Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ніва”: У Беларусі фармуецца пятая калёна


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. На Беласточчыне працягваецца дыскусія ў справе ўвядзеньня ў праваслаўных хамах набажэнстваў на польскай мове. Беларусы пратэстуюць, але царкоўныя герархі заяўляюць, што іншага выхаду няма – вернікі павінны разумець, што да іх гавораць сьвятары. “Не саромцеся сваёй мовы” – гэта артыкул пра царкоўныя сьвяткаваньні ў гонар пакутніка Дзьмітрыя Салунскага, што адбываліся ў мінулым тыдні ў прыхадзкой царкве ў вёсцы Сакі што на Беласточчыне. У ім таксама закранаецца пытаньне мовы.

У часе сьвяточных мерапрыемстваў, адзін з паважаных сьвятароў, айцец Яўген зьвярнуўся да вернікаў з заклікам захаваць родную мову.

“Не саромцеся сваёй мовы. Мова наша ня горшая за іншыя. Вучыце дзяцей размаўляць на роднай мове, бо чужую навучацца яны ў школе разам з ангельскай, нямецкай і іншымі. Без сваёй мовы мы будзем засыхаць як расьлінкі без каранёў”, -- сказаў вернікам айцец Яўген Кахановіч.

Між тым сталы аўтар “Нівы” Уладзімір Хільмановіч піша, што апошнія падзеі ў Францыі, як гэта не нечакана гучыць, могуць быць урокам і для Беларусі. Паводле спадара Хільмановіча, гэтыя праблемы блізкія беларусам, бо гаворка ідзе пра “размываньне нацыянальнай тоеснасьці”.

“У сярэдзіне 90-х у Беларусь валам хлынулі “цэнныя кадры” – розныя выкладчыкі навуковага камунізму і палітычный эканоміі, вайскоўцы. Іншымі словамі, ўся тая публіка, якая не хацела мірна і арганічна ўжывацца ў літоўскае ці латыскае грамадзтва. Бо там жа трэба было вучыць дзяржаўную мову, там судзяць злачынцаў-чэкістаў. Лішне казаць, што такіх бальшавіцкіх “адмыслоўцаў” чакалі пасады на катэдрах беларускіх унівэрсытэтаў і тэхнікумаў, кватэры і павага. У Беларусь едуць і з расейскіх бязьмежных прастораў, у а пэрспэктыве гэтак жа на нашу краіну могуць скіраваць найбольш саветызаванае насельніцтва Калінінградзкай вобласьці. Вось так спакваля, непрыкметна, у нашай краіне фармуецца пятая калёна, якая зацята ненавідзіць усё беларускае,” -- напісаў Уладзімір Хільмановіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG