Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўнесьлі раскол у беларускі літаратурны асяродак


Валер Каліноўскі, Менск У пятніцу адбыўся ўстаноўчы зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ствараецца пры падтрымцы ўладаў як альтэрнатыва дзейнаму пісьменьніцкаму саюзу. На думку беларускіх літаратараў, не дамогшыся ляяльнасьці асноўнай пісьменьніцкай арганізацыі, ўлады ўнесьлі раскол у літаратурны асяродак. Акрамя таго сябры Саюза беларускіх пісьменьнікаў лічаць, што ўлады цяпер могуць актывізаваць уціску іх грамадзкай арганізацыі, ужо пазбаўленай сваіх СМІ і памяшканьняў, ажно да яе закрыцьця.

Пісьменьнік і вэтэран мінулай вайны Валянцін Тарас мяркуе, што цяпер улады напэўна закрыюць неляяльны ім Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Ён называе гэта другім зьнішчэньнем саюзу: у трыццатыя гады саюз пісьменьнікаў быў зьнішчаны амаль цалкам фізычна, калі сталінскія ўлады забівалі пісьменьнікаў і высылалі іх у ГУЛАГ, а цяпер арганізацыю хочуць зьнішчыць бяскроўна, мяркуе спадар Тарас:

( Тарас: ) “Думаю, закрыюць, таму гэта ўсё задумана і зроблена, каб зрабіць выгляд, што Саюзу беларускіх пісьменьнікаў не існуе... Гэта вельмі горка, але тым не меней, беларуская літаратура застанецца. Літаратура – гэта не саюз пісьменьнікаў, гэта нешта значна большае. Таму гараваць з гэтай нагоды не даводзіцца. Літаратура нашая была, ёсьць і будзе. Гэтыя ж людзі выставілі сябе на пасьмешышча перад усім сьветам. Саюз пісьменьнікаў, у якім няма Рыгора Барадуліна, Янкі Брыля, Віктара Казько, няма Генадзя Бураўкіна, Сяргея Законьнікава, тут можна пералічваць і пералічваць,– гэта ж сьмешна сапраўды”.

Спадар Тарас зазначыў, што перасьлед беларускіх пісьменьнікаў пачаўся з таго, што ўлады пазбавілі іх часопісаў, магчымасьці друкавацца і выходзіць да шырокай чытацкай аўдыторыі. Рашэньне ж тых пісьменьнікаў, якія ўвайшлі ў новы праўладны саюз, спадар Тарас патлумачыў перш за ўсё іх маральным выбарам:

( Тарас: ) “Я лічу, што ва ўмовах, калі душыцца сапраўдная вялікая літаратура, калі робіцца выгляд, што не існуе цэлы пласт нацыянальнай культуры, ісьці туды і да тых, хто гэта робіць, на маю думку, гэта ганебна”.

Гарадзенскі паэт Пётр Сямінскі, удзельнік устаноўчага зьезду праўладнага Саюзу пісьменьнікаў мае асабістыя прэтэнзіі да саюзу, які ўзначальвае Алесь Пашкевіч:

(Сямінскі: ) “Я лічу, што няма будучыні ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў менавіта на палітычнай аснове. Справа ў тым, што я ўжо там быў, былі ўсе мае дакумэнты, мае творы там былі, я прайшоў першы этап, я чакаў тры гады, калі мяне прымуць. Але мне была дадзеная адна мянушка:“лукашыст”. Яны ведалі, што я за дзейную ўладу, і ў мяне не было ніякай пэрспэктывы”.

На думку Пятра Сямінскага, галоўны бар’ер, які падзяляе саюзы пісьменьнікаў пад кіраўніцтвам Чаргінца і Пашкевіча – ідэалягічны. Але ёсьць, на ягоную думку, і іншае, творчае і тэматычнае адрозьненьне новага саюзу ад старога:

(Сямінскі: ) “Той змагаецца не за Беларусь, ён змагаецца за вольных літаратараў, якія пішуць пра што заўгодна, але не пра перамогі беларускага народу, не пра будучыню нашай моладзі, яны нам навязваюць, як мне падаецца, нейкі іншы сьвет. А вось тое, што чакае сапраўдную Беларусь, мне здаецца, будзе апісвацца менавіта тымі сябрамі, якія на гэтым зьезьдзе былі абраныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG