Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга “Міндаў кароль Літовіі...”


Альгерд Невяроўскі, Менск У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай Акадэміі навук адбылася прэзэнтацыя кнігі пад назваю “Міндаў кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях”. Яе аўтар, гісторык і філёляг Алесь Жлутка пераклаў з лацінскай мовы і ўклаў у публікацыю некалькі дзясяткаў дакумэнтаў, што тычацца дзейнасьці першага караля Літвы, з архіву Ватыкану, Прускага архіву ў Бэрліне, а таксама архіву Лівонскага ордэну ў Рызе. Экспэрты адзначаюць надзвычай высокі навуковы і гістарычны ўзровень кнігі спадара Жлуткі.

Аўтар кнігі, супрацоўнік Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Алесь Жлутка некалькі гадоў прысьвяціў збору матэрыялаў пра першага і апошняга караля старадаўняй Літвы ў Ватыканскім таемным архіве, Дзяржаўным таемным архіве прускай культурнай спадчыны ў Бэрліне і Латвійскім дзяржаўным архіве, дзе месьцяцца зборы дакумэнтаў Лівонскага ордэну і Рыскага магістрату.

Усе гэтыя дакумэнты тычацца жыцьця і дзейнасьці караля Міндоўга, і ўсе яны напісаныя на лацінскай мове. Пра тое, як паўстала ідэя напісаньня кнігі, распавядае Алесь Жлутка:

(Жлутка: ) “Задума выдаць дакумэнты Міндава паўстала яшчэ на пачатку 1990-х гадоў, калі я пачаў працаваць у Скарынаўскім цэнтры. І дзякуючы яго кіраўніку Адаму Мальдзісу пашчасьціла пабываць у Ватыканскім таемным архіве, дзе я здолеў апрацаваць гэтыя дакумэнты. Пасьля гэтага мінуў нейкі час і рукі не даходзілі да таго, каб ізноў узяцца за гэтыя дакумэнты. І толькі ў сувязі з падрыхтоўкай да 750-годзьдзя каранацыі караля Міндоўга я ізноў вырашыў узяцца за гэтую працу. І так Бог даў, што ў гэтай працы вельмі дапамаглі людзі”.

Пры дапамозе супрацоўнікаў беларускіх амбасадаў у Нямеччыне й Латвіі Алесь Жлутка атрымаў фотакопіі дакумэнтаў пра літоўскага караля, што месьцяцца ў тамтэйшых архівах.

Паводле спадара Жлуткі, укладаючы гэтую гістарычную кнігу, ён адмыслова дапусьціў трохі архаічную лексыку і нерэфармаваны беларускі правапіс. Імя караля і дзяржавы пададзеныя так, як яны пісаліся ў старажытных лацінскіх дакумэнтах. Адсюль і назва – “Міндаў кароль Літовіі”.

Надзвычай высокі навуковы ўзровень кнігі адзначалі яе рэцэнзэнты, дактары гістарычных навук Георгі Галенчанка і Юры Бохан, кандыдат навук Алесь Груша, а таксама галоўны рэдактар выдавецтва “Тэхналёгія”, дзе выйшла кніга, Зьміцер Санько. Старшыня Дзяржкамітэту па архівах і справаводзтву Ўладзімер Адамушка заклікаў працягваць дасьледаваць невядомыя дакумэнты беларускай гісторыі.

На думку доктара філялёгіі Івана Саверчанкі, выхад "Міндава караля Літовіі" мае й істотнае палітычнае значэньне:

(Саверчанка: ) “Гэта мае бясспрэчнае палітычнае значэньне. Яшчэ дыскусіі пра лёс беларускай нацыі, канечне, не закончыліся. І гэта будзе сур''ёзьнейшы аргумэнт у дыскусіі пра пэрспэктывы беларускай нацыі, пра пэрспэктывы беларускай дзяржавы ў сьвеце. Пра яе ролю, пра яе значэньне, пра яе месца ў эўрапейскай прасторы і ў трансатлянтычнай супольнасьці народаў”.

Яшчэ адзін навуковец-філёляг Язэп Янушкевіч лічыць, што да такой фундамэнтальнай працы, якую зрабіў Алесь Жлутка, дасьледчыкі будуць зьвяртацца і праз дзесяцігодзьдзі. Язэп Янушкевіч і паэт Уладзімер Някляеў таксама сказалі, што гістарычна-навуковая кніга надасьць натхненьне таксама і мастацкім творцам.

Кніга “Мінадаў кароль Літовіі” складаецца з уласна лістоў літоўскага караля, лістоў у адказ рымскіх папаў, пазьнейшых сьведчаньняў і камэнтароў. Кніга выйшла невялікім накладам у 250 асобнікаў, і ў кнігарнях яе ўжо амаль ня знойдзеш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG