Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец знаходзіцца пад арыштам шэсьць месяцаў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня роўна паўгоду, як арыштавалі апазыцыйнага палітыка, былога дэпутата Сяргея Скрабца. Увесь гэты час Скрабец знаходзіцца ў вязьніцы – спачатку ён быў у Берасьці, цяпер у Менску. Хаця ягоная крымінальная справа перададзеная ў суд больш як месяц назад, канкрэтная дата пачатку судовага працэсу дагэтуль ня вызначаная.

Сяргей Скрабец ізноў пачаў галадоўку за кратамі. Першай пра гэта дазналася жонка Аляксандра, якая атрымала ад мужа ліст. Сяргей Скрабец паведамляе, што апошнім часам дрэнна пачуваецца з прычыны рэгулярных прыступаў падагры. Да абвастрэньня хваробы прычыняецца й дрэннае харчаваньне: кормяць яго пераважна гарохавымі супам ды кашай. Паводле спадарыні Аляксандры (яна працуе лекарам), пры падагрычным поліартрыце якасьць ежы моцна ўплывае на ход хваробы. Невыпадкова, што Сяргей Скрабец ужо ня можа ступаць на правую нагу. А перадачы, якія дазваляюцца раз на месяц, ён забараніў прыносіць, бо зноў галадуе.

Гэта, дарэчы, ужо трэцяя такая акцыя экс-дэпутата. Упершыню ён галадаваў амаль 40 дзён у Берасьцейскім сьледчым ізалятары на знак пратэсту супраць свайго арышту, які лічыць палітычна матываваным. Другое галадаваньне цягнулася два тыдні. І вось, нарэшце, трэцяе, ужо у Менску.

Расказвае жонка Сяргея Скрабца:

(Аляксандра Скрабец: ) “Ён піша, што зьвяртаўся і да лекара, і да кіраўніка сьледчага ізалятару, каб яму зьмянілі харчаваньне. Вядома, што некаторым вязьням, калі, напрыклад, у іх хворы страўнік ці нешта падобнае, даюць іншую ежу. Але Сяргею сказалі, што зь ягонай хваробай яму гэта не дазволена”.

Паплечнікі Сяргея Скрабца, зразумела, перадусім хвалююцца за стан яго здароўя, жадаюць яму мужнасьці, аптымізму. І яшчэ, як я зразумеў пасьля сваёй размовы зь лідэрам дэпутацкай групы “Рэспубліка” Валер’ем Фраловым, гатовыя зрабіць усё дзеля таго, каб дэмакратыя нарэшце перамагла ў Беларусі – бяз гэтага Сяргею Скрабцу яшчэ доўга знаходзіцца за кратамі.

(Фралоў:) “У гэтых варунках, тым больш што Вярхоўны суд будзе яго судзіць, разьлічваць на ласку ўладаў бессэнсоўна. Мэты, якую паставілі адносна Скрабца, яны дасягнулі. Але яму патрэбна сказаць, што мы вельмі стараемся, каб сытуацыя ў краіне зьмянілася. Бо зразумела, што ён выйдзе зь вязьніцы толькі пасьля такой зьмены. І таму мы працуем мэтанакіравана. А першымі вязьнямі, якія выйдуць з турмы, будуць Скрабец і Марыніч. Мы памятаем пра яго, хвалюемся. Наколькі гэта магчыма, сустракаемся з братам, трошкі дапамагаем. Ну, але ж паўтаруся, усё зьменіцца толькі тады, калі кардынальна зьменіцца сытуацыя ў краіне”.

Што да даты пачатку судовага працэсу над Скрабцом, то дакладны тэрмін дасюль ня вызначаны, адзначае прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Беларусі Настасься Цымановіч.

(Цымановіч: ) “Дакладна пакуль што нічога невядома. Калі сказаць прыблізна, то гэта адбудзецца пры канцы сьнежня, можа, крыху дакладней – у другой палове сьнежня”.

* * *

Сяргея Скрабца афіцыйна вінавацяць па трох выпадках парушэньня заканадаўства — у вымантачваньні крэдытаў у дзяржавы, у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці і ў падрыхтоўцы да дачы хабару ў асабліва вялікіх памерах. Адразу пасьля арышту ў сярэдзіне траўня Скрабца ўтрымлівалі ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, дзе ён на знак пратэсту галадаваў амаль сорак дзён. Пасьля экс-дэпутата перавялі ў сьледчы ізалятар у Менску.

Сяргей Скрабец летам 2004 году ўдзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмову.
XS
SM
MD
LG