Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўшанавалі памяць Язафата Кунцэвіча


Браніслава Станкевіч, Віцебск Вернікі-уніяты ўшанавалі сёньня памяць арцыбіскупа Язафата Кунцэвіча, забітага ў Віцебску 12 лістапада 1623 году. На памятную імпрэзу зьехаліся прадстаўнікі ўніяцкіх грамадаў з розных гарадоў Беларусі, а таксама з Расеі ды Ўкраіны.

Жыцьцё і сьмерць Язафата Кунцэвіча ў кнізе Ўладзімера Арлова й Генадзя Сагановіча “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” названае сымбалем пакутліва цяжкага ўсталяваньня ўніяцкае веры ў Беларусі.

12 лістапада 1623 году віцебскія праваслаўныя месьцічы забілі ўніяцкага арцыбіскупа, які прыехаў у разьвярэджаны рэлігійнымі спрэчкамі горад. Зьнявечыўшы Кунцэвічава цела, нябожчыка скінулі з стромкага берагу ў Дзьвіну. Існуе паданьне, што па сьмерці ўладыку Язафата знайшлі на снопе сьвятла, якое ішло проста з ракі. Пры канцы XVII стагодзьдзя Язафат Кунцэвіч быў далучаны да ліку сьвятых як пакутнік за веру.

Віцебскія ўніяты ўшаноўваюць памяць Язафата Кунцэвіча, зьбіраючыся каля крыжа на Ўсьпенскай горцы, дзе сьвяты прыняў пакутніцкую сьмерць. Сёньня, як расказаў сьвятар тутэйшае ўніяцкае парафіі айцец Зьміцер, у Віцебск прыехалі вернікі з Воршы, Полацку, Магілёва, Менску, Львова ды Масквы.

Прамаўляючы перад прысутнымі, айцец Андрэй зь менскай парафіі сьвятога Язэпа нагадаў пра яшчэ адну важную падзею ў гісторыі ўніяцкае царквы ў Беларусі, якая адбылася якраз на гэтым месцы 15 год таму.

(Айцец Андрэй: ) “Была пілігрымка з Полацку, і мы прынесьлі вунь адтуль, зьнізу, вялікі драўляны крыж. Мы хацелі ўстанавіць яго на гэтым месцы, але нам не дазволілі, бо ў нас не было афіцыйнага дазволу ад уладаў. Тады мы дамовіліся, што крыж будзе асьвечаны на гэтым месцы. Тут быў малебен, а потым сьвятая літургія. І гэта была першая такая супольная акцыя сучасных беларускіх грэка-каталікоў, і з таго дня, з 10-га лістапада 1990-га году, пачалося трэцяе адраджэньне грэка-каталіцкае царквы на Беларусі”.

Паводле традыцыі, сёньняшняя сустрэча вернікаў на Ўсьпенскай горцы завяршылася сьпяваньнем гімну “Магутны Божа”, а потым адбылася супольная імша ў віцебскім касьцёле сьвятой Барбары.
XS
SM
MD
LG