Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч: “Адна вялікая краіна падтрымлівае дыктатуру ў Беларусі...”


Алесь Дашчынскі, Менск Прадстаўнікі афіцыйнага Менску і беларускай апазыцыі камэнтуюць заяву міністраў замежных справаў Эўразьвязу. Нагадаем, у ёй улады Беларусі папярэджваюцца: калі прэзыдэнцкія выбары 2006 году будуць непразрыстымі і несвабоднымі, калі на іх ня будуць дапушчаныя міжнародныя назіральнікі, то сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу, будзе пашыраны. Міністры таксама заявілі пра гатовасьць “прыняць дадатковыя абмежавальныя захады”, у тым ліку замарожваньне банкаўскіх рахункаў канкрэтных асобаў. У заяве таксама адзначаецца, што Эўрапейскі зьвяз будзе рабіць маніторынг сытуацыі ў Беларусі, асабліва ў кантэксьце прэзыдэнцкіх выбараў.

Намесьнік кіраўніка штаба адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі Вінцук Вячорка задаволены рэакцыяй Брусэлю на сытуацыю ў Беларусі.

(Вячорка: ) “Якраз пэрсанальна арыентаваныя захады, якія не б’юць у беларускі народ, а скіраваныя супраць вінаватых у антыдэмакратыі людзей, і ёсьць найбольш эфэктыўным інструмэнтам уплыву. Гэта якраз тое, пра што мне і маім калегам даводзілася ў эўрапейскіх сталіцах гаварыць. Вельмі важна, што гэтая засьцярога прагучала загадзя, перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Гэта дае магчымасьць лукашэнкаўскай уладзе і найвышэйшым яе чыноўнікам задумацца. Гэта дае ім шанец выправіцца, калі б яны сапраўды выправіцца хацелі”.

Старшыня БСДГ Станіслаў Шушкевіч патлумачыў, што прапанаваныя захады - гэта вельмі складаная бюракратычная праца.

(Шушкевіч: ) “Я лепш вітаў бы рашэньне гэтых міністраў, каб яны зрабілі ўціск на тыя структуры, на тыя дзяржавы, якія садзейнічаюць панаваньню ў Беларусі дыктатуры. Ну, а так гэта ім больш бачна, што рабіць. Але тое, што фактычна адназначна – адна вялікая краіна падтрымлівае дыктатуру ў Беларусі і гэта краіна – Расея. Гэта вельмі непрыемна. І мне здаецца, павінен быць працэс перамоваў менавіта з гэтай краінай, каб яна абапіралася на дэмакратычныя сілы і каб яна паступала дэмакратычным чынам”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава заяўляе, што ўсе меры, якія садзейнічаюць ізаляцыі Беларусі – контрапрадуктыўныя.

(Абрамава: ) “Па першае, чые рахункі будуць замарожаныя? Калі ласка, агучце ўвесь сьпіс. Такія туманныя намёкі – гэта выглядае, як праява бясьсільля. Характар выбараў залежыць ад унутраных, а не ад зьнешніх умоваў. Наколькі кандыдаты будуць дзеяздольныя і ў стане будуць забясьпечваць адэкватнае назіраньне за выбарамі”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік найбольш устрывожаны пашырэньнем візавых санкцый. Ён нават вырашыў выказацца на расейскай мове.

(Лазавік:) “Тут патрабуецца моцнае расейскае слова. Палітыка забароны выезду беларускіх чыноўнікаў у Эўропу – гэта палітыка дэбілізму. Некаторыя палітыкі з Эўразьвязу спрабуюць вучыць нас, прыязджаць сюды, указваць нам пальцам, як жыць, але, маўляў, вас мы да сябе не пусьцім. Гэта не супрацоўніцтва, гэта зьдзек”.

Кіраўнік камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах Вадзім Папоў адзначыў, што такая заява не паўплывае на дзеяньні беларускіх уладаў. Маўляў, міністры “спрабуюць ламацца ў адчыненыя дзьверы”.

(Папоў: ) “Што да ўсяго астатняга – гэта спроба дзейнічаць з пазыцыі сілы. Яшчэ выбары не прызначаны, а яны ўжо прагназуюць санкцыі пасьля выбараў. І загадзя настроены на тое, што выбары будуць такімі, якія ім хочацца бачыць.Гэта парадксальная заява”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG