Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім “чорнарабочым” прапанавалі зьмяніць геаграфічныя прыярытэты


Ігар Карней, Менск Улады Латвіі выказалі намер прыцягваць у якасьці так званых “гастарбайтэраў” грамадзян Беларусі і Ўкраіны. Такі крок тлумачыцца тым, што з адкрыцьцём эўрапейскіх межаў дзесяткі тысячаў грамадзян Латвіі ад’ехалі на заробкі ў іншыя краіны Эўразьвязу. Вакантнымі засталіся, перадусім, спэцыяльнасьці, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі. Іх прапануецца заняць ня вельмі пераборлівым беларусам і ўкраінцам. Яшчэ раней жаданьне прыцягваць працоўную сілу з Беларусі выказала Літва. Перадае Ігар Карней.

Паводле статыстычных дадзеных ўраду Латвіі, больш за 50 тысячаў грамадзянаў гэтай краіны цягам двух апошніх гадоў выехалі на заробкі ў іншыя дзяржавы Эўразьвязу. Неафіцыйна агучваецца лічба яшчэ большая – 150 тысячаў чалавек. Дзясяткі тысячаў вакантных месцаў і ў Літве.

Як паведамілі мне ў адным з рыскіх бюро працаўладкаваньня, усё больш латыскіх працадаўцаў цікавяцца магчымасьцямі ўвозу ў Латвію “гастарбайтараў” зь іншых краінаў – найперш, Беларусі і Ўкраіны. Расказвае Вераніка Лібэка.

(Лібэка:) “Працаваць няма каму, па сутнасьці. Адны і тыя ж людзі “тусуюцца” нават у гатэльным бізнэсе. Дайшло да таго, што нават абслугу ўжо пераманьваюць з гатэлю ў гатэль. Цяпер вельмі актыўна пачынаюць будавацца вытворчыя прадпрыемствы, і ў самым блізкім часе можна чакаць сапраўднага буму ў попыце на працоўную сілу. А свайго рынку ўжо не хапае, бо латышы пазьяжджалі на заробкі ў Эўразьвяз. Дарэчы, землі вельмі актыўна скупляюць расейцы, эстонцы, літоўцы; будуюць там дамы і заводы. Таму асноўная запатрабаванасьць – у будаўніцтве і дрэваапрацоўчай галіне, бо лес адпраўляецца далей праз латыскія порты. Увогуле, Латвія больш за астатніх прыняла інвэстыцый з-за мяжы. Усе тут, апроч саміх латышоў”.

Калі ў Латвіі хутка запатрабуюцца будаўнікі, то Літва, перадусім, запрашае кіроўцаў грузавых аўтамабіляў і гандляроў у крамы.

Тым часам асноўнай краінай, куды беларусы едуць на заробкі, застаецца Расея. Аднак адсутнасьць усялякіх сацыяльных гарантый, праца без юрыдычна замацаваных кантрактаў і праблемы з рэгістрацыяй робяць паездкі ў Маскву ды іншыя расейскія гарады ўсё больш небясьпечнымі. Ці могуць стаць прымальнай альтэрнатывай умовы, якія апошнім часам прапануюць беларусам суседнія Латвія і Літва? Былы машыніст аршанскага дэпо Андрэй Аўсянкін кажа, што, натуральна, аддаў бы перавагу цывілізаваным умовам – расейскі досьвед часта бывае сумны.

(Аўсянкін: ) “У мяне надзвычайных сытуацый у Расеі не было, але хлопцы расказваюць вельмі шмат гісторый, калі працуюць два, тры, пяць месяцаў і вяртаюцца адтуль з тым, што хапае толькі на квіток дадому. Іншымі словамі, іх проста “кідаюць”. У мяне яшчэ такой сытуацыі не было і, дай Бог, ня будзе”.

Спадара Аўсянкіна засмучае хіба тое, што мінімальны заробак у Латвіі ці Літве прапануецца амаль ідэнтычны расейскаму. Аднак з улікам высокага кошту жыцьця ў Літве і яшчэ большага ў Латвіі заашчадзіць будзе досыць праблематычна. У латыскіх фірмах працаўладкаваньня на гэта адказваюць: выдаткі на “гастарбайтараў” досыць істотныя, таму прапанаваць высокія заробкі пакуль складана. Паводле заканадаўства, мінімальны заробак ня можа быць меншым за 212 латаў (блізу 400 даляраў). Да таго ж, на кожнага запрошанага прадугледжаны падатак памерам 35 латаў за месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG