Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень студэнтаў


Галіна Абакунчык, Менск Гэты дзень быў устаноўлены ў 1946 годзе на Ўсясьветным кангрэсе студэнтаў у Празе. Дзень студэнтаў адзначаецца ў памяць аб чэскіх студэнтах-патрыётах, расстраляных нямецкімі нацыстамі 17 лістапада 1939 году ў акупаванай Чэхаславаччыне.

“Студэнты ўсталі з-за парты – пайшоў у адстаўку прэзыдэнт Сухарта”, – гэты сказ зьявіўся неўзабаве пасьля палітычнага ўзрушэньня ў Інданэзіі, калі ў выніку масавых студэнцкіх хваляваньняў у адстаўку падаў прэзыдэнт краіны. Менавіта пратэсты студэнтаў у розныя гады сталіся пачаткам палітычных пераменаў у Францыі, Нямеччыне, Кітаі, Ангельшчыне й шэрагу іншых краінаў.

Наколькі палітычна актыўныя цяперашнія беларускія студэнты? Пра гэта пытаюся ў студэнтаў менскіх ВНУ на вуліцах сталіцы.

(Юначка: ) “Грамадзкая актыўнасьць студэнцтва, безумоўна, ёсьць, але не даюць ёй добра разгарнуцца. Бо такая палітычная сытуацыя: калі апазыцыя мае вельмі стрыманыя правы”.

(Юначка: ) “Вядома, актыўныя. Калі ўлічыць, колькі ў Менску розных акцыяў адбываецца... Большасьць на гэтых акцыях – студэнты”.

(Юначка: ) “У асноўным актыўныя. Але многае залежыць ад мясцовасьці і факультэту”.

(Спадар: ) “Я выкладчык і крыху ведаю студэнтаў. Думаю, што грамадзкая пазыцыя нашых студэнтаў схаваная ўнутры. Колькасьцю – яны так, прадстаўнічыя. Але вось сваімі ўчынкамі, марамі й дзеямі – яны больш пасіўныя”.

Ня надта актыўным удзел беларускага студэнцтва ў грамадзкім і палітычным жыцьці краіны лічыць колішняя старшыня Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Вольга Кузьміч. Прычына гэтага – перасьлед і адміністрацыйны ціск кіраўніцтва ВНУ. ЗБС – супольнасьць, якая адстойвае правы студэнтаў і ўдзельнічае ў грамадзка-палітычных акцыях. У склад гэтай структуры ўваходзіць ня больш за тысячу чалавек, прычым пераважная бальшыня іх – навучэнцы дзяржаўных установаў, кажа спадарыня Кузьміч.

(Кузьміч: ) “Таму што ў недзяржаўных ВНУ студэнты, пэўна, больш прагматычныя. Яны жывуць сваім студэнцкім жыцьцём, як і большасьць эўрапейскіх студэнтаў. А вось у дзяржаўных ВНУ нашмат больш выпадкаў парушэньня правоў студэнтаў, і адтуль прыходзіць нашмат больш людзей актыўных у грамадзкіх пляне. Самі па сабе студэнты – актыўная частка грамадзтва, але яны ня так часта далучаюцца да нейкай дзейнасьці, бо ёсьць шэраг перашкод. Было некалькі выпадкаў, калі вельмі актыўна адміністрацыі ВНУ ціснулі на сяброў ЗБС, а аднойчы нават выключылі студэнта. Таму й грамадзкая актыўнасьць вельмі слабая”.

Тое, што зьяўленьне ў Беларусі недзяржаўных вышэйшых навучальных установаў не паўплывала на рост колькасьці палітычна актыўнага студэнцтва, прызнае таксама дырэктар зачыненага ўладамі Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас.

(Колас: ) “На вялікі жаль, стан актыўнасьці беларускага студэнцтва выклікае занепакоенасьць. Рэч у тым, што сыстэма, падмурак якой быў закладзены яшчэ за сталінскім часам, нават у падсьвядомасьці прафэсарскага складу, выкладчыкаў, адміністрацыяў ВНУ працягвае самааднаўляцца. І ўсё гэта ўплывае на цяперашняе становішча ў студэнцкім асяродку: поўная залежнасьць студэнтаў ад рэктарату, ад дэканату, выкладчыка і гэтак далей. На жаль, тое самае і ў большасьці недзяржаўных ВНУ, паколькі яны таксама забясьпечаныя кадрамі той, савецкай, школы. Гэта ўвогуле праблема нашага грамадзтва, і гэтай асаблівасьцю карыстаюцца цяперашнія ўлады, хоць і самі ёсьць прадуктам той сыстэмы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG