Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: Лукашэнка мае сужыцельку


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава “Падарожжа па сьлядах Аляксандра Лукашэнкі”. Такі загаловак мае артыкул у сёньняшнім нумары польскага штодзёньніку “Gazeta Wyborcza”, у якім апавядаецца пра новы турыстычны маршрут, што прапануюць некаторыя беларускія турфірмы.

“У Воршы, заплаціўшы 20 даляраў, можна наведаць мясьціны, зьвязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам – родную вёску беларускага дыктатара Александрыя, а таксама мястэчка дзе ён вучыўся і пазнаёміўся з будучай жонкай... Аднак той, хто разьлічвае ў часе экскурсіі пабачыць сапраўдную беларускую правінцыю, будзе расчараваны.... Вёска Александрыя вельмі добра дагледжаная, як зрэшты і іншыя мясцовасьці, праз якія праходзіць маршрут вандроўкі...”, -- піша польскі штодзёньнік.

Газэта падрабязна апісвае ідэальны стан, у якім утрымліваюцца месцы, зьвязаныя з мінулым Аляксандра Лукашэнкі, якія паказваюць турыстам, але зьвяртае увагу на тое, што прыкладам, вёска Рыжкавічы, дзе сям’я цяперашняга беларускага кіраўніка жыла ў часе, калі Лукашэнка быў дырэктарам саўгасу, засталася па-за маршрутам вандроўкі.

“Калі ў 1994 годзе Лукашэнка стаў прэзыдэнтам, ягоная жонка не пераехала разам зь ім у Менск... Спадарыня Лукашэнка, якую паважаюць і шануюць мясцовыя жыхары, зьяўляецца жонкай толькі намінальна, бо прэзыдэнт мае сужыцельку”, - адзначае “Gazeta Wyborcza”.

Польскі штодзёньнік піша, што паводле словаў беларускіх дэмакратаў, у Беларусі хутка “пачнуць выдаваць кароткую біяграфію правадыра, як было ў часы таварыша Сталіна”.

“Да сталінскага культу асобы ў Беларусі яшчэ пакуль далёка, але некаторыя рэчы могуць непакоіць. Нядаўна былы супрацоўнік музэю Якуба Коласа падрыхтаваў вялікую працу “Жыцьцё для народа”, у якой ідэалізуецца дзяцінства і маладосьць Аляксандра Лукашэнкі. Міністэрства інфармацыі, на шчасьце, прызнала, што ўзровень гэтага твору занадта нізкі каб яго выдаваць. У Беларусі з’яўляюцца паштовыя маркі з выявай Лукашэнкі, ягоныя партрэты вісяць у дзяржаўных установах, іх можна набыць амаль у кожнай кнігарні. Але гэта тыповая з’ява для постсавецкай палітычнай культуры”, -- піша “Gazeta Wyborcza”.
XS
SM
MD
LG