Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ордэр на арышт дачкі Паўла Барадзіна: вэрсіі паліттэхнолягаў


Уладзімер Глод, Менск Вядомы расейскі палітоляг, прэзыдэнт Фонду эфэктыўнай палітыкі Глеб Паўлоўскі, камэнтуючы нядаўнюю выдачу ордэру на арышт дачкі дзяржсакратара так званай саюзнай дзяржавы Паўла Барадзіна, выказаў думку, што такія дзеяньні выкліканыя жаданьнем Захаду вырашыць сытуацыю ў Беларусі. “Без сумневу, ідзе падбор ключоў да беларускай сытуацыі, – сьцьвярджае спадар Паўлоўскі. – Адзін з такіх ключоў, найбольш папулярны на Захадзе, –гэта палітычна сфакусаваныя крымінальныя абвінавачаньні. Гэта справы, якія ляжаць у скрынцы да таго моманту, калі яны спатрэбяцца”.

Пракуратура італьянскага гораду Трэнта вінаваціць дачку Паўла Барадзіна Кацярыну Сілецкую ў карупцыі і атрыманьні хабару падчас рэстаўрацыі Крамля на пачатку 1990-х гадоў. Дачка дзяржсакратара так званай саюзнай дзяржавы быццам атрымала пяць мільёнаў даляраў.

Самога Паўла Барадзіна ў свой час вінавацілі ў адмываньні 30 мільёнаў даляраў, якія ён нібыта атрымаў у якасьці камісійных ад швайцарскіх кампаніяў “Мабатэкс” і “Мэрката Трэйдынг”. Менавіта Барадзін, які ў 1990-я быў кіраўніком справаў прэзыдэнта Расеі, спрыяў атрыманьню гэтымі фірмамі надзвычай выгаднага для іх заказу. Крымінальная справа ў адносінах да Барадзіна была спыненая, хаця дзяржсакратар прабыў у амэрыканскай і швайцарскай турмах.

Палітоляг Глеб Паўлоўскі лічыць, што справа дачкі Барадзіна ўзьнікла менавіта цяпер невыпадкова. Ён лічыць, што гэта толькі першы крок, што трэба чакаць новага ціску на людзей, якія маюць дачыненьне да так званай беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы. Наколькі праўдападобны такі прагноз, я спытаў ў яшчэ аднаго вядомага маскоўскага палітоляга, старшыні Нацыянальнай грамадзянскай рады ў міжнародных справах Сяргея Маркава.

(Маркаў: ) “Я пагадзіўся б у гэтым выпадку са спадаром Паўлоўскім. Таму што Захад сапраўды спрабуе скінуць Аляксандра Лукашэнку. Захад назваў яго апошнім дыктатарам Эўропы і зьяўляецца цяпер закладнікам сваёй пазыцыі. Хаця, на мой погляд, у Беларусі ня столькі дыктатура, колькі кітайская мадэль. І, дарэчы, даволі пасьпяховая ў эканамічным і сацыяльным плянах. Да таго ж многія заходнія палітыкі хацелі б з далучэньнем Беларусі зрабіць санітарны кардон вакол Расеі ў выглядзе Чарнаморска-балтыйскай судружнасьці. Многім заходнім палітыкам важна ня тое, ці ёсьць дэмакратыя ў Беларусі, колькі тое, якую пазыцыю яна займае адносна Расеі – прарасейскую, нэўтральную (як гэта робіць цяпер Аляксандар Лукашэнка) альбо антырасейскую”.

Андрэй Суздальцаў апошнім часам лічыцца ў беларускіх аналітычных колах добрым знаўцам беларуска-расейскіх дачыненьняў. Ён дэкляруе, што мае свой, адменны ад афіцыйнага і апазыцыйнага, погляд на сытуацыю. Апошнім часам спадар Суздальцаў актыўна кантактуе з Фондам Глеба Паўлоўскага. І вось што ён гаворыць у інтэрвію нашаму радыё:

(Суздальцаў: ) “У гэтым выпадку Глеб Паўлоўскі мае рацыю. Ува ўсім. Дарэчы, ён не заўжды, калі дае ацэнкі беларускай сытуацыі, бывае адэкватны. Але цяпер ён разумна кажа, што Захад будзе наносіць удар па найвышэйшай беларускай і саюзнай намэнклятуры. Чаму? Першае, Захад ня мае ілюзіяў што да праекту адзінага кандыдата. І другое, яны вымушаныя рашыць праблему Лукашэнкі ў 2006-м годзе. Гэта кансалідаваная думка заходняй кіроўчай клясы. Трэцяе, што яны пайшлі напралом – пагражаюць замарозіць рахункі кіроўчых колаў Беларусі – гаворыць пра тое, што ў Захаду няма камунікацыяў з празаходняй часткай найвышэйшай беларускай намэнклятуры”.

Аднак ёсьць і іншыя думкі. Прыкладам, былы старшыня Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч лічыць, што ня трэба шукаць за спробай прыцягнуць да адказнасьці дачку Паўла Барадзіна нейкага беларускага сьледу. Спадар Вайтовіч лічыць, што гэта звычайная практыка цывілізаванага правасудзьдзя, якое шукае праўды. І думаць, што гэта робіцца дзеля таго, каб скінуць Лукашэнку, няма падставаў:

(Вайтовіч:) “Я ня думаю, што гэта сапраўдная прычына. Навошта рабіць вакол Барадзіна такія захады, паколькі не такая ён ужо значная фігура, да таго ж вельмі дыскрэдытаваная. І няма патрэбы адмыслова нешта распаўсюджваць на яго сваякоў і блізкіх. На мой погляд, гэта нешта такое віртуальнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG