Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Біржа інфармацыі” вяртаецца да чытачоў


Міхал Карневіч, Горадня Сёньня, праз 11 месяцаў перапынку, гарадзенцы змаглі пачытаць чарговы нумар газэты “Біржа інфармацыі”. Яе аддрукавалі ў Смаленску. Гэта апошняя гарадзенская незалежная газэта, выхад якой улады спынілі ў лістападзе мінулага году.

Газэту прывезьлі са Смаленска ўчора ўвечары без усялікіх перашкодаў. Самі сябры рэдакцыі ў гэта не маглі паверыць.

Толькі праз 11 месяцаў чытачы (а наклад газэты складаў больш за 10 тысяч асобнікаў) змаглі даведацца аб прычынах яе закрыцьця.

Галоўны рэдактар, Алена Раўбецкая, у сваім артыкуле патлумачыла, што па рашэньні міністра інфармацыі газэта была прыпынена на тры месяцы за ейны артыкул, у якім яна выказала сваю нэгатыўную думку наконт правядзеньня ў краіне рэфэрэндуму, які зьняў абмежаваньне прэзыдэнцкіх тэрмінаў Аляксандра Лукашэнкі.

Тады суд прызнаў, што ў артыкуле былі абражаны гонар і годнасьць прэзыдэнта. Пасьля трох месяцаў пакараньня газэту ня ўзялася друкаваць у Беларусі ніводная друкарня. Сытуацыя не зьмянілася і да гэтага часу. І вось газэта ізноў дайшла да сваіх чытачоў.

(Раўбецкая: ) “Я расцэньваю гэта, як маленькую, але ўсё ж перамогу. Мы пратрымаліся 11 месяцаў і зрабілі гэты нумар. Яго можна назваць пробным, паколькі было вельмі цяжка аднаўляцца пасьля такога доўгага перапынку. Тым ня менш, учора, калі прывезьлі газэту, ужо былі радасныя званкі ад чытачоў. Гэта насамрэч радасная падзея для многіх людзей, ня толькі для нас”.

Наклад гэтага нумара складае ўсяго 4700 асобнікаў. Заміж 24 старонак, газэта мае толькі 12, без праграмы тэлебачаньня. У ёй зьмешчаны артыкулы па найбольш актуальных тэмах апошняга часу.

Напрыклад, гарадзенцы хоць і са спазьненьнем, але змогуць прачытаць праўдзівую інфармацыю пра канфлікт ў Саюзе палякаў Беларусі, пра сучасны стан прадпрымальнікаў у Горадні, пра Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі, а таксама пра дзеяньні адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча і шмат іншых навінаў.

У плянах рэдакцыі – рэгулярна выходзіць пасьля новага году. А гэты нумар рэдакцыя плянуе распаўсюджваць бясплатна.

(Раўбецкая: ) “Што датычыць гэтага нумару, ён будзе распаўсюджвацца бясплатна ў рэклямных мэтах. Дапамогуць нам гэта зрабіць сябры АГП і сябры нашае рэдакцыі. А поўнае аднаўленьне газэты мы плянуем зрабіць з пачатку новага году, у новым фармаце, без праграмы тэлебачаньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG