Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр "ДДТ" Юры Шаўчук наведаў удаву Васіля Быкава


Ігар Карней, Менск Сёньня ўвечары лідэр расейскага гурту “ДДТ” рок-музыка Юры Шаўчук разам з калегам-музыкантам, прадстаўніком агенцтва “Арт Мьюзік Сэрвіс” – арганізатарам гастроляў калектыву па Беларусі – і беларускім журналістам Сяргеем Шапранам, які наўпрост спрычыніўся да гэтай сустрэчы, наведалі ўдаву Васіля Быкава Ірыну Міхайлаўну.

Ад панядзелка папулярны расейскі гурт “ДДТ” гастралюе па гарадох Беларусі з праграмай, прымеркаванай да 25-годзьдзя творчай дзейнасьці калектыву. Пасьля канцэртаў у Берасьці і Гародні, перад апошнім канцэртам беларускага туру ў менскім Палацы спорту лідэр каманды Юрый Шаўчук наведаў Ірыну Быкаву – жонку народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Сама Ірына Міхайлаўна была нешматслоўнай, апавядаючы пра госьця – маўляў, гэта прыватны візыт і ёсьць тэмы, больш важныя і вартыя ўвагі.

(Быкава: ) “Быў Юрый Шаўчук, а хто яшчэ зь ім – нават і ня ведаю толкам. Добры такі хлопец, гэты Шаўчук. Але ці трэба з гэтага рабіць падзею? Гэта ж ня тэма – ну, прыехаў, прыйшоў, ёсьць больш злабадзённае і набалелае. Хоць я і разумею, што ўсё, зьвязанае з Васілём Уладзімеравічам, успрымаецца інакш”.

Паводле выпадковага супадзеньня, у Ірыны Міхайлаўны быў сёньня і яшчэ адзін госьць. Адмыслова з Масквы да Быкавай прыехаў рэдактар часопісу “Студэнцкі мэрыдыян” Юрый Растоўцаў. Журналіст піша кнігу пра вядомага расейскага пісьменьніка Віктара Астаф’ева, які быў у сяброўскіх адносінах з Быкавым. А паколькі абодва яны ваявалі, мелі няпросты пісьменьніцкі лёс, то значная частка кнігі будзе прысьвечаная менавіта Васілю Быкаву.

(Растоўцаў: ) “Паколькі візыт “ДДТ” увесь час адтэрміноўваўся (Шаўчук тры дні зьбіраўся прыйсьці), нашу сустрэчу, адпаведна, гэтаксама адносілі. Такім чынам, і я ў гэты момант вымушана аказаўся ў Ірыны Міхайлаўны… Шаўчук вельмі добра сябе паводзіў, тактоўна, усім цікавіўся. Усё, што можна было, яму паказалі, расказалі, ён сам да ўсяго выяўляў інтарэс.

Яго, падаецца, сур’ёзна хвалюе тэма адыходу моладзі ад літаратуры; ён сказаў, што гэта праблема агульная – “аглупеньне моладзі”. Таму прыемна, што чалавека, далёкага ад усяго гэтага, груба кажучы, з рок-культуры, хвалююць такія агульначалавечыя праблемы і каштоўнасьці.

Канечне, яму ўсё было цікава. Ён задаваў масу пытаньняў: няўжо гэта той стол, за якім працаваў пісьменьнік? Як здорава, што я ў гэтым кабінэце, як добра, што вы хочаце са мной сфатаграфавацца... Іншымі словамі, нармалёвы чалавек у нармалёвых варунках сёньня быў”.

Ад пачатку меркавалася, што Юры Шаўчук наведае і магілу народнага пісьменьніка на Маскоўскіх могілках. Аднак у шчыльным гастрольным графіку на гэта часу не хапіла. Затое журналіст Юрый Растоўцаў расказаў, што за час знаходжаньня ў Менску быў на могілках ужо двойчы.

Юры Шаўчук, у сваю чаргу, паабяцаў, што сёньня са сцэны Палацу спорту абавязкова прагучыць песьня “Радзіма” – летась у віцебскім амфітэатры “Славянскага базару” сьпявак заявіў, што прысьвячае яе Васілю Быкаву, зь якім асабіста ня быў знаёмы, але заўсёды схіляў галаву перад ягонай творчасьцю і грамадзянскай пазыцыяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG