Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ветэранам не падабаецца ідэя аб''яднаньня пэнсіянэраў?


Алесь Дашчынскі, Менск Прыкладна месяц таму ў Менску пачаў працу аргкамітэт у стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсыянэраў. На гэта адрэагавала кіраўніцтва праафіцыйнага аб’яднаньня ветэранаў. У сваёй заяве яны абвінавачваюць аргкамітэт новай арганізацыі (сярод сябраў якога Зінаіда Бандарэнка, Васіль Якавенка ды іншыя вядомыя асобы) у “жаданьні раскалоць шэрагі пэнсыянэраў”, “нацкаваць іх на прэзыдэнта...”

У заяве савета ветэранаў гаворыцца, што пэнсыянэры, маўляў, ужо маюць сваю арганізацыю – Беларускае грамадзкае аб’яднаньне ветэранаў. “Наша арганізацыя падтрымлівае курс прэзыдэнта і ўрада краіны. Гэты курс накіраваны на стабільную, квітнеючую, незалежную, моцную Беларусь. І не падтрымліваць яго могуць толькі няпрыяцелі”, – гаворыцца ў заяве. У прэзыдыюме рэспубліканскага савета ветэранаў лічаць, што сапраўдным патрыётам з новымі абаронцамі інтарэсаў пэнсыянэраў не па дарозе. Бо іхная сапраўдная мэта, “расколаць нашыя шэрагі, стварыць новую арганізацыю і проціпаставіць яе прэзыдэнту і ўраду”. Як цьвердзіць кіраўніцтва ветэранскай арганізацыі, сапраўдная мэта стваральнікаў новага аб’яднаньня пэнсыянэраў у правядзеньні антынароднага курса. Таму, маўляў, ветэраны не павінны даць сябе падмануць. Яны мусяць раскрываць іх вераломныя намеры.

Таму і кіраўнік савета менскай гарадзкой арганізацыі ветэранаў Канстанцін Раманчанка ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні нейкай новай структуры.

(Раманчанка: ) “Ёсьць такая прымаўка, гуртом і бацьку біць лягчэй. Дык вось, калі мы гуртом і ўсе разам працуем, па тых плянах, якія ёсьць у нас, мы зробім усё. А калі мы будзем вось так, кожны сабе цягнуць коўдру, нічога не будзе. Гэта нікому не трэба. Ёсьць у нас статут, арганізацыя створана. А для чаго гэта яшчэ ? Супраць каго? Супраць саміх сябе ці што? Не трэба абараняць інтарэсы пэнсіянэраў. Ёсьць у нас закон аб ветэранах у дзяржаве прыняты. І ўсё. Там і вожыку зразумела, што трэба рабіць. І гэтыя вось імкненьні проста скіраваны на тое, каб раз’яднаць людзей”.

А як ставяцца да такой рэакцыі кіраўніцтва праафіцыйнага савета ветэранаў сябры ініцыятыўнай групы ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў?

Паводле пэнсыянэра-інжынэра Уладзімера Раманоўскага, ніхто з ветэранскага аб’яднаньня нават не паспрабаваў сустрэцца з сябрамі ініцыятыўнай групы, якія не намерваюцца ісьці на канфрантацыю з гэтай афіцыйнай арганізацыяй.

(Раманоўскі: ) “У нас таксама ёсьць розныя пазыцыя, інтарэсы. Я, напрыклад, хацеў бы заняцца пытаньнем былых вязьняў ГУЛАГу, таму што пра іх наагул у грамадзтве забыліся. Можа ў ветэранаў да гэтага рукі не даходзяць, дык вось мы зоймемся. Мы настроены міралюбна. Але мы чакалі, што могуць быць такія нездаровыя рэакцыі. І ў адказ на гэтую заяву мы прапануем руку супрацоўніцтва. Ну, а тое, што мы, маўляў, антынародныя, дык гэта адрыжка. Дарэчы, амаль 70 гадоў таму, пачалі масава зьнішчаць ворагаў народа. І нам вельмі не хацелася б, каб нашыя калегі па ўзросту, такім чынам, нагадвалі пра гэтыя старыя часы”.

Паводле старшыні сацыяльна-экалягічнага саюза “Чарнобыль”, пісьменьніка Васіля Якавенкі, рэакцыя арганізацыі ветэранаў накіравана на тое, каб падтрымаць курс уладаў на стварэньне і ўзмацненьне ў Беларусі таталітарнага рэжыму. Такія заявы, лічыць спадар Якваенка, робяцца па ўказцы зьверху.

(Якавенка: ) “Гэта іх трывога, што раптам у грамадзтве нешта зьменіцца і яны будуць адштурхнутыя ад таго карыта, каля якога яны кормяцца. І відаць, закранула іх тое, што гэтая новая арганізацыя хоча яшчэ праяўляць клопат пра моладзь, будучыню сваёй краіны”.

Аргкамітэт у стварэньні грамадзкага аб’яднаньня беларускіх пэнсіянэраў працуе над правядзеньнем устаноўчага з’езда. Асноўныя накірункі дзейнасьці гэтай структуры, як гаварылася ў апублікаваным звароце да грамадзянаў – у клопаце пра будучыню дзяцей і ўнукаў і будучыню Беларусі. А таксама ў абароне правоў і інтарэсаў калег-пэнсіянэраў. У абласьцях працягваецца вылучэньне дэлегатаў, а сам з’езд плянуецца правесьці напрыканцы гэтага месяца. Пра мэты пэнсыянэрскага аб’яднаньня Васіль Якавенка. (Якавенка: ) “Многа людзей сталага веку перажываюць за тое недарэчнае, што ў нашым грамадзтве робіцца. Яны хацелі б нейкім чынам аб’яднацца, каб недзе падаць свой голас. У цэлым, каб такая арганізацыя была. Ну дык гэта павінна дзяржава вітаць, любы інстытут грамадзкага жыцьця. Многа тых жа ветэранаў хацелі б яшчэ дзейнічаць, хацелі б быць сапраўднымі грамадзянамі, вось дзеля гэтага і ствараецца аб’яднаньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG