Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зьбіраюць калекцыянэры з Гарадзеншчыны?


Міхал Карневіч, Менск У афіцыйна зарэгістраваным таварыстве калекцыянэраў Горадні зараз каля ста чалавек. А ўвогуле гэтым займаецца значна больш людзей. Калекцыі падчас сустракаюцца па-сапраўднаму ўнікальныя.

Гісторыя калекцыяніраваньня на Гарадзеншчыне сягае яшчэ ў ХУІІІ стагодзьдзе. Тады зьбіральніцтвам, як правіла, займаліся багатыя людзі. Яны таксама шукалі рэдкія манэты, старыя падсьвечнікі, карціны... Але куды больш вядомыя за сваіх папярэднікаў калекцыянэры 20-30-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Сярод іх вылучаліся Юзаф Іадкоўскі, чый збор лёг у аснову Гарадзенскага музэя, Генадзь Пех – зь ягоным імем зьвязана нараджэньне музэя ў Ваўкавыску, Іван Страмбоўскі са Слоніму ды іншыя. Дзякуючы сваім традыцыям, менавіта Гарадзеншчына стала ініцыятарам стварэньня ў сярэдзіне 1990-х гадоў міжрэгіянальнага грамадзкага аб’яднаньня нумізматаў, якое пяць год таму атрымала статус нацыянальнага.

І зараз калекцыянэры зьбіраюць акрамя традыцыйных манэт, ордэнаў, марак, паштовак самыя незвычайныя рэчы. Дарэчы, якую калекцыю можна назваць менавіта незвычайнай, цяжка сказаць нават спэцыялісту. Разважае Віктар Какарэка:

(Какарэка: ) “Самую цікавую калекцыю, напэўна, могуць вызначыць толькі тыя, хто гэтым не займаецца. Калі пачынаць нешта зьбіраць, то можна паглыбіцца настолькі, што сярод самых простых рэчаў можна знайсьці такія незвычайныя рэчы...”

Сам ён апошнім часам шукае розныя сьведчаньні міжваеннага пэрыяду ў Горадні. Гэта вайсковыя знакі польскай арміі, пашпарты, “аусвайсы” той пары, калі Горадня знаходзілася пад кайзэраўскай акупацыяй, даведкі партызанаў, разнастайныя пасьведчаньні... Сярод апошніх ёсьць нават выпісанае на... каня! Бо чалавек, які выяжджаў тады за горад, павінен быў даказаць паліцэйскаму: гнядок ня скрадзены. Сваю калекцыю Віктар Какарэка зьбірае таму, што ў Горадні гэтым раней ніхто не займаўся:

(Какарэка: ) “Звычайна кажуць: хай палякі зьбіраюць польскую гісторыю, а мы будзем зьбіраць савецкую. І так сталася, што на нашай тэрыторыі гэтую нішу ніхто не заняў. А знаходкі трапляюцца цікавейшыя”.

Узяць, напрыклад, партсыгар польскага афіцэра. Аказваецца, таварышы па службе абавязкова мусілі выгравіраваць на ім свае прозьвішчы: гэта нейкім дзіўным чынам нагадвае так званыя “дзембельскія” альбомы сёньняшніх салдатаў, дзе абавязкова расьпісваецца ўвесь прызыў...

Кожны гарадзенскі энтузіяст ведае Аляксандра Рымарчука -- бадай, самага старэйшага мясцовага калекцыянэра. Ён з 1928 году, а зьбіральніцтвам пачаў займацца яшчэ за польскім часам. Зараз у яго вялікая калекцыя спартовых значкоў, бо сам ён у мінулым выкладчык фізкультуры ў сельгасінстытуце і дагэтуль яшчэ судзіць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. Аднак куды больш Аляксандр Рымарчук ганарыцца сабранымі ім здымкамі абласнога цэнтру.

Калі пасьля вайны ён гасьціў у Кішынёве, родны дзядзька з гордасьцю паказаў 70 паштовак Горадні, якія вывез з сабой яшчэ ў 30-я гады. Па кожнай мог распавядаць пра цэлую вуліцу... Гэта ня проста ўразіла тады яшчэ пачаткоўца Раманчука, але й падштурхнула да фармаваньня ўласнай калекцыі. І цяпер толькі ў яго можна пабачыць на фотаздымках, як незвычайна шырока, магутна разьліўся Нёман у 1958 годзе, як узрывалі фару Вітаўта...

(Рымарчук: ) “Гэта проста жыцьцё. Я ўцягнуўся ў гэта і безь яго не магу. Між іншым, ня толькі я. Я ўцягнуў у гэта мноства сваіх знаёмых, сяброў”.

Для вядомага гарадзенскага гісторыка і краязнаўцы Алеся Госьцева калекцыянэрства перарасло ў музэйную справу. У гімназіі №1 разам з вучнямі ён стварыў музэй пэдагогікі Гарадзеншчыны. Нічога падобнага няма нідзе навокал. Алесь Госьцеў распавядае пра адну з апошніх знаходак:

(Госьцеў: ) “Адна з самых цікавых напрацовак нашага музэя -- тэма Міцкевіч-пэдагог. Усе ведаюць Міцкевіча, як выдатнага паэта, усе ведаюць, што ён выкладаў у парыжскім коледжы дэ Франс, але ніхто пра яго, як пра пэдагога, дагэтуль не гаварыў. А мы вырашылі падняць менавіта гэтую нязнаную тэму”.

І калі ўжо вучні дабіраюцца ў сваіх пошуках, да Польшчы, Францыі, то ня могуць не зацікавіцца яны і гісторыяй роднага краю. Адзін з выхаванцаў Алеся Госьцева -- Саша Кіркевіч, вучань 10-й клясы. Яго ў Горадні лічаць адным з самых сур’ёзных маладых калекцыянэраў. Саша зараз зьбірае манэты, мае да тысячы экзэмпляраў, зь іх каля 200 -- па гісторыі Вялікага княства Літоўскага.

(Кіркевіч: ) “Ёсьць у мяне вельмі цікавы экзэмпляр, які зьвязаны з краязнаўчай працай -- гэта азэрбайджанская манэта ХУІІІ ст., якая была знойдзена ў Нёмане ў свой час...”

І далей – цэлая лекцыя з дэманстрацыяй рэдкіх экспанатаў, якія расказваюць пра гандлёвыя сувязі Горадні з няблізкім сьветам...

А вось Сяргей Стральчонак -- былы міліцыянт, сабраў шыкоўную калекцыю міліцэйскіх знакаў. Кажа, гэта найбольш цікавіла яго прафэсійна, паколькі ўсё жыцьцё працаваў у органах міністэрства унутраных спраў:

(С.Стральчонак): “Гэта гісторыя. Гэтыя знакі адсочваюць гісторыю разьвіцьця міліцыі. Кожнаму адрэзку часу нават адпавядае свая стылістыка. Напрыклад, калі пачалася перабудова, час Шушкевіча, усе яны ішлі з бела-чырвона-белымі афарбоўкамі, потым пайшлі больш дабротныя, бо пачаліся рабіць з дабротнага мэталю”.

Калі вас не ўражваюць падобныя зборы, адзначу: гарадзенцы маюць і зусім ужо нетрадыцыйныя калекцыі. Ёсьць людзі, якія спэцыялізуюцца на зборы копіяў запісак самазабойцаў, розных шклянак, этыкетак ад лёзаў, баначак ад гуталіна, бумэрангаў, узораў цэглы... Віктар Какарэка вельмі скептычна ставіцца да такіх людзей: нават не залічвае іх да сваіх калегаў:

(В.Какарэка): Справа ў тым, што гэта псыхічнае адхіленьне ў некаторых людзей. Я разумею, што калекцыянэры таксама своеасаблівыя людзі, але калі гэта заходзіць так далёка, то гэта ўжо падобна да шызафрэніі.”

І яшчэ адна цікавостка. Сярод калекцыянэраў Горадні няма жанчынаў. Як сумна мне заўважыў Аляксандр Рымарчук, прадстаўніцы прыгожай паловы толькі прыходзяць прадаваць калекцыі, калі іх мужы паміраюць...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG