Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі назіральнік называе азэрбайджанскія выбары несвабоднымі


Альгерд Невяроўскі, Менск За ўчорашнімі парлямэнцкімі выбарамі ў Азэрбайджане назіралі і прадстаўнікі Беларусі. Адзін зь іх — старшыня ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі. Ён і ягоныя калегі з Нарвэскага Хэльсынскага камітэту прынялі адпаведную заяву, у якой азэрбайджанскія выбары называюцца “несвабоднымі і недэмакратычнымі”. З Алесем Бяляцкім размаўляў наш карэспандэнт.

Першае пытаньне тычылася пасьлявыбарчай сытуацыі ў Азэрбайджане:

(Карэспандэнт: ) “Спадар Бяляцкі, скажыце, якая цяпер сытуацыя ў Азэрбайджане? Што вы бачыце на вуліцах? Што гавораць пра вынікі ўчорашніх парлямэнцкіх выбараў прадстаўнікі азэрбайджанскай улады, апазыцыя, міжнародныя назіральнікі?”

(Бяляцкі: ) “Мы прынялі сваю заяву разам з Нарвэскім Хэльсынскім камітэтам і Домам правоў чалавека ў Нарвэгіі. Мы мелі магчымасьць назіраць зь мясцовымі назіральнікамі і назіраць за сытуацыяй каля ўчасткаў, хаця самі рэгістрацыі ня мелі. На жаль, азэрбайджанскія ўлады не далі нам рэгістрацыі.

Тым ня менш, тое, што мы бачылі, як у Баку, так і калі выяжджалі за тэрыторыю гораду — на жаль, вельмі сумная карціна. Яна вельмі далёкая ад сапраўдных дэмакратычных выбараў.

Было вельмі шмат парушэньняў, прычым у тых акругах, дзе ішлі лідэры дэмакратычных палітычных партыяў.

Дастаткова сказаць, што на акрузе Алі Керыма — гэта лідэр Народнага фронту Азэрбайджану — назіральнікі і сябры камісіяў ад апазыцыйных партыяў былі проста выкінутыя з участкаў і зьбітыя паліцыяй. А ўсе бюлетэні сабраныя і перавезеныя ў раённую адміністрацыю. Такім чынам проста быў такі нахабны гвалт.

Дэмакратычная апазыцыя аб’яднаная ў блёк “Азадлыг”, не прызнае вынікаў гэтых выбараў. Маштаб гэтых парушэньняў гаворыць пра тое, што ўлады Азэрбайджану абралі такі жорсткі варыянт утрыманьня ўлады.

Заўтра а 15-й гадзіне павінна адбыцца акцыя пратэсту. Яна дазволеная ўладамі і ня будзе праходзіць у цэнтры гораду. Сам Баку выглядае даволі спакойна. Працуе транспарт, ходзяць людзі. Хіба што, можна адзначыць большую колькасьць паліцыі на вуліцах гораду”.

(Карэспандэнт: ) “На вашую думку, у Азэрбайджане магчымая рэвалюцыя?”

(Бяляцкі: ) “Я думаю, што сытуацыя ня ёсьць у такой ступені крызісная, каб гэта адбылося. Тым ня менш, большасьць людзей сапраўды не давярае вынікам гэтых выбараў. І цяпер вельмі шмат будзе залежаць ад апазыцыйных партыяў — які шлях яны абяруць для кірунку гэтага незадавальненьня”.

(Карэспандэнт: ) “Некаторыя інтэрнэт-выданьні паведамляюць пра тое, што прадстаўнікі міжнародных назіральнікаў — ЗША, АБСЭ прызналі вынікі гэтых выбараў. Што вы можаце пра гэта сказаць?”

(Бяляцкі: ) “Гэта не дакладная інфармацыя, бо прэсавая канфэрэнцыя АБСЭ адбудзецца толькі а 15-й гадзіне мясцовага часу, гэта значыць а 17-й гадзіне беларускага. Таксама пакуль няма афіцыйнай заявы амэрыканскіх назіральнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Палітычная сытуацыя ў гэтай краіне падобная да беларускай ці не?”

(Бяляцкі: ) “Вельмі падобная, вельмі шмат паралеляў. Хаця, як мне падаецца, магчымасьць для дзеяньняў азэрбайджанскай дэмакратычнай апазыцыі, нягледзячы на выпадкі гвалту — большая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG