Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіст “Партнэрства” Аляксандар Бондараў выйшаў на волю


Любоў Лунёва, Менск У нядзелю з спэцпрымальніка на вуліцы Акрэсьціна ў Менску на волю выйшаў апошні з арыштаваных актывістаў арганізацыі незалежных назіральнікаў “Партнэрства” Аляксандар Бондараў. Ён быў прызнаны судом вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага сходу і асуджаны на 15 сутак арышту. Лідэр “Партнэрства” Мікола Астрэйка знаходзіцца ў другім клінічным шпіталі.

Нягледзячы на выходны дзень і халоднае надвор’е, Аляксандра Бондарава сустракалі яго паплечнікі. Бондараў першы раз трапіў у камэру спэцпрымальніка, але на ўмовы ўтрыманьня ён не скардзіўся.

(Бондараў: ) “Тое, што мы трапілі за краты, – красамоўнае сьведчаньне курсу палітыкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Мы, сябры “Партнэрства”, займаемся выключна назіраньнем за выбарамі. Арганізацыя “Партнэрства” ня ставіць перад сабой палітычных мэтаў, а дабіваецца толькі празрыстасьці выбараў. Відаць, улады ў гэтым не зацікаўленыя. Пра гэта сьведчыць іх нэрвовая рэакцыя”.

Намесьніцу старшыні арганізацыі Эніру Браніцкую суд Маскоўскага раёну таксама пакараў арыштам на 15 сутак, але потым гарадзкі суд зьменшыў тэрмін арышту да 10 сутак. Эніра сустракала свайго паплечніка ля брамы спэцпрымальніка.

(Браніцкая: ) “Прыйшла падтрымаць нашага сябра, нашага актывіста Аляксандра Бондарава. Я ведаю, як там было. Ведаю, што падтрымка сяброў – гэта самае лепшае, што можна там атрымаць. Дарма што сёньня нядзеля, мы прыйшлі, каб Сашу было прыемна. Ён узрадаваўся, што мы прыйшлі, а не засталіся ў ложку”.

Сябар “Партнэрства” Цімафей Дранчук паведаміў Радыё Свабода:

(Дранчук: ) “Улічваючы, што я ўжо ня раз быў на Акрэсьціна і шмат маіх сяброў таксама па 10 і па 15 сутак тут праводзілі, то ведаю, што падтрымка з волі – вельмі важны фактар. Гэтая салідарнасьць адчуваецца і ў часе “адседкі” на Акрэсьціна, і тады, калі чалавек выходзіць на гэтае халоднае шэрае надврор’е і бачыць твары сяброў. Гэтая салідарнасьць можа надаць нам шмат аптымізму ў сёньняшніх умовах”.

29 кастрычніка супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 70 чалавек у кінатэатры “Цэнтральны” ў часе правядзеньня ўстаноўчай канфэрэнцыі арганізацыі “Партнэрства”. Усіх адвезьлі ў РУУС Маскоўскага раёну. На чацьвярых удзельнікаў сходу склалі пратаколы паводле 167 артыкулу Адміністрацыйнага кодэксу (парушэньне грамадзкага парадку ў часе правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Бондарава пакаралі арыштам на 15 сутак. Сьвятлану Конаву ( яна мае малое дзіця і таму яе нельга трымаць у арышце), суд пакараў штрафам на 30 базавых велічыняў (гэта 360 даляраў).

Міколу Астрэйку з камэры спэцпрымальніка-разьмеркавальніка адвезьлі ў другі клінічны шпіталь. Ён правёў за кратамі чацьвёра сутак. Паводле заканадаўства, калі ён паправіць здароўе, то мусіць адседзець засталы тэрмін пакараньня – 11 сутак арышту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG