Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Кароль: “Мы патрабуем ад улады выконваць хаця б свае законы”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня а 9-й гадзіне раніцы рэдактар газэты “Згода” Аляксей Кароль павінен занесьці ў суд Партызанскага раёну Менску квітанцыю аб аплаце штрафу ў памеры 2,5 мільёнаў рублёў. У адваротным выпадку грошы будуць вылічаныя прымусова. Якімі будуць дзеяньні рэдактара газэты?

Заснавальнік газэты “Згода” Аляксей Кароль быў аштрафаваны ў верасьні за распаўсюджваньне лжывых, на думку суду, зьвестак. Менавіта так кваліфікаваў суд Партызанскага раёну некаторыя фотарэпрадукцыі ў газэце з абліччамі вядомых дзяржаўных палітыкаў. Вядома, што на гэтае рашэньне журналісты падалі скаргу ў Менскі гарадзкі суд і чакаюць яго вэрдыкту. Між тым, ніжэйшы суд ужо патрабуе заплаціць штраф. Аляксей Кароль расказвае:

(Кароль: ) “Паеду з квітанцыямі на тую суму, якая вызначаная. Гэта 100 базавых велічыняў – 2 мільёны 550 тысяч рублёў. Грошы пераходзяць на рахунак раённага фінансавага аддзелу. Безумоўна, гэта дадатковая фіскальная крыніца папаўненьня казны кіроўчым рэжымам. Але калі не плаціць, то выданьне газэты будзе спыненае”.

Паводле Аляксея Караля, нават пасьля штрафу “Згода” атрымлівае ўсяго толькі перадышку. Наперадзе, як кажа рэдактар, разгляд скаргі ў Менскім гарадзкім і ў Вярхоўным судох. Падрыхтаваная таксама заява ў Вышэйшы гаспадарчы суд у сувязі з папярэджаньнем Міністэрства інфармацыі ад 9 лістапада.

(Кароль: ) “У папярэджаньні, якое падпісаў міністар Русакевіч, пазначана, што гэта маё права – абскардзіць у гаспадарчым судзе. А які вынік будзе ў гарадзкім судзе? Я мяркую, адмоўны. Прагноз такі. Што ж да Вярхоўнага суду, то ня ведаю. Там ёсьць магчымасьць запатрабаваць яшчэ адну экспэртызу і агучыць тую бязглузьдзіцу, якая падаецца ў ранейшым экспэртным заключэньні. Такім чынам, гэта працяг нашага супраціву негвалтоўнымі мэтадамі ў рамках хаця б дзейнага заканадаўства. Мы цяпер патрабуем, як дысыдэнты савецкага часу: “Выконвайце хаця б свае законы!”

Учора ў беларускім інфармацыйным полі амаль адначасова зьявіліся два паведамленьні: віншаваньне Аляксандра Лукашэнкі на адрас “Российск’ай газеты” ў сувязі з 15-годзьдзем з дня выхаду яе першага нумару і зварот Беларускай асацыяцыі журналістаў да чытачоў з заклікам абараніць свае правы і падтрымаць незалежныя газэты.

Пра разьмежаваньне ўладаю газэт на “свае” і “чужыя” я гутарыў зь рэдактарам газэты “Салідарнасць” Аляксандрам Старыкевічам.

(Старыкевіч: ) “Я думаю, што мы проста не захавалі адданасьці высокім стандартам расейскай журналістыкі. У тым нашы праблемы. Не рэклямуем саюзнай дзяржавы так званай. І, наагул, маем сваю думку, якая не задавальняе цяперашнюю ўладу. Таму такое стаўленьне”.

Напомню, дзяржаўнае прадпрыемства “Белпошта” выключыла на мінулым тыдні з падпіснога каталёгу газэты “Народная воля”, “Салідарнасць” і “Згода”. Таксама ня ўключаныя ў каталёг “БДГ. Деловая газета” і “Рэгіянальная газета”.

У сваім звароце Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе ад дзяржаўнага прадпрыемства “Белпошта” забясьпечыць выкананьне беларускага заканадаўства і ўключыць у падпісны каталёг выданьні безь ніякай дыскрымінацыі, а таксама нагадвае Міністэрству сувязі і інфарматызацыі, што ў адпаведнасьці з законам “Аб паштовай сувязі” дзяржава гарантуе даступнасьць і якасьць паслуг паштовай сувязі, у тым ліку падпіскі на газэты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG