Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь можа зьняць абмежаваньні на імпарт піва з Расеі


Юлія Шарова, Менск Беларускія півавары засьцерагаюцца таго, што з наступнага году ў Беларусі могуць зьняць абмежаваньні на імпарт расейскага піва. Як мяркуюць адмыслоўцы, айчынная прадукцыя тады стане неканкурэнтаздольнай на ўласным рынку з-за высокай цаны.

Заявы наконт таго, што ўсе абмежаваньні на імпарт расейскага піва будуць зьнятыя, прагучалі пасьля нядаўняй адмысловай нарады ў Менску, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі шэрагу расейскіх і беларускіх міністэрстваў.

На сёньняшні дзень піва з Расеі ў Беларусь можна ўвозіць толькі праз адмысловыя склады. Таксама для яго ўведзеныя кантрольныя маркі на накладныя дакумэнты, якія на 30 % даражэйшыя за звычайныя. Апрача таго, імпартэры павінны цалкам аплаціць авансам акцызы, а ўвозіць можна партыю ня болей за 40 тысячаў дэкалітраў піва.

Усе гэтыя перашкоды робяць расейскае піва значна даражэйшым за айчыннае. Хоць кошт беларускага напою таксама штучна завышаны, лічыць старшыня назіральнай рады бровару “Сябар” Сяргей Левін. У Расеі тое піва, што завозяць сюды, сапраўды нашмат таньнейшае.

(Левін: ) "Вельмі добрае піва, піва высокай прыбытковасьці ўзроўню “Старого мельника” ў гіпэрмаркетах, у электроннай сетцы каштуе 18 расейскіх рублёў. А “Балтика-3” – 14-15 рублёў. Калі мы возьмем сярэдні кошт і перавядзем на бягучы курс, то гэта атрымаецца 1.350 беларускіх рублёў. Але гэта ўжо вельмі добрае піва".

Спадар Левін тлумачыць, што абмежаваньні на імпарт расейскага піва варта зьняць, бо Беларусь і Расея дакляруюць агульную эканамічную прастору. Аднак для поўнай справядлівасьці варта зрабіць і так, каб умовы працы расейскіх і беларускіх бровараў былі аднолькавыя. Беларускія піўзаводы могуць набываць толькі айчынную сыравіну, тую, што прапануе прадпрыемства “Белсолад”. А яна бывае даражэйшай за імпартовую ды якасныя характарыстыкі беларускага солада не найлепшыя. Гэта лішнія выдаткі, які адбіваюцца на сабекошце прадукцыі, кажа Сяргей Левін.

(Левін: ) "Мае сябры запытваюцца ў мяне, ці магу я зварыць добрае піва з такога соладу. Я змагу. Проста норма выдаткаваньня на адзін літар піва будзе нашмат вышэйшай, на 15-20%, пры той экстрактыўнасьці, якую дае “Белсолад” на сёньняшні дзень".

Такім чынам, калі абмежаваньні на імпарт расейскага піва здымуць, але пры гэтым беларускія бровары не атрымаюць большай эканамічнай свабоды, айчынная півавараная прамысловасьць апынецца ў складаным становішчы, цьвердзіць кіраўнік кампаніі “Сябар”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG