Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” і “Салідарнасьць” выдаленыя з падпіснога каталёгу


Альгерд Невяроўскі, Менск Незалежныя газэты “Народная Воля” і “Салідарнасьць” ня ўключаныя ў падпісны каталёг на 2006 год. Рэдактары гэтых выданьняў атрымалі ліст ад кіраўніцтва прадпрыемства “Белпошта”, у якім тлумачыцца, што з 1 студзеня наступнага году спыняецца супрацоўніцтва з гэтымі газэтамі.

Кіраўніцтва “Белпошты” тлумачыць свой крок наступнымі словамі: “Кожны суб’ект гаспадараньня ў сваёй камэрцыйнай дзейнасьці мае права кіравацца эканамічнай мэтазгоднасьцю”.

Як зазначылі ў інтэрвію агенцтву БелаПАН рэдактар “Салідарнасьці” Аляксандар Старыкевіч і шэф-рэдактар “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна, наўрад ці гэтае рашэньне ўласна “Белпошты”. Хутчэй за ўсё рашэньне было прынятае значна вышэй.

Сьвятлана Калінкіна лічыць, што пазбаўленьне чытачоў “Народнай волі” падпіскі ёсьць працягам кампаніі супраць газэты, якая пачалася ў кастрычніку. Тады друкарня “Чырвоная зорка” адмовілася друкаваць “Народную Волю”, а прадпрыемства “Белсаюздрук” распаўсюджваць яе праз сваю сетку.

Аляксандар Старыкевіч і Сьвятлана Калінкіна лічаць, што ў цяперашніх умовах стварыць незалежную сыстэму распаўсюду ня вельмі рэальна. Бо гэтая дзейнасьць падлягае ліцэнзаваньню.

Сьвятлана Калінкіна сумняюцца, што Міністэрства сувязі дасьць дазвол на такую дзейнасьць недзяржаўным распаўсюднікам.

“Пасьля гэтага кроку ўладаў для недзяржаўных СМІ надыходзіць эпоха самвыдату і інтэрнэту” – цытуе БелаПАН Аляксандра Старыкевіча. А Сьвятлана Калінкіна гаворыць, што выданьне газэты цяпер ня можа існаваць як бізнэс.

На яе думку, грамадзка-палітычную недзяржаўную газэту трэба выдаваць так, каб яе можна было раздаваць на вуліцы людзям бясплатна, а яе наклад мусіць быць ня меншым за наклад “Советской Белорусии”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG