Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Зялёная машына” далучыць дзяцей у бедных краінах да інфармацыйнага прагрэсу


Сяргей Шупа, Прага У Злучаных Штатах створаны пераносны кампутар коштам 100 даляраў, прызначаны для ўжытку ў найбяднейшых краінах сьвету. Спэцыялісты з Масачусэцкага Тэхналягічнага Інстытуту прадставілі свой новы лэптоп на інфармацыйным саміце ААН, які сёньня завяршаецца ў Тунісе. Распрацоўнікі танных кампутараў спадзяюцца, што іх закупяць міністэрствы адукацыі бедных краінаў і будуць бясплатна раздаваць іх дзецям, каб тыя далучыліся да інфармацыйнага прагрэсу.

Стодаляровы лэптоп памерам са школьны падручнік быў прэзэнтаваны ўчора кіраўніком лябараторыі мас-мэдыяў Масачусэцкага Тэхналягічнага Інстытуту Нікаласам Нэграпонтэ. Паводле яго, гэткія кампутары дапамогуць скараціць тэхналягічную прорву паміж багатымі і беднымі краінамі сьвету.

(Нэграпонтэ: ) “Мы сапраўды верым, што зможам забясьпечыць гэтымі кампутарамі сотні тысячаў дзяцей ва ўсім сьвеце. Мы абяцаем урадам, што сто даляраў – не мяжа, кошт будзе зьніжацца і далей. Кожны тэхнічны прарыў у наступныя гады пойдзе на карысьць дзецям, бо дазволіць зьніжаць кошты. Галоўнае, што мы зрабілі вельмі трывалую машыну, якая спажывае вельмі мала энэргіі. Вось чаму, перш за ўсё, я прэзэнтую вам гэтую мадэль”.

Сваё зацікаўленьне праектам ужо выказалі Бразылія і Тайлянд, цяпер ідуць перамовы з Кітаем і Эгіптам.

Генэральны сакратар ААН Кофі Анан успрыняў праект з энтузіязмам і пабачыў у ім абяцаньне сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця для дзяцей у бедных краінах сьвету.

(Анан: ) “Тут справа ня толькі ў тым, што дзецям падаруюць кампутары – гэта будзе для іх як нейкае чарадзейства. Чарадзейства жыве ў душы кожнага дзіцяці, зь якога пасьля вырасьце навуковец, дасьледнік або і звычайны грамадзянін. Вось жа гэтая ініцыятыва і задуманая на тое, каб заахвоціць гэтыя чарадзейныя сілы”.

Кампутар, які з-за свайго колеру атрымаў мянушку “зялёная машына”, працуе на апэрацыйнай сыстэме Linux, мае каляровы экран, на ім можна будзе рабіць практычна ўсё, апрача захаваньня дадзеных вялікага аб''ёму.

Прафэсар Нэграпонтэ выказаў спадзяваньне, што да 2007 году будзе выраблена да 100 мільёнаў “зялёных машын”. Пра сваё зацікаўленьне праектам ужо заявілі некалькі найбуйнейшых фірмаў, аднак канчатковыя кантракты яшчэ не падпісаныя
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG