Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: наколькі вядомы ў Віцебску Аляксандар Мілінкевіч?


Браніслава Станкевіч, Віцебск Прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч, працягваючы сваю інфармацыйную кампанію, пабываў заўчора ў Полацку й Наваполацку. Наколькі вядомая на Віцебшчыне асоба Мілінкевіча? З гэтым пытаньнем нашая карэспандэнтка зьвярнулася да жыхароў Віцебску.

(Карэспандэнтка:) “Ці чулі Вы пра кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча?”

(Спадар: ) “Зразумела, чуў. Ведаю пра яго з “Нашай нівы”, але, вядома ж , не зь дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце Вы, што ён заўчора выступаў перад жыхарамі Полацку?”

(Спадар: ) “Не, ня ведаю, што выступаў”.

(Карэспандэнтка: ) “А каб ведалі загадзя, то ці паехалі б на тую сустрэчу?”

(Спадар: ) “Каб быў вольны, дык і паехаў бы. Мне цікава”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі б Аляксандар Мілінкевіч прыехаў у Віцебск, ці пайшлі б Вы да яго на сустрэчу?”

(Хлопец: ) “Вядома, пайшоў бы! Мне цікава паглядзець на чалавека, які будзе рэальна прэтэндаваць на прэзыдэнцкую пасаду. Чакаем яго ў Віцебску!”

(Карэспандэнтка: ) “Як на Вашую думку, такія паездкі – гэта адзіны шлях, каб людзі маглі пазнаёміцца з апазыцыйным прэтэндэнтам?”

(Хлопец: ) “Я думаю, каб у яго быў доступ да тэлевізіі, мы б хутчэй пазнаёміліся зь ім”.

(Спадар: ) “На цяперашні момант гэта, бадай, адзіны шлях: езьдзіць і сустракацца зь людзьмі. Таму што варункі, у якіх мы жывём, не спрыяюць нармальнай піяр-кампаніі будучага кандыдата”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці чулі Вы пра Аляксандра Мілінкевіча?”

(Спадарыня: ) “А хто гэта такі?”

(Карэспандэнтка: ) “Гэта прэтэндэнт ад аб’яднанай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта краіны”.

(Спадарыня: ) “Ніколі ня чула. Вось Лукашэнку я ведаю, ён кожны дзень па тэлевізары выступае. А каго яшчэ выбіраць?”

(Карэспандэнтка: ) “Ці ведаеце Вы пра апазыцыйнага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча?”

(Спадар: ) “Чуў”.

(Карэспандэнтка: ) “У Віцебску, на Вашую думку, яго асоба шырока вядомая?”

(Спадар: ) “Я думаю, не. Па-першае, ён з Горадні, а па-другое, пра яго мала інфармацыі ў СМІ, у дзяржаўнай прэсе”.

(Дзяўчына: ) “А я нават біяграфію ягоную чытала – мне цікава было. Ну, і чула, што яго абралі адзіным кандыдатам”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці хацелі б Вы трапіць на сустрэчу зь ім?”

(Дзяўчына: ) “Паслухаць, што ён скажа? Напэўна, хацела б”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось заўчора такая сустрэча прайшла на Полаччыне. Вы пра гэта ведаеце?”

(Дзяўчына: ) “Не”.

Пра тое, чаму жыхары Віцебску мала ведаюць пра візыт Аляксандра Мілінкевіча на Полаччыну, разважае кіраўнік абласнога штабу прэтэндэнта ад аб’яднанай апазыцыі Хрыстафор Жаляпаў:

(Жаляпаў: ) “Гэта наша памылка, што мы інфармацыю далі толькі палачанам і новапалачанам – пра тое, што ў іх будзе Аляксандар Мілінкевіч. Пра гэта могуць даведацца таксама тыя, хто карыстаецца незалежнымі сродкамі масавай інфармацыі, да прыкладу, слухае Радыё Свабода”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці прысутнічалі на тых сустрэчах журналісты афіцыйных СМІ?”

(Жаляпаў: ) “Афіцыйныя не прысутнічалі. Была, праўда, адна афіцыйная відэакамэра ў Полацку, калі мы сустракаліся на кірмашы. Але ж вы разумееце, для якой установы яна здымае матэрыялы! Гэта не для ўсіх людзей!”

Спадар Жаляпаў паведаміў, што жыхары ўсяго віцебскага рэгіёну, якія хацелі б сустрэцца з Аляксандрам Мілінкевічам, у хуткім часе будуць мець такую магчымасьць.

(Жаляпаў: ) “Абавязкова! Але гэта будзе ў сьнежні. Ён прыедзе на некалькі дзён у Віцебскую вобласьць, пабывае ў сельскіх раёнах, а таксама ў Віцебску”.
XS
SM
MD
LG