нашага каледжу выклікаў намесьнік міністра адукацыі Жук і фактычна загадаў яму: альбо звальняеце Сырыцу, альбо навучальная установа не праходзіць атэстацыю. Дырэктар мне ў прысутнасьці ўсёй адміністрацыі так і сказаў: калі ты не напішаш заяву, наша навучальная установа ня пройдзе атэстацыю сёлета ў сьнежні. Але самае галоўнае: я напісаў заяву, бо быў супраць рэпрэсій. Студэнтаў запалохвалі выключэньнем, казалі пра тое, што яны ніколі ў дзяржаўны ўнівэрсытэт не паступяць. І я бачыў сьлёзы ў гэтых дзяцей…”.

Мэтад запалохваньня ўлады ўзялі на ўзбраеньне даўно. Але, падаецца, што гэтым разам у апазыцыі ёсьць свае контраргумэнты. Прынамсі, Аляксандар Мілінкевіч ужо заявіў, што будзе створаны фонд падтрымкі пацярпелых ад перасьледу з боку ўладаў. Але стварэньне фонду – справа пэрспэктыўная, пакуль яго яшчэ няма. Збольшага, зь яго будуць аплачвацца паслугі адвакатаў і штрафы ўдзельнікам выбарнай кампаніі. Прадугледжана і пэўная матэрыяльная дапамога пацярпелым – як у выпадку са спадаром Сырыцам. Магчыма, у штабе Мілінкевіча прста не былі гатовыя да такіх хуткіх санкцый, таму і не пасьпелі да першых карных захадаў. А тое, што дапамога неабходная, ніхто не сумняваецца: той жа Віктар Сырыца кажа – уладкавацца ў Баранавічах надзвычай цяжка.

(Сырыца: ) “Ад панядзелка я фактычна беспрацоўны. Таму на маім прыкладзе важна зрабіць так, каб людзі не баяліся страціць працу, каб была ў людзей нейкая сьмеласьць. Бо, прыкладам, мне ў Баранавічах знайсьці працу пасьля гэтага практычна немагчыма. У школу мяне ня возьмуць, таму буду спрабаваць шукаць працу дзесьці на заводзе, у якога-небудзь прадпрымальніка. Я чалавек працавіты і думаю, што не прападу. Да таго ж, я старшыня Баранавіцкага аддзяленьня Таварыства Беларускай мовы і, мяркую, буду працягваць і надалей актыўную працу ў гэтым кірунку”.

Віктар Сырыца ўзначальвае Берасьцейскае абласное і Баранавіцкае гарадзкое аддзяленьне Таварыства Беларускай мовы. Старшыня ТБМ Алег Трусаў характарызуе спадара Сырыцу як надзвычай актыўнага чалавека, але кажа, што апазыцыі трэба больш акуратна ставіцца да людзей, на якіх урэшце кладзецца такая адказнасьць.

(Трусаў: ) “Вельмі актыўны чалавек, таму нічога дзіўнага няма. Тым больш, што ў Баранавічах Мілінкевіч сапраўды вельмі моцна “засьвяціўся”.

(Карэспандэнт: ) “Пасьля гэтага выпадку Аляксандар Мілінкевіч сказаў, што будзе створаны адмысловы фонд падтрымкі пацярпелых актывістаў апазыцыі…”

(Трусаў: ) “Усё гэта добра, але ж – “будзе створаны…” Спачатку трэба стварыць а ўжо потым па Беларусі езьдзіць. А не наадварот. З “воўчым білетам” у Баранавічах выкінуць, і куды ты дзенесься? Хто цябе на якую працу возьме? І колькі такіх людзей ужо пацярпела: мусілі за мяжу зьяжджаць, прасіць прытулкі і г.д.”

Як удалося высьветліць, штаб Мілінкевіча паралельна вядзе перамовы з замежнымі навучальнымі ўстановамі на выпадак, калі вынікам сустрэчаў студэнтаў з апазыцыйнымі лідэрамі будуць выключэньні выкладчыкаў ці навучэнцаў. Пакуль гаворка пра спэцыяльныя і вышэйшыя установы суседніх краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG