Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Створаны праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск У Менску адбыўся ўстаноўчы зьезд Саюзу пісьменьнікаў Беларусі, які ствараецца пры падтрымцы ўладаў як альтэрнатыва пісьменьніцкаму саюзу, што летась адзначыў сваё 70-годзьдзе. Сяброў існуючага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў назвалі правакатарамі і выдалілі з залі.

Старшыню СБП Алеся Пашкевіча і ягоных намесьнікаў Барыса Пятровіча і Эдуарда Акуліна на зьезьдзе новай праўладнай арганізацыі назвалі правакатарамі і выдалілі з залі.

Кіраўніком праўладнага саюзу абраны Мікалай Чаргінец, сябра Савету Рэспублікі, прызначаны А.Лукашэнкам. Намесьнікамі старшыні сталі Анатоль Аўруцін, Раіса Баравікова, Георгі Марчук, Алесь Марціновіч.

Устаноўчы зьезд праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі праходзіў у Палацы культуры прафсаюзаў за шчыльнымі шэрагамі аховы ў цывільным.

Прадстаўнікі незалежных мэдыяў і кіраўніцтва дзейнага Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на зьезд запрошаныя не былі. Тым ня менш, старшыні Саюзу пісьменьнікаў Алесю Пашкевічу і ягоным намесьнікам Барысу Пятровічу і Эдуарду Акуліну дзякуючы сваім пасьведчаньням удалося прайсьці праз тры кардоны аховы ў фае будынку, але ўрэшце іх не пажадалі там бачыць.

Гаворыць Алесь Пашкевіч:

(Пашкевіч: ) “Мы, як людзі, трошкі спрычыненыя да літаратуры, хацелі папрысутнічаць, натуральна. Але нас назвалі правакатарамі і з будынку выгналі”.

Алесь Пашкевіч кажа, што не прэтэндаваў на выступ, але хацеў пачуць, што тут скажуць пра дзейны Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Шэраг сябраў ягонага саюзу ўдзельнічае і ў зьезьдзе праўладнай пісьменьніцкай арганізацыі, але ніхто зь іх не пісаў заяваў пра выхад з СБП, зазначыў спадар Пашкевіч.

Ягоны першы намесьнік Барыс Пятровіч пасьпеў пагаварыць зь некаторымі знаёмымі дэлегатамі праўладнага зьезду. Ён зазначыў, што тут знаходзяцца ў асноўным тыя літаратары, якія займаюць пасады ў дзяржаўных структурах, установах і СМІ:

(Пятровіч: ) “Я думаю, што яны прыйшлі не па сваёй волі, большасьць зь іх — а якраз з-за таго, што сама пасада іхная вымусіла гэта зрабіць. Я ня бачыў там людзей вясёлых і радасных, як павінна быць пры заснаваньні такой арганізацыі, новай, творчай”.

Сярод 125 дэлегатаў новага саюзу не было ніводнага народнага пісьменьніка Беларусі. Зьезд доўжыўся чатыры гадзіны. Асаблівай дыскусіі на ім не было. Пасьля таго, як былі выкананыя ўсе фармальнасьці і адзінагалосна было абранае кіраўніцтва новага саюзу на чале зь Мікалаем Чаргінцоў, дэлегатаў запрасілі на фуршэт, а потым на аўтобусах разьвезьлі па іх рэгіёнах.

Сярод заснавальнікаў новага саюзу быў і шэраг сябраў існуючага СБП, Мікалай Чаргінец заклікаў іх вызначыцца, у якім саюзе заставацца, паведаміў віцебскі паэт Алег Салтук.

(Салтук: ) “Нам далі, як кажуць, падумаць. Кожны будзе вырашаць, што яму больш па душы, больш да творчасьці, і тое, што яму будзе і сьвяціць і грэць”.

Спадар Салтук мяркуе, што раскол у пісьменьніцкім асяродку пайшоў з ідэйных перакананьняў. Адчуваючы падтрымку ўладаў, некаторыя дэлегаты зьезду меркавалі, што іх саюз зможа прэтэндаваць на Дом літаратара і іншую маёмасьць. Але на самім зьезьдзе гаворкі на гэты конт не было. Іншыя дэлегаты настойвалі на тым, што новы саюз павінен быць дзяржаўна-грамадзкай арганізацыяй — як БРСМ.

(Дэлегат: ) “Гэта будзе саюз патрыятычны, я так мяркую, што ён адрозьніваецца тым, што там глядзяць на Захад, а мы будзем глядзець на ўсход і на Беларусь”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG