Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч праводзіць сустрэчы на Полаччыне


Вінцэсь Мудроў, Полацак Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Мілінкевіч працягвае паездкі па краіне. Днямі Мілінкевіч наведаў Баранавічы і Салігорск, а сёньня яго чакаюць на Полаччыне.

Праграма сёньняшняга візыту даволі разнастайная. Пачнецца яна а дзявятай гадзіне сустрэчай з дробнымі прадпрымальнікамі на галоўным полацкім кірмашы. Спадар Мілінкевіч плянуе таксама сустрэцца са студэнтамі мясцовага ўнівэрсытэту, наведаць адну з паліклінік, пагутарыць з рабочымі актывістамі ля прахадной аднаго з наваполацкіх прадпрыемстваў (канкрэтнага адрасу па просьбе рабочых не называю); апроч таго, заплянавана сустрэча зь вернікамі пратэстанцкай і грэка-каталіцкай цэркваў. Аляксандар Мілінкевіч хоча таксама завітаць у Наваполацкі гарвыканкам. А ўвечары мае адбыцца сустрэча адзінага кандыдата з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадзкасьці Наваполацку.

Мясцовыя дэмакраты пачалі ўжо падрыхтоўку да выбарчай кампаніі. Сьведчаньнем таму – сфармаваныя гарадзкія штабы ў падтрымку Аляксандра Мілінкевіча. У Полацку яго ачоліў пэкабовец Леанід Карпішын, а ў Наваполацку сябар Партыі БНФ Васіль Храмцоў.

(Храмцоў: ) “Па сутнасьці, у наваполацкім штабе пачалася ўжо праца. Першае, што мы робім, гэта рыхтуем сустрэчу з Аляксандрам Мілінкевічам. Увогуле, ужо выпрацавалі асноўныя кірункі дзейнасьці, прызначылі прыкладна палову кіраўнікоў групаў, якія будуць адказваць за канкрэтны кірунак”.

Днямі мы правялі апытаньне мінакоў на наваполацкіх вуліцах. Пыталіся, ці ведаюць яны, хто такі Аляксандар Мілінкевіч. Станоўча адказвалі адзінкі. Так што асноўны на сёньня – інфармацыйны кірунак. Пры гэтым новапалачане, не марнуючы часу, саматугам наладзілі выпуск рознага кшталту інфармацыйных улётак. Гаворыць Васіль Храмцоў:

(Храмцоў:) “Мы ўжо вядзем распаўсюджваньне невялічкіх інфармацыйных улётак, інфармацыйных бюлетэняў пра Аляксандра Мілінкевіча, пра ягоныя погляды, грамадзкую дзейнасьць, пра ягонае жыцьцё”.

Хто ўвайшоў у склад наваполацкага штабу? Гэтае пытаньне я задаў старшыню наваполацкай арганізацыі Партыі БНФ Аляксею Трубкіну.

(Трубкін:) “Аснову штабу складаюць сябры Беларускага народнага фронту, аднак на сёньняшні дзень гаворка ідзе пра кансалідацыю ўсіх дэмакратычных сілаў. Таму ў штаб увайшлі і камуністы, і грамадоўцы, і прадстаўнікі іншых партыяў. Ужо былі тры паседжаньні, сфармавалі структуру штабу. Яшчэ хачу сказаць, што спадар Мілінкевіч вельмі правільна робіць, што едзе ў рэгіёны. Бо толькі ў сумоўі з простымі людзьмі можна дасягнуць посьпеху”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG