Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва разглядае новы варыянт пляцоўкі для радыёактыўнага могільніка


Тацяна Поклад, Вільня У Літве энэргетыкі зьмянілі пляны адносна стварэньня радыёактыўнага сховішча каля вёскі Галілаўке Ігналінскага раёну, што за 700 мэтраў ад беларускага нацыянальнага парку “Браслаўскія вазёры”. Цяпер разглядаецца іншы варыянт пляцоўкі да радыёактыўнага сховішча -- прыкладна за 4 км ад мяжы зь Беларусьсю.

Гэта рашэньне можна зьвязаць з вынікамі пратэстаў грамадзкасьці і ўрадаў Беларусі і Латвіі і таго, што мясцовыя ўлады Ігналінскага раёну запатрабавалі вельмі вялікую кампэнсацыю за пабудову сховішча на сваёй тэрыторыі. Паведамляецца, што месца пабудовы хутчэй за ўсё будзе перанесенае бліжэй да Ігналінскай АЭС і на 3 км далей ад мяжы зь Беларусьсю, чым плянавалася раней. Яшчэ сёлета будуць распачатыя геалягічныя дасьледваньні, якія пакажуць, ці могуць быць радыёактыўныя адкіды пахаваныя на пляцоўцы Стабацішкі – гэта на тэрыторыі Ігналінскай АЭС.

Каб падабраць і адпаведным чынам падрыхтаваць пляцоўку для сховішча радыёактыўных адкідаў, трэба ня толькі грошы, ня толькі адпаведныя геалягічныя умовы (глыбіня грунтовых водаў, вышыня пляцоўкі), але і згода мясцовых органаў кіраваньяньня і грамадзкасьці. Дасюль не ўдалося дамовіцца ні па адной з гэтых умоваў. Раней прапаноўваліся два варыянты -- два месцы ў тым жа Ігналінскім раёне – у Галілаўке (4 км ад АЭС) альбо ў Апвардэй (8 км ад АЭС), блізка ад межаў з Латвіяй і, асабліва, – зь Беларусьсю, дзе зусім побач нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”. Цяпер прапанаваны трэці варыянт, які парушае забарону захоўваць адкіды на тэрыторыі Ігналінскай АЭС пасьля яе закрыцьця.

Дагэтуль радыеактыўныя адкіды ў Літве захоўваюцца ў спэцыяльных кантэйнэрах на Ігналінскай АЭС. Час на выбар месца яшчэ ёсьць -- сховішча плянуецца будаваць не раней, чым праз дзесяць гадоў, як афіцыйна паведамляецца у Літве. Уся інфармацыя падаецца у інтэрнэце. Літоўскі бок цьвердзіць, што Беларусь была паінфармаваная, аднак афіцыйны Менск заяўляе, што яны ня маюць дакладных зьвестак адносна “ядзернага магільніка”..

Як адзначаюць у Літве, у беларускіх сродках масавай інфармацыі, калі асьвятляюць гэтую праблему, блытаюць радыёактыўныя адкіды – выкарыстанае ядзернае паліва, -- і маларадыёактыўныя адкіды. У Літве адмыслоўцы і прадстаўнікі ураду падкрэсьліваюць, што у дадзеным выпадку тэрмін “радыёактыўны магільнік” недакладны, паколькі у дадзеным выпадку гаворыцца пра “сховішча для маларадыёактыўных адкідаў”, напрыклад, вопраткі, пальчатак, іншых рэчаў, якія выкарыстоўваліся на АЭС. Што да выкарыстанага ядзернага паліва, -- радыёактыўных адкідаў, -- насамрэч небясьпечнага рэчыва, -- то парлямант Літвы мае разглядаць праект закону, які забараняе захоўваць у Літве выкарыстанае ядзернае паліва. Праект такога закону ўжо зарэгістраваны, як паведаміў літоўскі парлямантар Гедымінас Якавоніс, які у соймаўскім камітэце аховы асяродзьдзя займаецца праблемамі гэтага сховішча. Ён тлумачыць:

(Якавоніс: ) “Калі мы далучыліся да Эўразьвязу, Літве былі значна павялічаныя квоты на вываз выкарыстанага ядзернага паліва – на 40 працэнтаў. Акцэнтавалася, што выкарыстанае ядзернае паліва мае быць з Літвы вывезенае. Паводле ўсіх міжнародных нормаў, тая краіна, у якой набываецца ядзернае паліва – у гэтым выпадку гэта Расея, – заабавязваецца вывезьці гэтыя рэчывы. І доўгі час адказныя прадстаўнікі з нашага Міністэрства гаспадаркі цьвердзілі, што мы Расею да гэтага не прымусім. Высьветлілася, што гэта – няпраўда, бо прадстаўнікі Думы Расеі ў Радзе Эўропы прадставілі ўвесь пакет дакумэнтаў, якія сьведчаць, што Расея згодная, калі мы ім заплацім, прыняць выкарыстанае ядзернае паліва”.

Нагадаем, пасьля далучэньня да Эўразьвязу Літва заабавязалася цалкам спыніць Ігналінскую АЭС да 2009 году, а праз тры гады пасьля гэтага пачаць дэмантаж станцыі, якую эўрапейскія спэцыялісты лічаць небясьпечнай. Лёс сховішчаў, альбо “магільнікаў” для выкарыстанага ядзернага паліва у Літве дасюль нявырашыны. Сховішчы для маларадыёактыўных адкідаў плянуецца будаваць на тэрыторыі Літвы. Міністэрства аховы асяродзьдзя Літвы разьмясьціла ў сеціве падрабязную інфармацыю пра плянаваныя сховішчы: мяркуецца, што ўся тэрыторыя сховішча ахопіць 40 гектараў, сховішча будзе выкарыстоўвацца да 2030 году і мусіць ахоўвацца ня меней як 300 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG