Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: Расея парушае прынцып адзінай мытнай прасторы


Юлія Шарова, Менск Беларускае Міністэрства замежных справаў заяўляе, што Расея парушае прынцып адзінай мытнай прасторы. Для беларускага цукру уведзена мытнае афармленьне: расейцы падазраюць, што на іх рынак трапляе трысьняговы белы цукар, які па сутнасьці зьяўляецца таварам з трэціх краінаў.

Экспэртыза дастаўленага цукру – гэта фактычна праява недаверу да тых сэртыфікатаў і суправаджальных дакумэнтаў, якія выдаюць упаўнаважаныя беларускія ўстановы, у прыватнасьці Беларуская гандлёва-прамысловая палата, паведамляе “Інтэрфакс” са спасылкай на экспэртаў МЗС. Таксама прадстаўнікі беларускага замежнапалітычнага ведамства зьвяртаюць увагу на тое, што неабходнасьць дэкляраваць цукар у адным толькі мытным пункце прывядзе да павелічэньня транспартных выдаткаў. Гэта зробіць беларускую прадукцыю неканкурэнтаздольнай на расейскім рынку.

Аднак прадстаўнікі МЗС усё ж прызнаюць, што з пункту гледжаньня двухбаковых пагадненьняў Расея нічога не парушае: абмежавальныя захады нельга клясыфікаваць як антыдэмпінгавыя, спэцыяльныя абарончыя ці кампэнсацыйныя.

Расея сапраўды не парушае ніякіх двухбаковых пагадненьняў, лічаць у расейскім Міністэрстве эканамічнага разьвіцьця. Сэртыфікаты, якія выдаюць беларускія ўстановы ды ведамствы, пад сумнеў ня ставяцца. Аднак мытная статыстыка ўсё ж паказвае, што аб’ёмы паставак цукру ў Расею перавышаюць фактычны аб’ём беларускай вытворчасьці. Так, у 2002 годзе перавышэньне экспарту над аб’ёмамі вытворчасьці цукру склала 140,9 тысячаў тонаў. У 2003 годзе – 72 тысячы тонаў.

Гаворыць супрацоўнік прэсавай службы расейскага Мінэканомразьвіцьця Канстанцін Багданаў:

(Багданаў: ) “Існуюць таксама яшчэ такія моманты, што, напрыклад, у 2005 годзе 138,6 тысячаў тонаў цукру зь Беларусі былі заяўленыя як транзытныя – у прыватнасьці ў Туркмэнію, ва Ўзбэкістан, Казахстан, Кіргізстан. Аднак, паводле нашых зьвестак, у гэтыя краіны завезена ўсяго толькі 7,8 тысячаў тонаў”.

Такім чынам, ёсьць падазрэньні, што ладная частка транзытнага цукру папросту асядае на расейскім рынку, кажа Канстанцін Багданаў.

На думку эканаміста Міхала Залескага, “цукровая вайна” выяўляе штучнасьць расейска-беларускага саюзу, адзінай эканамічнай і адзінай мытнай прасторы. Зь ягоных словаў, штогод недзе па 500 пазыцыях тавараў застаецца нявысьветленай сапраўдная краіна паходжаньня – як у гісторыі з цукрам. Проста гэтыя тавары даволі дробныя, кажа эканаміст.

(Залескі:) “Чым гэта скончыцца можа? Натуральна, залежамі цукру й немагчымасьцю яго рэалізаваць. Украіне ён не патрэбны, у Эўразьвязе ёсьць свае квоты. Куды мы кінемся? Ізноў будзем шукаць толькі дзесьці ў трэцім сьвеце, ды тых, з кім ніхто гандляваць ня хоча”.

З гэтага відаць, што стварэньне адзінай мытнай і эканамічнай прасторы з Расеяй робіцца немагчымым, лічыць эканаміст. Яшчэ болей задача эканамічнага аб’яднаньня ўскладніцца тады, калі Расея далучыцца да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі – тады ўсходняя суседка вымушаная будзе гуляць па правілах, для Беларусі непрымальных. У сваю чаргу беларускія чыноўнікі з усё большым скепсісам глядзяць на пэрспэктыву далучэньня Беларусі да УГА – краіне гэта нявыгадна. Калі Расея стане сябрам арганізацыі, а Беларусь – не, то агульная мытная прастора паміж імі будзе зусім немагчымай, цьвердзіць Міхал Залескі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG