Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча рассакрэціць архівы Варшаўскага дагавору


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польшча ў бліжэйшым часе рассакрэціць архівы Варшаўскай дамовы – пра гэта заявіў новы міністар абароны Польшчы Радаслаў Сікорскі. Паводле гісторыкаў, архіўныя дакумэнты могуць дапамагчы адказаць на шэраг дагэтуль нявысьветленых пытаньняў з гісторыі ПНР і усяго “ўсходняга блёку”.

Пра намер Польшчы рассакрэціць архівы Варшаўскай дамовы Радаслаў Сікорскі заявіў пасьля спатканьня з генэральным сакратаром НАТО ў Брусэлі.

“Яп дэ Гоп Схэфэр быў вельмі зьдзіўлены, што гэтыя дакумэнты дагэтуль недаступныя для навукоўцаў – але сытуацыя зьменіцца ў найбліжэйшыя дні” – заявіў польскі міністар.

Паводле ягоных словаў, архівы, якія знаходзяцца цяпер у сховішчах польскага войска, будуць перададзеныя ў Інстытут нацыянальнай памяці Польшчы, дзе іх змогуць свабодна вывучаць гісторыкі.

“Гэтыя дакумэнты дапамогуць польскаму грамадзтву даведацца пра тагачасныя мэханізмы, пры дапамозе якіх з камуністычнай Польшчы зрабілі васальную дзяржаву”, – адзначыў Сікорскі.

Рассакрэціць архівы Варшаўскай дамовы яшчэ раней абяцаў прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч у праграмнай прамове да дэпутатаў парлямэнту.

Гісторыкі кажуць, што гэтыя дакумэнты, магчыма, дапамогуць адказаць на некаторыя важныя пытаньні – напрыклад, ці існавала рэальная пагроза савецкага ўварваньня ў Польшчу ў часе страйкаў “Салідарнасьці”, калі польскае кіраўніцтва увяло ваеннае становішча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG