Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявіўся сайт Аляксандра Мілінкевіча www.milinkevich.org


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня прэзэнтаваны вэб-сайт кандыдата аб’яднанай апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча. У перадвыбарчым штабе прэтэндэнта лічаць гэта вельмі важным ва ўмовах далейшага ўціску незалежных газэт у Беларусі.

Распрацоўнікі сайту Аляксандра Мілінкевіча паведамілі, што некаторыя дамэны са словам “milinkevich” (milinkevich.com; milinkevich.info) былі зарэгістраваныя адразу пасьля Кангрэсу дэмакратычных сілаў невядомымі фізычнымі асобамі зь Беларусі. Зь імі спрабавалі зьвязацца, але марна, таму ў штабе Аляксандра Мілінкевіча мяркуюць, што далей, у часе выбарчай кампаніі, ад іх можна будзе чакаць і правакацыяў. Тым ня менш, камандзе Аляксандра Мілінкевіча ўдалося зарэгістраваць больш за дзясятак дамэнаў са словамі milinkevich і elections2006. Галоўны ж адрас адзінага кандыдата ў інтэрнэце — www.milinkevich.org.

На сайце зьмешчаныя навіны выбарчай кампаніі, дакумэнты аб’яднанай апазыцыі, біяграфічныя зьвесткі пра Мілінкевіча, фотагалерэя, стала дзейны форум з кандыдатам. Праз сайт можна таксама далучыцца да агульнабеларускай каманды валянтэраў. Кіраўнік прэсавай службы кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Сяргей Вазьняк зазначыў, што на Інтэрнэт асаблівы разьлік:

(Вазьняк: ) “Асабліва цяпер, калі ўлада перад выбарамі пачала новую кампанію атакаў на незалежныя газэты. Калі параўнаць з прэзыдэнцкімі выбарамі 2001 году, колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэту павялічылася на парадак”.

Аляксандар Мілінкевіч прызнаў, што магчымасьці запаўняць інфармацыйную прастору ў апазыцыі цяпер абмежаваныя, але яны ёсьць. Апрача Інтэрнэту, які ён зьбіраецца выкарыстоўваць напоўніцу, стаўка робіцца і на незалежную прэсу:

(Мілінкевіч: ) “Мы б хацелі павялічваць наклады тых газэт, якія ёсьць, і цэнтральных, і рэгіянальных, і дапамагаць гэтым газэтам у распаўсюдзе. Другое — дапамагчы тым бюлетэням і малым газэткам, якія традыцыйна існуюць у рэгіёнах. Яны адыгрывалі значную ролю ў 2001 годзе, тады іх было больш за 300”.

Акрамя таго, спадар Мілінкевіч зазначыў, што існуе праект аднаўленьня камбінаванага выданьня “Тут і цяпер”, якая друкавала цэнтральныя і мясцовыя навіны ў кожным рэгіёне.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што пасьля новага году яна будзе выходзіць, і нам вельмі важна, каб гэтая газэтка мела надзвычай вялікі наклад, хаця б паўмільёна. Для распаўсюду ў нас ёсьць сілы, гэта рэгіянальная грамадзянская супольнасьць”.

Спадар Мілінкевіч таксама паведаміў, што ягоныя паездкі па Беларусі будуць актыўна працягвацца, іх мэта — кансалідацыя апазыцыйнага актыву і наладжваньне дыялёгу з патэнцыйнымі выбаршчыкамі. У сувязі з тым, што на некаторых удзельнікаў гэтых сустрэчаў у рэгіёнах пачаўся ціск з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў і ВНУ, спадар Мілінкевіч заявіў, што будуць знойдзеныя захады ўзьдзеяньня на такіх чыноўнікаў. Акрамя таго, ён лічыць патрэбным стварыць фонд падтрымкі рэпрэсаваных актывістаў, які аплачваў бы ім магчымыя штрафы, паслугі адвакатаў у судах, разавыя выплаты ў выпадку звальненьня і спрыяў бы ўладкаваньню на навучаньне за мяжой студэнтаў, выключаных зь беларускіх ВНУ паводле палітычных матываў.

Зьнешнія спасылкі: • www.milinkevich.org
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG