Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З трох арыштаваных сяброў “Партнэрства” на волю выйшла Э.Браніцкая


Любоў Лунёва, Менск Зь менскага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна на волю выйшла намесьніца старшыні грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Эніра Браніцкая. Дзяўчына адседзела 10 сутак арышту за арганізацыю не санкцыянаванага ўладамі ўстаноўчага сходу. За кратамі застаецца яшчэ адзін намесьнік лідэра гэтай арганізацыі — Аляксандар Бондараў. Сам Мікола Астрэйка знаходзіцца ў 2-м клінічным шпіталі.

Эніру Браніцкую сустракалі яе паплечнікі. Дзяўчына першы раз трапіла ў камэру спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка, ды яшчэ ў пэрыяд абвастрэньня хранічнай язвы страўніка. Яна сядзела ў камэры разам з чатырма жанчынамі, дзьве зь якіх былі іншаземкі і чакалі дэпартацыі. Эніра пажартавала, што дзякуючы гэтаму мела моўную практыку.

(Браніцкая: ) “Сядзелася лепш, чым я чакала. Не было такіх брудных бамжоў. Спачатку нас сядзела восем чалавек у камэры перад судом, а потым больш за пяць нас не было. Дзьве бамжыхі са мной сядзелі, адна з Малдовы і адна чорная дзяўчына з Каморскіх выспаў — зь ёй я размаўляла па-француску, бо яна ніякімі іншымі мовамі не валодае. Іншаземкі чакалі дэпартацыі. Яшчэ раз сюды трапіць мне будзе ня страшна. Не, гэтым мяне ніколі не запалохаюць. Папросту было шкада гэтых сутак, бо за гэты час я магла зрабіць нешта лепшае. Мы жартавалі, што гэта бальнічка”.

Нагадаем: 29 кастрычніка ў кінатэатры “Цэнтральны” супрацоўнікі міліцыі затрымалі каля 70 чалавек, якія праводзілі там устаноўчую канфэрэнцыю, каб зарэгістраваць арганізацыю “Партнэрства”. Трох удзельнікаў сходу — Міколу Астрэйку, Эніру Браніцкую і Аляксандра Бондарава — суд пакараў арыштам на 15 сутак. Сьвятлану Конаву, паколькі ў яе малое дзіця, суд аштрафаваў на 30 базавых велічыняў. Гарадзкі суд часткова задаволіў скаргу адваката толькі ў дачыненьні да Эніры Браніцкай. Таму Эніра выйшла на 5 сутак раней.

Сябар Эніры Браніцкай Багдан Арлоў прыносіў ёй перадачы і сустрэў ля брамы спэцпрыёмніка:

(Арлоў: ) “Я прыйшоў на знак падтрымкі Эніры Браніцкай, нягледзячы на тое, што не зьяўляюся сябрам арганізацыі “Партнэрства”. Прыйшоў падтрымаць, сустрэць. Я раней прыносіў ёй перадачы. Што можна казаць? Гэта нейкі дзікунскі нонсэнс, калі арганізацыя зьбіраецца, каб зарэгістравацца, а ёй гэтага папросту не даюць такім вось жахлівым барбарскім чынам”.

Лідэр арганізацыі Мікола Астрэйка з камэры спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка трапіў у 2-гі клінічны шпіталь. Такім чынам, за кратамі застаецца Аляксандар Бондараў. Тэрмін адбыцьця арышту скончыцца ў 10 раніцы 13 лістапада.

Некалькі дзён таму прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Шон Маккормак выступіў з асуджэньнем арыштаў сяброў ініцыятывы “Партнэрства” і заклікаў беларускія ўлады паважаць дэмакратычныя правы беларусаў у адпаведнасьці зь беларускай Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG