Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Аўтуховіч галадае 40 дзён


Сяргей Астраўцоў, Горадня Адміністрацыя турмы лічыць, што стан здароўя Мікалая Аўтуховіча на 40-ы дзень галадоўкі — здавальняючы. Начальнік гарадзенскай турмы цяпер у адпачынку, яго абавязкі выконвае намесьнік — Аляксандар Аліеў. Ён паведаміў нашаму карэспандэнту, што галадоўніка кожны дзень наведваюць дактары, “трымаюць на кантролі” стан яго здароўя.

Мікалай Аўтуховіч зь першага дня абвясьціў галадоўку пратэсту супраць арышту — як меры стрыманьня на час сьледзтва. Паводле дактароў, такая працяглая галадоўка вельмі небясьпечная для здароўя, калі толькі не ўжываць хоць штосьці апроч вады — напрыклад сокі.

Кіраўніцтва турмы мяркуе, што Мікалай Аўтуховіч не праводзіць суцэльнай галадоўкі, гаворыць намесьнік начальніка турмы Аляксандар Аліеў:

(Аліеў:) “Ён назіраецца дактарамі, таму пакуль для шпіталізацыі паказаньняў няма. Адвакату давалі адказ, яна рабіла запыт пра ягоны стан здароўя. Правялі абсьледаваньне, ён галадае ня так, як галадаюць каб ўвогуле нічога... Садавіну ясі і мёд ужывае, гарбату, таму ў прынцыпе стан здароўя здавальняючы ў яго”.

Людміла Парэмбская з Ваўкавыску, якая галадае ў падтрымку Аўтуховіча, ня верыць у сьцьверджаньне спадара Аліева.

Яна сама рабіла перадачы ў турму Мікалаю Аўтуховічу. Паводле яе, адзін час яму ўвогуле былі забароненыя перадачы як для парушальніка турэмнага рэжыму. Яна гаворыць, што сапраўды аднойчы перадавала ў турму патроху апэльсінаў і мандарынаў, але лічыць, што Аўтуховіч аддаў іх сукамэрнікам, паколькі пасьля таго папрасіў, каб яму нічога не прыносілі, апроч газэт, патлумачыўшы, што ён нічога не ясі.

Гаворыць адвакат Галіна Іванова:

(Іванова: ) “Зь ягоных словаў, ён толькі п''е зялёную гарбату слабай канцэнтрацыі. Яны лічаць, так і гавораць, што ён не галадае нібыта. Ну, а я толькі зь ягоных словаў магу гаварыць”.

Галіна Іванова, аднак, таксама мяркуе, што тую ж садавіну Мікалай Аўтуховіч хутчэй аддаў сваім сукамэрнікам.

Адвакат гаворыць, што эканамічная экспэртыза па крымінальнай справе Аўтуховіча пакуль не гатовая. Дарэчы, сьледчы ўчора езьдзіў у Менск. Як толькі гэтая экспэртыза будзе зроблена, расьсьледаваньне наблізіцца да заканчэньня, бо яе адсутнасьць тармозіць справу.

Што датычыць псыхіятрычнай экспэртызы, Мікалай Аўтуховіч адмовіўся ад яе, таму сьледчы атрымаў ад псыхіятраў даведку на гэты конт, паведаміла адвакат Галіна Іванова.

***

Мікалая Аўтуховіча арыштавалі 14 кастрычніка ў Горадні. Яго абвінавачваюць ва ухіленьні ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры. Яму налічылі недаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў. Крымінальная справа супраць прадпрымальніка датычыць другой часткі артыкула 243, якім прадугледжана пакараньне — ад трох да сямі гадоў зьняволеньня. Суд можа пры гэтым таксама канфіскаваць маёмасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG