Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Леванеўскі галадуе восьмы дзень


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі не ідзе на выкананьне патрабаваньняў Валера Леванеўскага, які восьмы дзень трымае галадоўку. Скаргі Леванеўскага на супрацоўнікаў калёніі абяцаў праверыць пракурор.

Працягваецца галадоўка вязьня Івацэвіцкай калёніі Валера Леванеўскага, які пратэстуе супраць захадаў адказных супрацоўнікаў калёніі і патрабуе іх службовага пакараньня. Сёньня з Валерам Леванеўскім у калёніі сустрэўся ягоны адвакат Аляксандар Бярылаў. Вось што ён распавёў “Свабодзе”:

(Бярылаў: ) “Ён працягвае галадоўку, адчувае сябе больш-менш нармальна, але прыкметы галадоўкі ўсё ж відаць. Замаруджаная мова, цяжка яму сканцэнтравацца, калі нешта хоча сказаць. Мяркую, калі аслабляецца арганізм, ён гэтак сябе і паводзіць. Так ён збольшага ні на што ня скардзіцца, але відаць, што на восьмы дзень галадоўкі яму ўжо цяжка”.

Паводле Аляксандра Бярылава, Валер Леванеўскі ня думае саступаць і не мяняе сваіх патрабаваньняў. Лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў пачаў галадоўку 13 лістапада. Валер Леванеўскі патрабуе адстаўкі двух адказных супрацоўнікаў калёніі, якія, паводле яго, ужылі супраць яго незаконныя захады — у прыватнасьці, зрабілі ператрус асабістых рэчаў вязьня, а калі знайшлі дробнае парушэньне, то пазбавілі яго спатканьня са сваякамі. Валер Леванеўскі лічыць, што гэтак зь ім папросту паквіталіся за ягоную пазыцыю ў абароне сваіх правоў і правоў іншых вязьняў.

Тое, што ў Івацэвіцкай калёніі ўжываюць незаконныя захады супраць вязьняў, пацьвердзілі сыну Валера Леванеўскага Ўладзімеру былыя вязьні, якія адбывалі пакараньне ў гэтай калёніі. Гэтымі днямі шмат хто зь іх тэлефанаваў і выказваў падтрымку Валеру Леванеўскаму.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Яны кажуць, што больш ня ведаюць такога выпадку, каб вязень гэтак упарта і самаахвярна змагаўся за свае правы, адстойваў сваю праўду, бараніў правы іншых зьняволеных”.

Адрозна ад мінулых галадовак Валера Леванеўскага, гэтая праходзіць у абстаноўцы замоўчваньня з боку адміністрацыі калёніі. Там мне адмовіліся даваць зьвесткі пра галадоўку Валера Леванеўскага і стан ягонага здароўя. Не ўдалося пагаварыць і з пракурорам Івацэвіцкага раёну, які ў адпаведнасьці з законам мусіць назіраць за галадоўкай вязьня. Аднак адвакат Аляксандар Бярылаў, спаслаўшыся на крыніцы ў пракуратуры, паведаміў, што там сочаць за галадоўкай Леванеўскага і нават паабяцалі праверыць ягоныя скаргі на супрацоўнікаў Івацэвіцкай калёніі.

Валер Леванеўскі летась быў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якая была распаўсюджаная сярод гарадзенскіх прадпрымальнікаў, ён напісаў: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў у Аўстрыю адпачываць, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Валера Леванеўскага вязьнем сумленьня.

Гл. таксама • 39-дзень галадае ў турме прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч (абноўлены)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG