Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 лістапада 1883 году нарадзіўся Вацлаў Ластоўскі -- кіраўнік ураду БНР


RFE/RL Каляндар Свабоды

8 лістапада ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Зьміцер. “Зьмітраў дзень – зіма лезе на пляцень”, -- казалі нашыя продкі. А яшчэ: “Сьвяты Зьміцер зямлю выцер, на груды пабіў, каб ніхто не хадзіў”, -- што сьведчыла пра заканчэньне гаспадарчай актыўнасьці перад зімою.

8 лістапада 1784 году ў Шаўрах на Воранаўшчыне нарадзіўся Тэадор Нарбут. Будучы гісторык і археоляг скончыў Віленскі ўнівэрсытэт, пасьля гады тры ўдзельнічаў у войнах Расейскай імпэрыі з Прусіяй, Францыяй і Швэцыяй. Ён, дарэчы, аўтар праекту Бабруйскай крэпасьці. Але вайсковы імпэт рана ці позна сканчаецца і актыўныя мілітарысты часам ператвараюцца ў мудрых дасьледчыкаў гісторыкаў. Гэтак сталася і з нашым героем. У 1812 годзе ён пасяліўся ў сямейным маёнтку і стаў вывучаць мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага. Як гісторык Тэадор Нарбут шырака вядомы сваёй дзевяцітамовай “Гісторыяй літоўскага народа“.

8 лістапада 1847 году нарадзіўся ангельскі пісьменьнік Брэм Стокер, які праславіўся сваім раманам “Дракула“.

8 лістапада 1883 году прыйшоў на сьвет Вацлаў Ластоўскі. Родам ён з засьценку Калесьнікі Глыбоцкага раёну. Ластоўскі – палітык, выдавец, гісторык і літаратар. Калі пералічыць ягоны жыцьцёвы даробак, можна падумаць, што гэта не адзін чалавек працаваў, а цэлая Акадэмія Навук з цэлым Саюзам Пісьменьнікаў разам узятыя. Мяркуйце самі. Ён быў сакратаром рэдакцыі газэты “Наша Ніва“, выдаў першую “Кароткую гісторыю Беларусі“, пасьля быў рэдактарам газэты “Гоман“ і часопіса “Крывіч“, пісаў апавяданьні і аповесьці, апублікаваў “Падручны расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік“ і фундамэнтальную “Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі», а яшчэ шмат перакладаў. І пры гэтым усім узначальваў урад БНР, за што пры паляках трапіў у турму, працаваў у міністэрстве беларускіх справаў у міжваеннай Літве, у Коўне. Адтуль перабраўся ў Менск, быў дырэктарам беларускага дзяржаўнага музэя. У 1937-м савецкія карныя ворганы выслалі Ластоўскага ў Саратаў і там расстралялі. Было яму на той момант 55 гадоў. Можна толькі ўяўляць, чаго не пасьпеў зрабіць Ластоўскі -- чалавек-акадэмія, генэратар ідэяў, надзелены талентам і неверагоднай працавітасьцю.

8 лістапада 1902 году нарадзіўся кампазытар Нестар Сакалоўскі. Гэта ягоная музыка стала некалі гімнам БССР, а цяпер працягвае быць гімнам Рэспублікі Беларусь. Яшчэ зь ягонага даробку -- вядомая песьня пра Нёман.

8 лістапада 1986 году памёр Вячаслаў Молатаў. Мабыць, ягонае імя сёньня б ціха забылася, як і імёны многіх савецкіх кіраўнікоў, калі б ня той перадваенны пакт Рыбэнтопа-Молатава, які пакроіў лёсы краінаў і народаў.

Абодва міністры замежных справаў -- адзін гітлераўскі, другі сталінскі, скончылі жыцьцё па-рознаму. Рыбэнтроп на шыбеніцы -- пасьля прысуду Нюрнбэрскага міжнароднага трыбуналу, як вайсковы злачынца. Молатаў -- як савецкі пэнсіянэр. Пасьля сьмерці Сталіна Молатава выключылі з партыі. І ўсё астатняе жыцьцё ён падаваў заявы, каб аднавілі ягонае членства. Партбілет стаў сэнсам жыцьця сталінскага паслугача. Але ні Брэжнеў, ні Андропаў ягоную просьбу не задаволілі. Толькі Чарненка прыняў ва ўлоньне партыі заблукалага ейнага сына. Трэба думаць, што памёр Молатаў прасьветлены, з пачуцьцём перамогі справядлівасьці. Між іншым, сапраўднае прозьвішча яго было музычнае -- Скрабін.
XS
SM
MD
LG