Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Завадзкая: “Для ПА НАТО беларускае пытаньне будзе адным з прыярытэтных”


Алена Струвэ, Менск Удзельнікі 51-й сэсіі ПА НАТО ў Капэнгагене абмяркоўваюць рэзалюцыю па сытуацыі ў Беларусі. У праекце дакумэнта ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў забясьпечыць свабодныя і справядлівыя прэзыдэнцкія выбары і захоўваць свае забавязаньні ў рамках АБСЭ і ААН. Праект рэзалюцыі таксама падтрымлівае высновы дакладу дэпутата ПАРЭ Хрыстаса Пургурыдэса адносна датычнасьці беларускіх аіфіцыйных асобаў да палітычных зьнікненьняў у Беларусі і апэлюе да афіцыйнага Менску правесьці незалежнае расьсьледаваньне для прыцягненьня да адказнасьці вінаватых.

Ад Беларусі ў Капэнгаген былі запрошаныя лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч і жонка зьніклага беларускага журналіста, заснавальніца журналісцкага фонду імя Зьмітра Завадзкага Сьвятлана Завадзкая.

У рамках цяперашняй 51-й сэсіі ПА НАТО беларускае пытаньне ўздымалася двойчы. У нядзелю, 13 лістапада, у часе абмеркаваньня праекту беларускай рэзалюцыі на палітычным камітэце (тады з прамовай перад парлямэнтарамі выступіла Сьвятлана Завадзкая), і сёньня а 16-й гадзіне ў часе пленарнага паседжаньня, калі праводзілася галасаваньне па рэзалюцыі. Гэтым разам даклад па сытуацыі ў Беларусі прадставіў Станіслаў Шушкевіч.

Як паведаміла “Свабодзе” Сьвятлана Завадзкая, парлямэнтары НАТО слухалі выступы беларусаў зь цікавасьцю і адначасна з заклапочанасьцю.

(Завадзкая: ) “Вы ведаеце, аказваецца, даволі многія ўдзельнікі сэсіі і ня ведалі пра тую праблему зьніклых, якая існуе ў Беларусі. Нам было прыемна бачыць салідарную пазыцыю эўрапейскіх краінаў і ЗША па беларускім пытаньні. Апошні раз я бачыла такое галасаваньне, калі абмяркоўвалася рэзалюцыя спадара Пургурыдэса ў ПАРЭ. Не было ніводнага голасу супраць і ніводнага, хто б устрымаўся. Усе краіны прагаласавалі “за”. У часе дэбатаў прагучала такое меркаваньне, што для ПА НАТО беларускае пытаньне будзе адным з прыярытэтных”.

На 51-ю сэсію ПА НАТО Сьвятлана Завадзкая і Станіслаў Шушкевіч былі запрошаныя кіраўніком НАТО Япам дэ Гопам Схэфэрам. У Капэнгагене Завадзкая і Шушкевіч сустрэліся са старшынём ПА П’ерам Лелюшам, генсакратаром Асамблеі Сымонам Лунам, аўтарамі праекту рэзалюцыі па Беларусі Бэртам Кундэрзам і Маркусам Мэкелем, а таксама прадстаўнікамі Сэнату і Кангрэсу ЗША, удзельнікамі шэрагу парлямэнцкіх дэлегацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG