Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўрапейцы яшчэ будуць зайздросьціць Беларусі”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пра што думалі і разважалі жыхары Беларусі, назіраючы на экранах сваіх тэлевізараў, як на мінулым тыдні амаль кожную ноч палалі аўтамабілі і будынкі ў прадмесьцях францускіх гарадоў, падпаленыя натоўпамі падлеткаў зь бедных эмігранцкіх раёнаў? Вось якімі думкамі на гэты конт дзеліцца наш слухач Андрэй Пашута зь Менску:

“Гляджу па тэлевізары на жахі, якія ў гэтыя дні адбываюцца ў Францыі, і думаю пра тое, што цяпер Эўропе будзе не да Беларусі. Вось перакінецца полымя мусульманскіх пагромаў з Францыі на Нямеччыну ці Вялікую Брытанію — забудуць эўрапейцы аб правах чалавека. Сумна, але факт: калі б такое, ня дай Бог, пачалося ў Беларусі, Лукашэнка намнога больш хутка і радыкальна спыніў бы пагромы. Ня думаю, што беларускі АМОН спрабаваў бы разагнаць ці затрымаць банду, якая на вачах у міліцыі падпальвае машыны ці будынкі. Такую банду папросту акружылі б і расстралялі. Так, было б нямала ахвяраў. Але пагромы імгненна спыніліся б. І людзі былі б на баку ўлады, а ня тых бандытаў, якія загінулі. А эўрапейцы са сваімі лібэральнымі цырымоніямі самі сябе загналі ў кут: бандыты ім хутка сядуць на галаву і будуць беспакарана паліць іх у іхных жа дамах. І эўрапейцы яшчэ будуць зайздросьціць беларусам”.

У сваім лісьце, спадар Пашута, вы не згадалі пра адну важную абставіну: пераважная большасьць сярод пагромшчыкаў, якія чынілі гвалт на вуліцах францускіх гарадоў — гэта падлеткі, непаўнагадовыя. Іх затрымлівалі, прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці (прычым, ня толькі іх, але і іхных бацькоў, адказных за іхнае выхаваньне). Тых, хто ня мае францускага грамадзянства, высылаюць з краіны… Так, сапраўды, у таталітарных дзяржавах у падобных выпадках не спыніліся б перад прымяненьнем зброі. Але ў такіх краінах расстрэлы людзей лічаць прымальным спосабам вырашэньня і многіх іншых праблемаў. Сярод іншага, тым дыктатура і адрозьніваецца ад дэмакратыі.

Наш слухач Васіль Валошка з пасёлку Радашковічы Маладэчанскага раёну ў сваім лісьце зьвяртае ўвагу на нядаўнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі, які прапанаваў людзям, што злоўжываюць алькаголем, не галасаваць за яго на прэзыдэнцкіх выбарах:

“Тут Аляксандар Рыгоравіч, мякка кажучы, хітруе. Ён жа цудоўна ведае, што сярод 75—80% электарату (у тым ліку і таго, які галасуе за яго) вялікую долю складаюць пітушчыя людзі. А і чаму ня піць пры такой уладзе, калі гарэлка — адзін з самых танных прадуктаў (кошт кіляграма мяса роўны кошту трох бутэлек гарэлкі); калі дзяржава вырабляе атруту, якую ў народзе называюць “чарнілам”; калі квітнее самагонаварэньне, супраць якога не вядзецца ніякай барацьбы. Часта можна пачуць: “Уся вёска сьпілася”. І я з гэтым сьцьвярджэньнем амаль згодны. Бо п’юць на вёсцы вельмі многія — у тым ліку і жанчыны, і моладзь. Пры гэтым амаль уся вёска дружна галасуе за Лукашэнку. Так што, калі б усе пітушчыя не пайшлі на выбары альбо прагаласавалі супраць галоўнага кандыдата, то Цэнтравыбаркаму значна дадалося б працы. А яшчэ калі б да іх далучыліся пітушчыя ў гарадах.

А што да зыходу выбараў, то ў перамозе Аляксандра Рыгоравіча, я думаю, не сумняецца ніводзін чалавек. Толькі больш правільна было б назваць гэта “перамогай над уласным народам”. Праўда, у любым выпадку перамога гэтая часовая. Як казаў адзін мудры чалавек: “І гэта міне…” А вось слова “выбары”, хоць бы на час “элегантных перамог”, трэба замяніць нейкім іншым словам. Якім — пакуль ня ведаю. На гэту тэму варта было б правесьці конкурс сярод слухачоў “Свабоды”.

Ваша іранічная прапанова, спадар Валошка, зусім зразумелая: выбарчая кампанія ва ўмовах, калі немагчымы паўнавартасны грамадзкі кантроль за галасаваньнем і падлікам галасоў, калі кандыдаты пастаўлены ў няроўныя ўмовы, калі грамадзтва ня мае вольнага доступу да інфармацыі, маюць мала агульнага з тымі выбарамі, як іх разумеюць эўрапейцы ў дэмакратычных краінах.

Што да распаўсюду п’янства і алькагалізму, якія сталі сапраўдным сацыяльным бедзтвам і набылі вялізныя маштабы. Над антыалькагольнай кампаніяй канца 1980-х гадоў, якую няўдала спрабавала правесьці гарбачоўскае кіраўніцтва, цяпер звычайна пасьмейваюцца. Але ў многіх сёньня складваецца ўражаньне, што беларускае грамадзтва наблізілася да рысы, калі многія з тых даўніх жорсткіх дзяржаўных мер немінучыя. Калі дзяржава па-ранейшаму будзе спрыяць неабмежаванай вытворчасьці і продажу танных алькагольных сурагатаў і гарэлкі, яна рызыкуе сутыкнуцца з сацыяльнымі праблемамі яшчэ больш складанымі, чым тыя, пад цяжарам якіх пачалася агонія Савецкага Саюзу эпохі позьняга застою.

Наступны ліст даслаў нам Алег Багамолаў зь Нясьвіжу. Слухач разважае пра тое, наколькі эфэктыўнымі могуць быць санкцыі Эўразьвязу ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва.

“Вось і зноў Эўразьвяз палохае беларускіх чыноўнікаў: маўляў, калі выбары будуць недэмакратычнымі — ня пусьцім вас у Эўропу, арыштуем банкаўскія рахункі. Такія папярэджаньні гучаць ужо добры дзясятак гадоў. На каго яны разьлічаныя? Ды даўно ўжо ня езьдзяць высокія начальнікі ў тую Эўропу. Па-першае, ім Лукашэнка гэта не дазваляе. А па-другое, навошта ім тое патрэбна? Адпачыць яны могуць на Кубе, у Эгіпце, Турцыі ці на Мальдывах. Што да банкаўскіх рахункаў, дык гэта ўвогуле наіўна. Які беларускі намэнклятуршчык будзе пры цяперашняй палітычнай сытуацыі захоўваць свае з рызыкай для жыцьця здабытыя непрацоўныя даходы ў заходніх банках? Такіх дзівакоў даўно няма. Усе мільёны даляраў надзейна “закручаныя” ў шкляныя слоікі і замураваныя ў сьцены асабнякоў. Ні для Эўразьвязу, ні для беларускіх спэцслужбаў гэтыя грошы недаступныя”.

Вядома, спадар Багамолаў, куды больш адчувальным для беларускіх уладаў магло б стаць, напрыклад, увядзеньнне жорсткіх эканамічных санкцыяў, забарона на імпарт зь Беларусі прамысловай прадукцыі. Але якія страты ў гэтым выпадку пацярпелі б ні ў чым не вінаватыя беларускія грамадзяне? Эўрапейскі рынак спажывае да 40% усіх прамысловых вырабаў, якія прадукуюцца на беларускіх прадпрыемствах. Зачыніцца гэты рынак — і сотні тысяч беларусаў страцяць працу. Прычым, эўрапейскія спажыўцы ад гэтага зусім не пацерпяць: месца на рынку імгненна зоймуць вытворцы з Кітаю ды Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Але кіраўніцтва Эўразьвязу сьвядома не ідзе на гэты крок, бо ня хоча драматычных наступстваў для беларускага насельніцтва.

На заканчэньне ліст ад нашага сталага слухача і аўтара Мікалая Бельскага зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. На ўласным прыкладзе спадар Бельскі меў магчымасьць упэўніцца ў тым, наколькі сацыяльна абароненымі могуць адчуваць сябе людзі, якія трапілі ў бяду.

“Ужо амаль год, як я пакутую ад болю ў назе. Зламаў яе празь недарэчны выпадак: напярэдадні Новага году спрабаваў павярнуць тэлеантэну, каб паслухаць віншаваньні Пуціна, ды ўпаў з чатырохмэтровай вышыні. Цяпер маю посттраўматычны сындром першай ступені. Лекаваньне зводзіцца да нейкіх таблетак, якія хутчэй у магілу зьвядуць, чым нагу вылечаць. Бяз болю не магу ступіць ні кроку. А ўжо калі выпадкова падвернеш нагу — хоць крычы. Доктар кажа: “Гэта, магчыма, на ўсё жыцьцё”. Але інваліднасьці мне не даюць. Бо такіх, як я, хапае, а сродкаў на ўсіх няма. Іншая рэч — удзельнікі вайны, альбо тыя спрытныя пэнсіянэры, якія здолелі купіць сабе групу інваліднасьці. Ім і адпаведныя пэнсіі, і транспарт. Улада шмат хваліцца тым, якімі сацыяльнымі клопатамі акружаныя ў нас інваліды. Але ці ёсьць надзея простаму чалавеку хоць неяк адчуць тыя клопаты? Ці гэта толькі нерэальная мара, як і санаторыі ды курорты для прыгнечаных працай беларускіх сялянаў?”

Гэта даўняя савецкая завядзёнка — санаторыі і дамы адпачынку, прызначаныя нібыта для працоўнага люду, штогод атрымлівалі вялізныя датацыі зь бюджэту, але адпачывалі там у асноўным рознага кшталту чыноўнікі, іхныя сямейнікі, знаёмыя ды сябры. Простых калгасьнікаў там можна было сустрэць вельмі рэдка. І найчасьцей не таму, што іх сьвядома хацелі абдзяліць. Проста завабіць у санаторый даярку ці трактарыста ня дужа проста: ня надта схільныя беларускія сяляне зь іхнымі прысядзібнымі клопатамі і побытавай культурай да такога кшталту адпачынку.

З гэтага, дарэчы, зрабіў адпаведныя высновы прэзыдэнт Лукашэнка. Нядаўна было паведамлена, што рыхтуецца ўказ, паводле якога ў наступным годзе бюджэтнае фінансаваньне санаторыяў будзе скарочана ўдвая, а ў 2007 годзе — яшчэ ўдвая. Такім чынам, амаль усе грамадзяне (за рэдкім выключэньнем) будуць плаціць за адпачынак самі. А сярэдні кошт пуцёўкі — каля 500 тысяч рублёў. Наўрад ці беларускія сяляне будуць надта шкадаваць пра тое, што большасьць санаторыяў у выніку проста перастане існаваць. Іншая рэч, куды пойдуць зэканомленыя грошы. Ці атрымаюць іх тыя людзі, якія, напрыклад, як вы, спадар Бельскі, трапілі ў бяду і сталі фактычна інвалідамі, але інваліднасьці гэтай чыноўнікі ня хочуць прызнаваць, бо ім загадана эканоміць дзяржаўныя сродкі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG