Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Буко абвяргае крытыку Дзярждэпартамэнту ЗША


Валер Каліноўскі, Менск Старшыня Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў Беларусі Станіслаў Буко сёньня адрэагаваў на палажэньні справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША наконт існаваньня дыскрымінацыйнага заканадаўства і прадузятага стаўленьня ў Беларусі да некаторых рэлігіяў.

Станіслаў Буко зазначыў, што ў ягоным камітэце штогод вывучаюцца справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША аб сытуацыі ў галіне свабоды рэлігіі ў сьвеце. Крытыку на адрас Беларусі спадар Буко лічыць недастаткова аб’ектыўнай:

(Буко: ) “Яна ня ў поўнай меры адпавядае рэчаіснасьці, і нам гэта крыўдна. Калі несправядліва, неаб’ектыўна, гэта вельмі крыўдна”.

У справаздачы Дзярждэпартамэнту зазначаецца, што беларускія ўлады паставілі ў прывілеяванае становішча праваслаўную канфэсію, заключыўшы зь ёй спэцыяльны канкардат і дыскрымінуюць пратэстанцкія грамады. Спадар Буко на гэта зазначыў, што з усімі канфэсіямі дзяржаўныя органы маюць роўныя адносіны:

(Буко: ) “Дзьверы нашага камітэту, нашых органаў заўсёды адкрытыя для ўсіх рэлігійных арганізацыяў незалежна ад канфэсіі і рэлігійнага кірунку”.

Пры гэтым Станіслаў Буко прызнаў, што ёсьць пэўныя канфэсіі, якія маюць прыярытэт:

(Буко: ) “Канечне, паводле закону ўсе рэлігіі роўныя перад законам, але сапраўды ёсьць рэлігіі, якія ўнесьлі найбольшы ўнёсак у разьвіцьцё духоўных, культурных, дзяржаўных традыцый беларускага народу. І перш за ўсё гэта Беларуская праваслаўная царква”.

Акрамя таго спадар Буко да такіх цэркваў аднёс рымска-каталіцкі касьцёл, іудзейскую, мусульманскую і лютэранскую канфэсіі.

Новыя рэлігіі, паводле спадара Буко, яшчэ павінны даказаць сваю ляяльнасьць да дзяржавы.

Што да справаздачы Дзярждэпартамэнту, то, паводле Станіслава Буко, Камітэт ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі зьвяртаўся ў амбасаду ЗША і даваў дэталёвыя тлумачэньні па ўсіх пунктах.

(Буко: ) “Такім чынам супрацоўнікі амбасады ЗША з разуменьнем нас успрынялі, і мы дамовіліся, што ў далейшым тыя факты, якія будуць да іх паступаць, будуць адсочвацца супрацоўнікамі амбасады, і мы будзем ім папярэдне іх тлумачыць”.

У прыватнасьці Станіслаў Буко абверг, што ёсьць факты ўціску пратэстанцкіх грамадаў, у доказ прывёўшы статыстыку іх росту, напрыклад, Хрысьціян веры Эвангельскай у 1988 годзе ў Беларусі было 39 грамадаў – цяпер 494, Адвэнтыстаў сёмага дня было 11, стала 63.

У справаздачы Дзярждэпартамэнта сьцьвярджаецца пра канкрэтны факт, калі менская грамада царквы “Новае жыцьцё” ня можа знайсьці памяшканьне, і яе кіраўнікоў улады штрафуюць за правядзеньне імшы.

Гаворачы пра гэты выпадак, спадар Буко зазначыў, што царква “Новае жыцьцё” пачала будаваць свой малітоўны дом у былым кароўніку без дазволу і ўзгадненьняў з ўладамі.

(Буко: ) “Калі б царква паводзіла сябе дастаткова разумна і мудра, то запэўніваю вас, што папрасіўшы ў мясцовых уладаў штосьці ўзамен, альбо ўчастка альбо памяшканьне, рашэньне было б знойдзенае станоўчае.”

Паводле спадара Буко, канфлікт ўзьнік з-за таго, што царква ігнаравала ўлады. Ён прызнаў што гэтая царква не была перарэгістраваная, але сытуацыя можа зьмяніцца, калі яна прадставіць новы юрыдычны адрас.

Гл.таксама • Дзярждэпартамэнт ЗША адзначае рэлігійную дыскрымінацыю ў Беларусі • У Беларусі вітаюць даклад Дзярждэпартамэнту ЗША аб свабодзе рэлігіяў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG