Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянт затрымаў каардынатара "Моладзі БНФ", вывіхнуў яму руку


Міхал, Стэльмк, Менск У Менску за распаўсюд газэты “Народная Воля” затрымалі каардынатара “Моладзі БНФ”. У часе затрыманьня дэмакратычнаму актывісту Алесю Каліту вывіхнулі руку.

Алесь Каліта распаўсюджваў незалежнае выданьне ў падземным пераходзе на менскай плошчы Якуба Коласа. Калі ў яго засталося ўсяго некалькі асобнікаў “Народнай Волі”, то да моладзевага актывіста БНФ падышоў міліцыянт:

(Каліта: ) “Старшы сяржант учапіўся збоку за руку: малады чалавек, прайдзём, прайдзём… Я спытаўся: на якой падставе вы мяне затрымліваеце, прадстаўцеся. Ён адказаў, што там разьбярэмся.

На мае патрабаваньні патлумачыць прычыны затрыманьня, ён адмовіўся. Мяне прывялі ў пастарунак. Склалі пратакол, нібыта я лаяўся нецэнзурна, на заўвагі міліцыі не рэагаваў. Нахабная такая хлусьня. Напісалі артыкул: дробнае хуліганства, 156-ты. На маё патрабаваньне даць мне копію пратаколу затрыманьня мне адмовілі.

Была выклікана хуткая дапамога, таму што падчас затрыманьня ў мяне была траўмавана рука. Супрацоўнік міліцыі як бы выкруціў яе, да гэтага часу баліць. Хуткая паставіла дыягназ, і мяне забралі з пастарунку, даставілі ў 19-ю паліклініку”.

Паводле Алеся Каліты, яго затрымліваў міліцыянт Іван Дулуб. У Савецкім РУУС факт затрыманьня і складаньня пратаколу на моладзевага актывіста БНФ адмовіліся пацьвердзіць альбо абвергнуць, хаця і зазначылі, што супрацоўнік міліцыі з прозьвішчам Дулуб там сапраўды працуе.

Спадар Каліта лічыць дзеяньні міліцыі супрацьпраўнымі. Гэтак жа мяркуе і юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Сытуацыя для нашых сёньняшніх дзён, на жаль, стандартная. Калі супрацоўнікі міліцыі ня ведаюць, за што чалавека затрымліваць, паколькі ён не зьдзяйсьняе правапарушэньня, яны пачынаюць выдумляць розныя справы пра дробнае хуліганства. Складаюць пратаколы па 156-м артыкуле, што нібыта ён нецэнзурна лаяўся ў грамадзкім месцы, чапляўся да мінакоў і гэтым чынам зьдзейсьніў дробнае хуліганства. Тое самае адбылося і цяпер. Алесь Каліта распаўсюджваў “Народную Волю” — як вядома, газэта зарэгістраваная, рашэньне пра забарону яе распаўсюду не прымалася. Такія справы, на жаль, вельмі цяжка аспрэчваць падчас разгляду ў судзе, паколькі супрацоўнікаў міліцыі некалькі і ўсе яны сьцьвярджаюць, што чалавек брыдкасловіў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG