Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Войскі Беларусі будуць удзельнічаць у міратворчых апэрацыях за мяжой?


Ганна Соусь, Менск Заканадаўчая база для такіх рашэньняў ёсьць, аднак адсутнічае палітычная воля. Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўвалі сёньня экспэрты зь Літвы, Украіны, Польшчы, Расеі і Беларусі падчас міжнароднага круглага стала “Сучасныя падыходы да міратворчасьці” у амбасадзе Літвы ў Менску, якая зьяўляецца кантактным пунктам НАТО ў Беларусі.

Усе суседнія зь Беларусьсю краіны ўжо маюць досьвед удзелу ў міратворчых апэрацыях. Напрыклад, літоўскія вайскоўцы 11 гадоў бяруць удзел у міратворчасьці на Балканах, у Іраку і Аўганістане. А сёлета са жніўня літоўскае міратворчае падразьдзяленьне кантралюе адну з аўганскіх правінцыяў. Паводле начальніка аддзелу Міжнародных апэрацыяў Генэральнага штабу міністэрства аховы краю Літвы палкоўніка Аляксандра Цемналонскага, гэта вельмі ганаровая і адказная місія.

(Цемналонскі: ) “Гэта наша асноўная цяперашняя місія, якая забірае асноўную частку бюджэту, які выдаткоўваецца на міжнародныя апэрацыі. У Чэкчаране цяпер знаходзіцца група, якая займаецца аднаўленьнем правінцыі”.

Польскае войска ад 1953 году ўжо брала ўдзел у 60 міратворчых апэрацыях амаль у 40 краінах сьвету, і гатовае падзяліцца сваім досьведам зь Беларусьсю. Паводле ваеннага аташэ польскай амбасады ў Менску палкоўніка Марэка Шыманьскага, каля 50 тысяч польскіх вайскоўцаў займаліся міратворчай дзейнасьцю. Гэта прафэсійныя высокааплатныя спэцыялісты, яны выконваюць складаныя задачы і дадаюць сваёй краіне аўтарытэту на міжнароднай арэне.

Больш за 25 тысяч украінскіх міратворцаў удзельнічалі ў апэрацыях у Іране, Лібане, Косаве, Сьера-Леонэ і Іраку. Такія зьвесткі падаў падчас круглага стала ваенны аташэ ўкраінскай амбасады падпалкоўнік Віктар Ліхніцкі. Беларускія вайскоўцы пакуль ня маюць падобнага досьведу, бо да 2003 году ў Беларусі існавала заканадаўчая забарона на ўдзел у міратворчых місіях. Аднак, паводле прадстаўніка МЗС Беларусі Аляксандра Панамарова, беларускія цывільныя спэцыялісты бралі ўдзел у міжнародных апэрацыях у Сэрбіі, Босьніі і Герцагавіне, Грузіі, Косаве і Нагорным Карабаху.

Ад 2003 году Беларусі дзейнічае закон “Аб парадку накіраваньня вайскоўцаў ды іншых спэцыялістаў за межы Беларусі для ўдзелу ў дзейнасьці дзеля падтрыманьня міжнароднага міру і бясьпекі”. Аднак беларускія вайскоўцы пакуль не ўваходзяць у склад міратворчых місіяў, бо на гэта патрэбная палітычная воля, гаворыць Аляксандар Панамароў.

(Панамароў: ) “Першапачаткова патрэбнае палітычнае рашэньне аб накіраваньні беларускага кантынгенту ў тую ці іншую краіну, а пытаньне, з кім сумесна мы будзем праводзіць апэрацыю, другаснае. Пакуль у нас у прынцыпе няма кірунку ў правядзеньні апэрацыяў падтрыманьня міру”.

Пры гэтым, паводле Аляксандра Панамарова, у Беларусі ёсьць кадравы патэнцыял для ўдзелу ў такіх міратворчых мерапрыемствах.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Пятрас Вайцякюнас лічыць, што Беларусі, Літве ды іншым краінам-суседзям трэба супольна вырашаць праблемы, зь якім сутыкаецца сучасны сьвет, у тым ліку і празь міратворчасьць.

(Вайцякюнас: ) “Глябальны міжнародны тэрарызм, некантраляваная міграцыя, міжнародная злачыннасьць. Такім глябальным пагрозам павінен давацца і глябальны адказ, які дае цывілізаваная Эўропа, заходняя цывілізацыя, нашыя краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG