Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сустрэчу з старшынём "афіцыйнага" СПБ прыйшлі толькі два чалавекі


Сяргей Астраўцоў, Горадня У мінулую нядзелю ў мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну ў сельсавеце павінна была адбыцца сустрэча сяброў Саюзу палякаў зь Юзафам Лучнікам — кіраўніком СПБ, якога прызнаюць улады. Аднак сустрэцца зь ім прыйшлі толькі два чалавекі. У Сапоцкіне большасьць насельніцтва палякі, але яны па-ранейшаму падтрымліваюць дэмакратычна абранага старшыню СПБ Анжаліку Борыс, якую, аднак, не прызнаюць беларускія ўлады.

Пра сустрэчу з кіраўніком афіцыйнага Саюзу палякаў паведамлялі абвесткі, некаторых запрашалі ў сельсавет асабіста, аднак жыхары мястэчка па сутнасьці праігнаравалі мерапрыемства.

Адзін з актывістаў Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс Андрэй Пачобут так ацэньвае падзею:

(Пачобут: ) “Сапоцкін — гэта мясьціна, дзе амаль усе ведаюць Лучніка, таму што ён там працаваў дырэктарам школы, быў таксама дырэктарам школы ў Сонічах. Да апошніх падзеяў ён меў там пэўны аўтарытэт, які, дарэчы, улада выкарыстоўвала падчас падрыхтоўкі да ваўкавыскага зьезду. Аднак сёньня гэтыя людзі, якія, скажам, яшчэ нядаўна віталіся з Лучнікам, сёньня адводзяць вочы і ня хочуць зь ім размаўляць”.

Для яго як для асобы гэта павінна быць досыць балюча, лічыць Андрэй Пачобут. Даведацца аб меркаваньні самога Юзафа Лучніка ў мяне не атрымалася, у Саюзе палякаў адказаў дзяжурны паста міліцыі, ён паведаміў, што з прычыны сьвята ў Саюзе нікога няма.

У Сапоцкіне быў учора былы вучань Юзафа Лучніка, сёньня намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, ён стаў сьведкам таго, як людзі не прыйшлі на спатканьне з кіраўніком афіцыйнага Саюзу палякаў.

(Раманчук:) “Я сказаў спадару Лучніку тое, што хацеў сказаць: ён хоча навязаць людзям зноў нейкія камуністычныя ідэалы што датычыць сытуацыі, калі дзяржава сама вырашае за грамадзянаў што рабіць з такой грамадзкай арганізацыяй як Саюз палякаў. Думаю, вельмі добра, што гэта пачуў і ён, і тыя людзі, якія там былі, у тым ліку галоўны рэдактар газэты, якую яны забралі ў Саюза палякаў на чале з Борыс”.

Яраслаў Раманчук, а таксама ягоныя бацькі зьяўляюцца сябрамі Саюзу палякаў. Ён лічыць, што ў Сапоцкіне і ў іншых месцах шмат хто па-ранейшаму атаясамлівае Саюз палякаў з Анжалікай Борыс, якую абралі дэмакратычным чынам дэлегаты 6-га зьезду паўгоду таму.

Паводле галоўнага рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута, нядаўна ў Сапоцкіне была Анжаліка Борыс, у прыватным доме ў яе адбылася сустрэча з актывістамі Саюзу палякаў.

Сапоцкін днямі наведаў Генэральны консул Польшчы ў Горадні Анджэй Крэнтоўскі, каб ускласьці кветкі да магілаў паўстанцаў 1863 году і магілы генэрала Альшыны-Вільчынскага, расстралянага чырвонаармейцамі ў 1939 годзе. Паводле спадара Пачобута, на могілкі таксама прыйшлі шмат якія сябры мясцовага аддзелу Саюзу палякаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG