Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькасьць байцоў менскага спэцназу павялічыцца амаль на 40%


Любоў Лунёва, Менск 17 гадоў таму быў створаны менскі атрад міліцыі асобага прызначэньня — АМОН. Сёлета АМОН пераўтварылі ў полк міліцыі спэцыяльнага прызначэньня. Цяпер на форме былых амонаўцаў зьявілася новая нашыўка — “Спэцназ”. А колькасьць байцоў павялічыцца больш як на траціну. Нагадаем, прозьвішча камандзіра спэцназу Юрыя Падабеда ўнесена ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўрапейскага Зьвязу і ЗША.

Менскі полк міліцэйскага спэцназу месьціцца ў будынку насупраць Кальварыйскіх могілак. Полк налічвае 360 байцоў. Цягам году іх колькасьць павялічыцца да 500. Пасьля таго, як у жніўні менскі АМОН пераўтварылі ў полк міліцэйскага спэцназу, у абласных гарадах расфармавалі ўсе атрады міліцыі асобага прызначэньня. Цяпер менскіх спэцназаўцаў будуць накіроўваць у розныя рэгіёны краіны.

Апазыцыйныя палітыкі маюць шмат прэтэнзіяў да спэцназаўцаў, якімі кіруе палкоўнік Юры Падабед. Сьвятлана Завадзкая намагалася прыцягнуць да адказнасьці байца, які ўдарыў яе ў твар у часе разгону акцыі памяці яе мужа.

Юры Падабед лічыць, што яго падначалены меў рацыю. Ён аргумэнтуе гэта тым, што, баец выконваў загад выдаліць людзей з плошчы. Яго стаўленьне да таго, што мужчына, па-сутнасьці, ударыў слабую жанчыну, неадназначнае:

(Падабед: ) “Ён адмахваўся і трапіў ёй у твар. Пракуратура праводзіць разьбіральніцтва. Яго дзеяньні прызналі правамернымі. Калі мужчына ўдарыў жанчыну, то лічу гэта кепскім. Супрацоўнік быў абавязаны спыніць яе дзеяньні, але атрымалася такім чынам. Наагул, ён павінен быў закруціць ёй рукі, пасадзіць у аўтобус, надзець кайданкі, адвезьці ў пастарунак і аформіць належным чынам”.

Юрыя Падабеда ўнесьлі ў сьпіс неўязных у краіны Эразьвязу і ЗША пасьля падзеяў 18 і 19 кастрычніка 2004 году, калі людзі выйшлі на плошчу на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, які зьняў абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў для А.Лукашэнкі. Тады ў часе затрыманьня ў рэстарацыі “Патыё-Піцца” быў зьбіты лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

(Падабед: ) “Я – выканаўца. Я выконваю загады. Мне далі загад, я яго выканаў. Чалавек, які разважае ў часе выкананьня загаду, можа нанесьці шкоду значна большую, чым той, які выконвае загад імгненна”.

Юры Падабед паведаміў Радыё Свабода, што год таму ўсе зь цікавасьцю сачылі за падзеямі ва Ўкраіне. Ён кажа, што ягоныя калегі зь “Беркуту” загаду разагнаць дэманстрантаў на Майдане не атрымлівалі, і лічыць, што гэта ў нейкай ступені стала вырашальным.

Прэсавы сакратар гарадзкога ўпраўленьня міліцыі Алег Сьлепчанка ўпэўнены, што ў Беларусі ўкраінскі сцэнар немагчымы:

(Сьлепчанка: ) “Калі б менскі АМОН быў на тым мерапрыемстве, я больш чым перакананы ў тым, што аранжавая рэвалюцыя была б адкінутая на доўгія гады, пакуль украінскі народ сам бы не сасьпеў да нейкіх сур’ёзных зьменаў”.

Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне на “хіміі” менавіта за арганізацыю вулічных акцыяў, практыку выкарыстаньня трэніраваных людзей супраць мірных дэманстрантаў лічыць ганебнай:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, такія структуры ў любой дзяржаве патрэбныя, тым больш, што злачыннасьць у Беларусі расьце. Але выкарыстоўваць гэтыя структуры супраць палітычных дэманстрацыяў я лічу ня вельмі маральным. Гэтыя людзі не адчуваюць розьніцы, альбо, наадварот, адчуваюць, што падлеткі, студэнты ня могуць даць такога адпору, як крымінальнікі. Адрэналін гуляе, людзі шалеюць… Я бачу шмат непрыгожага, перш за ўсё ў адносінах да самых безабаронных, самых маладых”.

Мікола Статкевіч лічыць уключэньне ў чорны сьпіс палкоўніка Юрыя Падабеда невыпадковым. Апазыцыйны палітык мяркуе, што першымі ў сьпісе павінны быць прозьвішчы судзьдзяў, сьледчых, якія, паводле закону, мусяць быць незалежнымі. Маўляў, да выканаўцы меншыя патрабаваньні. Але ёсьць і другі бок:

(Статкевіч: ) “Хаця, з другога боку, я згадваю словы аднаго публіцыста ў форме дыялёгу: “Нас усіх гэтаму вучылі”. Адказ: “Вучылі ўсіх, але чаму менавіта ты аказаўся найлепшым вучнем”.

АМОН стваралі ў часе перабудовы ва ўсіх савецкіх рэспубліках з адзінай мэтай — для разгону стыхійных дэманстрацый і мітынгаў. Пасьля падзеяў у Тбілісі, калі вайскоўцы ў часе разгону дэманстрацыі забілі некалькіх чалавек сапэрнымі рыдлёўкамі, камуністычныя ўлады не маглі больш выкарыстоўваць вайскоўцаў супраць мірнага насельніцтва. На службу ў створаныя атрады міліцыі асобага прызначэньня сталі залічаць салдатаў, дэмабілізаваных з паветрана-дэсантных войскаў, і міліцыянтаў, якія прайшлі адмысловую падрыхтоўку. Пасьля распаду СССР у постсавецкіх рэспубліках АМОН захаваўся, але па-рознаму разьмеркаваліся функцыі. У Расеі амонаўцаў дасылаюць ваяваць у гарачыя кропкі і ў самыя небясьпечныя месцы, калі трэба захапіць людзей са зброяй. У Беларусі АМОН заўсёды задзейнічалі на масавых акцыях апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG