Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчы Брусэль-Масква плянуецца закрануць беларускую праблематыку


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве адбудзецца чарговая сустрэча міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова з міністэрскай “тройкай” Эўрапейскага зьвязу. На ёй плянуецца закрануць беларускую праблематыку.

Эўрапейскі зьвяз на гэтай сустрэчы будуць прэзэнтаваць міністар замежных справаў Вялікабрытаніі Джэк Стро, міністар замежных справаў Аўстрыі Урсула Пласьнік, сябра камісіі Эўрапейскіх супольнасьцяў, адказная за вонкавыя сувязі і палітыку суседзтва Беніта Ферэра-Вальднэр і генэральны сакратар Рады Эўразьвязу, высокі прадстаўнік Эўрапейскага зьвязу ў агульнай зьнешняй палітыцы і палітыцы ў галіне бясьпекі Хаўер Саляна. Чакаецца, што з расейскага боку, акрамя міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, возьме ўдзел у сустрэчы памочнік прэзыдэнта Расеі, спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ў пытаньнях разьвіцьця адносінаў з Эўразьвязам Сяргей Ястржэмбскі.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС Расеі Міхаіла Камыніна, а гэтая інфармацыя разьмешчана на сайце расейскага зьнешнепалітычнага ведамства, будуць абмяркоўвацца пытаньні абнаўленьня асноў адносінаў Расея-Эўразьвяз пасьля 2007 года. Адбудзецца абмен думкамі па шэрагу актуальных міжнародных праблемаў, сярод якіх ядзерная праграма Ірана, разьвіцьцё сытуацыі на Блізкім Усходзе, у Іраку, на Балканах, рэформа АБСЭ і кіпрыйскае ўрэгуляваньне. Як бачым, расейскі бок пакуль ня вылучыў беларускую праблематыку сярод тых пытаньняў, якія трэба абмеркаваць падчас сустрэчы. Ці будзе ж там яна закранацца? Прадстаўнік расейскага МЗС Барыс Малахаў сказаў, што парадак дня будзе вызначаны падчас сустрэчы.

(Малахаў: ) “Адны скажуць, мы хочам падняць гэтыя пытаньні. Мы скажам, а мы плянуем вось гэта. І абмяркуюць. Таму мы ніколі не робім анонса, якія тэмы абмяркоўваюцца. Мы даём кароткія паведамленьні пасьля заканчэньня гэтых сустрэч”.

Такім чынам, у расейскім МЗС ня сталі абмяркоўваць і камэнтаваць парадак дня сёньняшняй сустрэчы. Паводле спадара Малахава, расейская пазыцыя адносна сытуацыі ў Беларусі можа быць выказана пасьля завяршэньня перамоваў.

Тым часам, прадстаўнікі Эўрапейскага зьвязу выказалі намер падняць беларускую праблематыку. Паводле Беніты Ферэра– Вальднэр, Эўразьвяз і Расея ёсьць важнымі партнэрамі ў пытаньнях міжнароднай палітыкі і павінны максымальна актывізаваць супрацоўніцтва ў сфэрах агульных інтарэсаў, сярод іншага ў такіх рэгіёнах, як Беларусь і Прыднястроўе. Прадстаўнікі Эўразьвязу намерваюцца абмеркаваць з расейскім бокам свае апошнія заявы адносна сытуацыі ў Беларусі і Ўзбэкістане, паколькі бачаць неабходнасьць “у больш цесным супрацоўніцтве з Расеяй у гэтых краінах”. Як гаворыцца далей у паведамленьні прэсавай службы Эўракамісіі, Эўразьвяз і Расея зацікаўленыя ў паляпшэньні працы структур улады ў гэтых краінах, гэдаксама ў захаваньні правоў чалавека і разьвіцьці дэмакратыі. Гаворыць Нікола Кэрлегру, прадстаўнік бюро Хаўера Саляны:

(Нікола: ) “Так, беларускае пытаньне таксама будзе ў парадку дня сустрэчы. Вам таксама вядомая ранейшая заява міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу адносна сытуацыі ў Беларусі. Гэта тое пасланьне, якое Эўразьвяз перадасьць адносна Беларусі”.

А як у Беларусі ставяцца да магчымасьці абмеркаваньня беларускай праблематыкі ў рамках сустрэчы “тройкі” Эўразьвязу з міністрам замежных справаў Расеі? Паводле старшыні Нацыянальнага камітэту аб’яднанай апазыцыі Анатоля Лябедзькі, калі беларускую праблематыку ўключаць ў парадак дня сустрэчы Брусэль– Масква, то гэта будзе вялікі посьпех. Дагэтуль расейскі бок сыходзіў з таго, што Беларусь, маўляў, зона расейскіх інтарэсаў і тут няма чаго абмяркоўваць.

(Лябедзька: ) “Эўрапейцы ня вельмі імкнуліся ставіць беларускае пытаньне ў парадак дня з Масквой. Таму, калі гэта будзе насамрэч так, гэта ёсьць прагрэс і тут трэба паставіць добрую адзнаку і аднаму, і другому боку. Яшчэ лепш, калі б да гэтага быў далучаны і трэці бок – беларускі. Ня толькі афіцыйны, але і тыя людзі, якія дбаюць пра перамены, і ўлада, і палітычныя апанэнты. Але на гэтым этапе, можа, трэба пачынаць з двухбаковага дыялёга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG