Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: ““Наш лёс залежыць у першую чаргу ад нас саміх”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўнага друку за 14 лістапада.

“Белгазета” ў панядзелкавым нумары друкуе артыкул “Помста камісараў”. Эўракамісар ў пытаньнях замежных сувязяў і палітыкі суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр падчас візыту ў Маскву паведаміла, што калі ў Беларусі ня будуць вытрымлівацца агульнаэўрапейскія нормы дэмакратыі, то Эўразьвяз пойдзе на ўвядзеньне санкцыяў супраць краіны. Спадарыня Фэрэра-Вальднэр патлумачыла, што санкцыі не павінна быць зьвязаныя з эканомікаю і не павінны пагоршыць жыцьцё беларусаў. Паводле яе словаў, у якасьці абмежавальных захадаў могуць быць ужытыя замарожваньне банкаўскіх рахункаў і візавыя санкцыі да чыноўнікаў.

“Санкцыі ні да чога добрага не прыводзяць”, – такое меркаваньне ў камэнтары да прапановаў эўракамісара выказаў сакратар Цэнтравыбаркаму Беларусі Мікалай Лазавік, якога цытуе “Белгазета”.

Падпольную майстэрню для вырабу фальшывых дакумэнтаў выявілі ў Берасьці, паведамляе “Брестская газета”. У майстэрні былі кампутар, сканэр, каляровы прынтэр, 72 дыскі з праграмным забесьпячэньнем і ўзорамі падробных дакумэнтаў, пячаткі, у тым ліку пячатка і штамп Смаленскай мытні. Майстры выраблялі шафёрскія пасьведчаньні, даручэньні, пашпарты, блянкі рэцэптаў з падробленымі пячаткамі, тэхпашпарты на аўтамабілі – больш за 40 найменьняў дакумэнтаў. Адзін падазраваны затрыманы, другі – у вышуку.

Каля двух дзясяткаў мёртвых галубоў было знойдзена нядаўна на тэрыторыі Берасьцейскага аэрапорту. Згодна з заключэньнем вэтэрынараў і санэпідэмслужбы – гэта, дзякуй Богу, не птушыны грып. Паводле асноўнай вэрсіі, птушкі загінулі ад атручэньня пэстыцыдамі, якія выкарыстоўваюцца для апрацоўкі палёў, піша “Брестская газета” .

Тыднёвік “Белорусы и рынок” паведамляе, што Беларусь у 2005 годзе можа атрымаць рэкордную выручку ад продажу калійных угнаеньняў. Па аптымістычных прагнозах, ад продажу асноўнага валютнага тавару бюджэт атрымае на 400 – 500 мільёнаў даляраў больш, чым летась. Прычына – рост усясьветнай каньюнктуры на калійныя ўгнаеньні (цана на ўгнаеньні за гэты год падвысілася больш чым на 40 даляраў за тону).

“У Баранавічы – праз Маскву”. Адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч правёў шэраг сустрэч у Маскве і пачаў сваю інфармацыйна-агітацыйную кампанію ў краіне з Баранавічаў, паведамляе тыднёвік “Белорусы и рынок”. Паводле меркаваньня новага лідэра апазыцыі, і Расея, і Захад – сур’ёзныя фактары палітычнага жыцьця Беларусі, але не вырашальныя. “Наш лёс залежыць у першую чаргу ад нас саміх. Пакажам сілу, волю і характар у барацьбе за перамены – і з намі будуць лічыцца і ўнутры краіны, і за яе межамі”, – сьцьвярджае палітык.

“Витебский курьер” публікуе грунтоўнае інтэрвію нямецкага палітоляга, супрацоўніка Бэрлінскага інстытуту міжнароднай палітыкі і бясьпекі, экспэрта ў пытаньнях Беларусі Гайнца Тымэрмана.

Ангелец Мануэль прыехаў у невялікі беларускі райцэнтар Гарадок ажаніцца, а трапіў у міліцэйскія зводкі. Праўда, у якасьці пацярпелага. Пакуль Мануэль з Натальляй бегалі ў перадвясельных турботах па горадзе, зладзеі вынесьлі з хаты, дзе жыве нявеста, больш за 10 тысяч даляраў, 3 пярсьцёнкі з дыямэнтамі, лічбавую камэру. Гэтая непрыемнасьць на пляны ангельца не паўплывала, і ён мае цьвёрды намер ажаніцца зь дзяўчынай з беларускай глыбінкі, паведамляе “Витебский курьер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG