Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя постаці адраджэньня: Айцец Робэрт – сьвятар з Флямандыі, які аказаў вялікую дапамогу беларускаму руху


Ганна Сурмач, Прага (Эфір 1 лістапада 2005) Новая перадача сэрыі "Беларускае замежжа". Удзельнічае Янка Запруднік (ЗША).

У гісторыі беларускай студэнцкай грамады, якая вучылася па вайне ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі, і да сёньня недастаткова асьветленая роля вялікага спрыяльніка беларусаў – каталіцкага сьвятара айца Робэрта ван Каўэлярта дэ Уілса. Менавіта ён у значнай ступені спрычыніўся да таго, што беларускім студэнтам там былі створаны ўсе ўмовы для навучаньня.

(Сурмач: ) "Імя айца Робэрта ван Каўэлярта цяпер амаль забытае для беларусаў, але ў 1950-я гады яно час ад часу зьяўлялася ў беларускай эмігранцкай газэце "Бацькаўшчына". Напрыклад, у паведамленьні аб высьвячэньні ў Лювэне 20 лістапада 1960 году помніка на магіле кампазытара Міколы Равенскага.

Там гаварылася, што разам зь беларускім сьвятаром айцом Аляксандрам Смаршчком помнік высьвячаў і айцец Робэрт ван Каўэлярт.

Пакуль яшчэ ёсьць каму распавесьці пра гэтага чалавека. Я зьвярнулася з такой просьбаю да былога беларускага студэнта ў Лювэне Янкі Запрудніка. Ён вельмі добра ведаў а. Робэрта і захаваў пра яго самы добрыя ўспаміны.

Сп. Янка, хто быў а. Робэрт па паходжаньні?"

(Запруднік: ) “Ён паходзіў зь вядомай сям''і ван Каўэляртаў, ягоны дзядзька быў прэзыдэнтам бэльгійскага Сойму, а перад тым быў мэрам Антвэрпэна.

Іншыя ягоныя сваякі – адзін з братоў быў рэдактарам уплывовай флямандзкай газэты, яны займаліся палітыкай.

Ён быў манах-бэнэдэктынец, які цікавіўся усходнім царкоўным абрадам, у той час быў ігуменам невялікага манастыра”.

(Сурмач: ) "Па нацыянальнасьці айцец Робэрт быў флямандцам – прадстаўніком народу, які змагаўся за сваё нацыянальнае адраджэньне?"

(Запруднік: ) “Флямандцы ў Бэльгіі былі крыху загнанымі ў параўнаньні з валёнцамі – людзьмі францускай культуры. Да 1950 году, за палову стагодзьдзя, флямандзкі рух зрабіў вялікі прагрэс.

Флямандцы дамагліся роўных правоў для сваёй мовы, адваявалі Лювэн, бо Лювэн знаходзіцца на флямандзкай этнічнай тэрыторыі.

Як флямандзец айцец Роберт, які браў удзел у нацыянальным флямандзкім адраджэньні, і сям''я якога была глыбока заангажаваная ў адраджэнскім флямандзкім руху, вельмі добра разумеў сытуацыю беларускага нацыянальнага руху.

У яго была сымпатыя да гэтага праз знаёмства зь беларускімі студэнтамі, найперш з Барысам Рагулям. Калі мы ў 1950 годзе прыехалі з Ангельшчыны вучыцца ў Лювэн, пазнаёміліся з айцом Робэртам. Ён быў вельмі сэнтымэнтальны, імпульсіўны, з добрым сэрцам, з добрым разуменьнем патрэбаў беларускага руху”.

(Сурмач: ) "У 1956 годзе айцу Робэрту споўнілася 50 гадоў, адначасна ён адзначыў 25 гадоў сваёй сьвятарскай дзейнасьці. З нагоды гэтых юбілеяў ён атрымаў шмат віншаваньняў ня толькі ад беларусаў у Бэльгіі, але і ад беларускіх дзеячаў зь іншых краінаў. Усе выказвалі яму шчырую падзяку за дапамогу беларускім студэнтам. Але сам а. Робэрт ацэньваў сваю працу больш сьціпла і напісаў у адказ “Адкрыты ліст да маіх беларускіх сяброў”, які быў апублікаваны у газэце “Бацькаўшчына” за 24.07.1956. Ён пісаў:

“Усё, што мы зрабілі ў Лювэне, мы рабілі разам, пры вельмі ахвярным супрацоўніцтве доктара Барыса Рагулі і ўсіх студэнтаў бяз розьніцы на веравызнаньне і палітычныя пагляды, але з адзіным і агульным жаданьнем служыць будучыні беларускага народу”.

(Сурмач: ) "У “Адкрытым лісьце...” айцец Робэрт прыпамінае, як адбылося ягонае далучэньне да справы беларускіх студэнтаў у Лювэне а потым і ўвогуле да беларускага руху у эміграцыі. Гэта сталася тады, калі пытаньне аб навучаньні беларусаў у Бэльгіі было прынцыпова вырашана намаганьнямі Міколы Абрамчыка і Барыса Рагулі:

“... аднаго дня, у канцы лістапада 1948 году, яго Эксцэленцыя Мансіньёр Слоскас паклікаў мяне ды даручыў мне кіраўніцтва і арганізацыю ўсяго, што павінна было далей рабіцца для беларускіх студэнтаў у Лювэне. Гэта была аўдыенцыя, якую я ўважаю за правідэнцыяльную для мяне. Там першы раз я сустрэўся з доктарам Б. Рагулем. Я разьвітаўся зь цьвёрдым намерам зрабіць для яго і ягоных сяброў усё, што будзе ў маіх сілах.”.

(Сурмач: ) "Сп. Янка Запруднік успамінае, што гэты свой намер а. Робэрт выконваў зь вялікай адказнасьцю".

(Запруднік: ) “Калі мы з Англіі вялі перамовы адносна нашага прыезду на вучобу ў Лювэн, дык айцец Робэрт казаў Барысу Рагулю: "Няхай прыяжджаюць, калі будуць студэнты, тады знойдзем і стыпэндыі". Стыпэндыяў на той момант не было, але ён верыў у тое, што можна будзе нейкім цудам гэтыя стыпэндыі здабыць.

Потым яны з Барысам Рагулям езьдзілі ў Ватыкан, пераканалі там кардынала Тысэрана дапамагчы нашай групе. З 1950 да 1955 году гэтая наша група вучылася і жыла дзякуючы намаганьням а. Робэрта. Ён нават залез у даўгі, нейкія сямейныя фонды выкарыстаў, з гэтага ягоная сям''я была надта незадаволеная.

Ён быў энтузіяст і рамантык, які спрыяў адраджэньню сымпатычнага яму беларускага народу”.

(Сурмач: ) "Паслухаем ізноў урыўкі з тэксту “Адкрытага ліста...”:

“Перад тым, як палюбіць Беларусь, я палюбіў сваіх студэнтаў, і толькі празь іх, іхнымі вачыма я бачыў беларускія праблемы, іхны народ, ягоную гісторыю, ягоныя цяперашнія пакуты ды цяжкасьці ягонае будучыні”.

(Сурмач: ) "Айцец Робэрт быў шчырым прыхільнікам ідэі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі:

“З гледзішча вонкавае палітыкі я– за права для Беларусі на сваю незалежнасьць... Энэргічна і пры кожнай нагодзе я бараніў гэтае права беларускага народу супраць ягоных папярэдніх і цяперашніх акупантаў з Захаду і Ўсходу і ці аднаго прыяцеля я страціў сярод палякаў або расейцаў.

Я веру ў прызначэньне самога беларускага народу і я рабіў усё, што мог, каб разьвіваць у сваіх студэнтаў сьведамасьць гэтага прызначэньня, сьведамасьць іхнае гісторыі, іхнае культурнае спадчыны ды іхных неадлучных абавязкаў у дачыненьні да свайго народу і ягонае будучыні”.

(Сурмач: ) "Спадар Запруднік пацьвярджае гэтыя словы".

(Запруднік: ) “Ён быў вельмі зацікаўлены ў тым, каб беларуская студэнцкая грамада ня толькі выдатна вучылася на унівэрсытэцкіх занятках, але каб мы таксама прапагандавалі імя Беларусі. У нас быў хор і танцавальная група, мы езьдзілі на гастролі па бэльгійскіх гарадох, былі ў Нямеччыне, езьдзілі ў Парыж, у Лёндан.

Усяму гэтаму айцец Робэрт вельмі спрыяў. А. Робэрт меў непасрэднае дачыненьне да выданьня кружэлак зь песьнямі ў выкананьні беларускага студэнцкага хору, якім кіраваў Мікола Равенскі, ён дапамог грашыма”.

(Сурмач: ) "Як пісала газэта “Бацькаўшчына” (14.12.1955), на чарговым сходзе Беларускага студэнцкага згуртаваньня ў Лювэне 10 лістапада 1955 году а. Робэрт узяў слова і заклікаў студэнтаў да шчырае і адданае працы:

“Не забывайцеся, што кожны з вас – адказны прадстаўнік свайго народу і свае Бацькаўшчыны... І нават, калі дойдзе да таго, што застанецца толькі адзін беларускі студэнт у Лювэнскім унівэрсытэце – ён зможа зрабіць шмат”.

(Сурмач: ) "Занепакоенасьць айца Робэрта мела падставы. На той час першыя беларускія студэнты ў Лювэне ўжо падыходзілі да заканчэньня навукі, а новая моладзь не знаходзілася, бо ўсе неяк пасьпелі ўжо знайсьці сваё мейсца ў іншых краінах.

Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту выехаў у Амэрыку Янка Запруднік. Ён трымаў далей лучнасьць з айцом Робэртам і арганізаваў ягоную паездку ў Нью-Ёрк у 1958 годзе”.

(Запруднік: ) “Я паспрыяў ягонаму прыезду ў 1958 годзе ў Нью-Ёрк, ён быў на Радыё Свабода, тады я зрабіў з ім інтэрвію для радыё, тады яшчэ радыё называлася "Радыё Вызваленьне".

(Сурмач: ) "Айцец Робэрт у гэтым інтэрвію заклікаў беларускую моладзь з Амэрыкі ехаць на вучобу ў Лювэн, гаварыў, што адукацыя там каштуе удвая таньней. Менавіта гэта было мэтаю ягонай паездкі – знайсьці новых студэнтаў. Ці удалося гэта, паехаў тады нехта вучыцца ў Лювэн?”

(Запруднік: ) “Тады шукалі, так, але было складана. Па-першае, беларуская моладзь у ЗША мела магчымасьць тут вучыцца. Мне здаецца, тады паехала Люда Войтэнка, яна потым вярнулася ў Амэрыку. Вялікага наплыву беларусаў пасьля 1955 году ў Лювэн ужо не было, бо тады паўсталі фінансавыя цяжкасьці”.

(Сурмач: ) "Магчыма, быў і яшчэ адзін аспэкт. У асяродзьдзі беларускай эміграцыі айцу Робэрту часам закідвалі абвінавачваньне, што ён мае на мэце акаталічваць беларускую студэнцкую моладзь, ці сапраўды можна было так сказаць?”

(Запруднік: ) “Ён быў экумэністам у самым непасрэдным разуменьні гэтага слова, падтрымліваў тое веравызнаньне, носьбітамі якога былі студэнты, а мы ў бальшыні былі праваслаўнымі. Унівэрсытэт быў каталіцкі, але там вельмі талерантна ставіліся да ўсіх іншых веравызнаньняў.

Ён быў вельмі талерантны, добра разумеў усходні абрад, славянскі сьвет, быў сьвятаром шырокіх паглядаў, ня меў ніякай цяжкасьці быць на праваслаўнай службе, запрашаў да сябе. У ягоным манастыры была невялікая капліца, там мы часта маліліся, туды прыяжджаў архіепіскап Васіль”.

(Сурмач: ) "Нагадаем, што архіепіскап Васіль узначальваў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву ў эміграцыі...

Спадар Янка, ці далей Вы трымалі сувязі з айцом Робэртам, як склаўся ягоны лёс?”

(Запруднік: ) "Пасьля ягонага ад''езду я атрымаў яшчэ ад яго некалькі лістоў, а потым кантакт перапыніўся. Пад канец жыцьця ён цяжка захварэў, быў у доме для састарэлых. Зь ягонай сям''ёю ў яго былі даволі напружаныя адносіны”.

(Сурмач: ) "У гэтай перадачы няма магчымасьці высьветліць усе аспэкты дзейнасьці і далейшага лёсу айца Робэрта ван Каўэлярта.

Спадар Янка, ці ня лічыце Вы, што асоба айца Робэрта заслугоўвае больш глыбокай увагі з боку дасьледчыкаў беларускай гісторыі, заслугоўвае таго, каб ягоная памяць была ўшанаваная з боку беларусаў?”

(Запруднік: ) “Ягоная роля ў гісторыі нашага адраджэньня і гісторыі беларускага студэнцтва на Захадзе ня высьветленая. Архіўныя матэрыялы яшчэ хаваюць дэталі ўсяго гэтага. Крыху пра яго ёсьць у кнізе Барыса Рагулі пра беларускае студэнцтва, у газэце "Бацькаўшчына", у маёй "Дванаццадцы", рэшта ў лістох, у мяне ёсьць перапіска зь ім.

Асоба а. Робэрта ван Каўэлярта наагул заслугоўвае на грунтоўнае дасьледаваньне і апісаньне. Гэта сьветлая постаць, заслужаная перад нашым нацыянальным адраджэньнем і культурным жыцьцём, вартая таго, каб увекавечыць ягоную памяць нейкім грунтоўным дасьледаваньнем, апісаньнем і помнікам, які, мы спадзяемся, некалі будзе пастаўлены ў Беларусі”.

(Сурмач: ) "На заканчэньне падам радкі, якімі завяршыў а. Робэрт ван Каўэлярт названы вышэй “Адкрыты ліст да маіх беларускіх сяброў”, напісаны ў 1956 годзе”:

“...ніколі ня зьменшыцца, пакуль я буду жыць, маё асабістае прывязаньне і мая адданасьць усім маім беларускім сябрам, а празь іх – іхнай Бацькаўшчыне і ўсяму беларускаму народу.

Хай Бог захавае і збавіць Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG