Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: "Будзем езьдзіць, езьдзіць і езьдзіць"


Юрась Бушлякоў, Прага Госьць ранішняга эфіру – кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах наступнага году Аляксандар Мілінкевіч.

(Бушлякоў: ) “На мінулым тыдні Аляксандар Мілінкевіч правёў шэраг сустрэч у Маскве, а таксама пачаў інфармацыйную кампанію у Беларусі – пачаў з паездак у Баранавічы і Салігорск. Сёньня спадар Мілінкевіч адправіўся на Полаччыну. Аляксандар, добры дзень...”

(Мілінкевіч: ) “Добры дзень”.

(Бушлякоў: ) “Якія ў Вас цяпер будныя дні? Як зьмяніўся, калі зьмяніўся, лад жыцьця, тэмп жыцьця пасьля таго, як дэлегаты Кангрэсу дэмакратычных сілаў абралі вас адзіным кандыдатам?”

(Мілінкевіч: ) “Працы вельмі шмат. Першы месяц мы прысьвяцілі арганізацыйным пытаньням – стварэньню нашых штабоў па ўсёй краіне. Гэтая праца больш-менш скончылася, і цяпер пачаліся паездкі па рэгіёнах. Мы плянуем наведваць перш за ўсё буйныя раённыя цэнтры. Абласныя цэнтры, сталіцу пакідаем на пазьнейшы час”.

(Бушлякоў: ) “Сустрэчы пераважна маюць спантанны характар?”

(Мілінкевіч: ) “Не, гэтыя сустрэчы рыхтуюцца нашымі актывістамі. Сустрэчы праходзяць каля прахадных мясцовых заводаў, сустракаліся са студэнтамі, бывалі на рынках, праводзілі сустрэчы з актывістамі нашымі, з інтэлігенцыяй. Гэта самыя розныя сустрэчы. Вядома, яны павінны быць падрыхтаваныя, тады эфэктыўнасьць іх значна большая”.

(Бушлякоў: ) “Асноўны спосаб – гэта “ад гораду да гораду”?

(Мілінкевіч: ) “Так, мы кажам заўсёды “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, а сёньня – ад гораду да гораду. Гэта правільная фармулёўка”.

(Бушлякоў: ) “Ці адчуваеце Вы падвышаную ўвагу з боку органаў бясьпекі, праваахоўчых органаў?”

(Мілінкевіч: ) “Яны ўвесь час нас суправаджаюць. Звычайна гэта “Жыгулі” з зацемненымі вокнамі – гэта спэцслужбы, а міліцыя таксама сядзіць у сваіх уазіках. Але моцна не перашкаджаюць. Фактычна такое пасіўнае суправаджэньне, назіраньне, рэгіструюць гэта ўсё на камэру. Апэратары ходзяць блізка і здымаюць людзей. Я думаю, што гэта дзеля таго, каб іх маральна зьбянтэжыць".

(Бушлякоў: ) “Перад тым як пачаць інфармацыйную кампанію ў Беларусі, Вы пабывалі на мінулым тыдні ў Маскве. Наколькі ўдалася тая паездка ў Маскву? Ці вярталіся Вы адтуль з адчуваньнем, што Вас зразумелі?”

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што паездка была вельмі эфэктыўнай у тым сэнсе, што ў Маскве нам удалося зрабіць першыя крокі, каб разбурыць вядомы міт, які стварае Лукашэнка, гаворачы, што апазыцыя, дэмакратычныя сілы – гэта русафобы, што гэтыя людзі як прыйдуць, дык адразу кітайскую сьцяну паміж краінамі пабудуюць. І мы зь Сяргеем Калякіным прысьвячалі найбольш увагі менавіта гэтаму пытаньню. Мы казалі, што антырасейскі палітык у Беларусі ня мае шанцаў выйграць выбары ў 2006 годзе, што, наадварот, мы можам пабудаваць з Расеяй лепшыя адносіны, перш за ўсё эканамічныя, што мы больш прадказальныя і больш дамоваздольныя”.

(Бушлякоў: ) “Шмат хто зьвярнуў увагу на заяву Міністэрства замежных справаў Расеі, якое ў той самы дзень, калі Вы былі ў Маскве, напісала, што ня лічыць Беларусь праблемнай зонай у сэнсе дэмакратыі. Вас гэтая заява не засьпела зьнянацку?”

(Мілінкевіч: ) “Я ня думаю, што пазыцыя Масквы, адносіны да дэмакратычных сілаў у адзін дзень могуць зьмяніцца. Гэта працэс, і ёсьць і такая пазыцыя – што на Беларусі ўсё нармальна. І мы казалі, што нам сумна, калі расейскія партнэры прыяжджаюць на выбары і амаль ў адзіноце кажуць, што выбары выдатныя, найлепшыя выбары на сьвеце, а ўсе іншыя краіны, дэмакратычныя, кажуць, што парушаюцца правы чалавека, канстытуцыя, выбарчае права”.

(Бушлякоў: ) “Сёньня вы будзеце на Полаччыне. Што далей, якія далейшыя пляны?

(Мілінкевіч: ) “Мы хочам яшчэ пабываць і ў вёсках, таму што ня толькі ў гарадах ёсьць людзі, якія будуць за нас галасаваць. Потым зробім пэўны перапынак, прааналізуем сытуацыю і будзем езьдзіць, езьдзіць і езьдзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG