Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турфірмы прапануюць вандроўкі па "прэзыдэнцкіх мясьцінах" (фота)


Ігар Карней, Менск У адпаведнасьці з патрабаваньнямі Міністэрства спорту і турызму аб прыярытэце ўязнога турызму, некалькі турыстычных фірмаў Воршы распрацавалі адмысловы маршрут па мясьцінах, дзе жыў першы прэзыдэнт Беларусі. Прадстаўнікі фірмаў кажуць, што вандроўка карыстаецца попытам ня толькі ў жыхароў рэгіёну, але і сярод грамадзянаў суседніх зь Беларусьсю рэгіёнаў Расеі.

Стартуючы ў Воршы, маршрут у гэты ж дзень заканчваецца ў Александрыі — роднай вёсцы Аляксандра Лукашэнкі. Цягам вандроўкі турыстам прапанавана гэтаксама наведаць узорны пасёлак Копысь, дзе Лукашэнка зьявіўся на сьвет у мясцовым радзільным доме і скончыў сярэднюю школу, а таксама невялікую вёску Ляўкі — тут першы прэзыдэнт сам некалькі разоў быў у якасьці турыста. Як вядома, у Ляўках, што за два кілямэтры ад Копысі, месьціцца мэмарыяльны музэй Янкі Купалы. Праўда, у маршруце няма прыпынку ў самой Воршы, хоць у прафэсійным сьпісе Лукашэнкі ёсьць непрацяглы пэрыяд працы ў адміністрацыйна-гаспадарчым падразьдзяленьні адной з аршанскіх турмаў. Расказвае адзін з ініцыятараў праекту Іван Гарэлік:

(Гарэлік: ) “Канечне, тут няма ніякай мэркантыльнасьці, усё ў імя ідэі. Дагэтуль усе падобныя маршруты былі зьвязаныя выключна са школьнікамі, але школьнікі цяпер такія, што іх цікавіць зусім іншае. Таму гэта сур’ёзны праект, разьлічаны на адпаведны кантынгент. Я б сказаў, што гэта своеасаблівы флэш-моб, у чымсьці нават “сьцёбная штука”. І ён можа рэальна зацікавіць расейцаў, бо падарожжа па Лукашэнкавых мясьцінах увогуле можа стаць фішкай №1”.

Кошт падарожжа па прэзыдэнцкіх мясьцінах даступны, бадай, кожнаму: у залежнасьці ад фармаваньня групы — да 20 даляраў на чалавека. Адзінае, на што скардзяцца турысты — у часе паездкі нельга набыць ніякіх сувэніраў ці хоць бы паштовак з выявай дому, дзе Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся. Гіды тлумачаць, што прэзыдэнцкая хата ад старасьці струхнела: пасьля абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам яна была зьнесеная, а для ягонай маці Кацярыны Трафімаўны за бюджэтныя сродкі быў збудаваны цагляны дом.

У 2003 годзе ў Копысі быў праведзены маштабны касмэтычны рамонт. Усе будынкі дзяржаўных установаў, уключна з адміністрацыяй, поштай, школай, крамамі і шпіталем, былі аздобленыя сайдынгам, пакрытыя дахоўкай, а драўляныя вокны замянілі на шклопакеты. Уваход на знакаміты Пятроўскі вал — рукатворны помнік часу Паўночнай вайны — агароджаны. Дарэчы, 70 гадоў таму Янка Купала, як кажуць, вельмі любіў уздымацца на вал, адкуль адкрываўся велічны краявід, былі відаць Днепр і Александрыя на другім беразе. Праўда, калі сорак гадоў таму Лукашэнка трапляў у Копысь паромам, то цяпер сувязь Александрыі з цывілізацыяй падтрымлівае пантонны мост. У часе сёлетняга наведваньня “малой радзімы” Лукашэнка загадаў нарэшце злучыць два ягоныя берагі стацыянарным мостам.

Фотарэпартаж

1. Копысь — паказальны пасёлак

2. На Пятроўскі вал уваходзяць праз арку

3. Копысь і Александрыю зьвязвае пантонны мост
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG