Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як захаваць аўтарскія правы ў Інтэрнэце?


Натальля Судлянкова, Прага Зьяўленьне інтэрнэту цалкам зьмяніла жыцьцё людзей і адчыніла перад імі ўвесь сьвет. Аднак, літаральна зь першага дня ад распрацоўкі першай гіпэрстранкі і спасылкі на іншую інфармацыйную крыніцу перад спажыўцамі інтэрнэту і ягонымі распрацоўшчыкамі паўстала праблема аўтарскіх правоў на матар’ялы, што зьяўляюцца ў сеціве. Адсутнасьць тэхналёгіі дасканальнага выкананьня гэтых правоў тармазіла разьвіцьцё інтэрнэту. Але днямі вядомыя інтэрнэт-кампаніі Amazon.com і Google заявілі аб гатовасьці прапанаваць новыя тэхналёгіі, каб запабегчы парушэньням аўтарскіх правоў.

Тэхналёгія, якую прапанавалі кампаніі, дазваляе любому чалавеку набыць сабе менавіта той кавалак інфармацыі, які ён патрабуе зь любой крыніцы, якая існуе ў інтэрнэце. Далучэньне да праекту найбуйнейшага гандляра кнігамі ў інтэрнэце – кампанію Amazon.com – дае магчымасьць гандляваць старонкамі асобных кніг або нават папросту абзацамі з гэтых старонак. Замест таго, каб купляць кнігу рэцэптаў, хатняя гаспадыня можа купіць сабе адзін рэцэпт з гэтай кнігі, менавіта той, які патрабуе ў дадзены момант. Чалавек, які сабраўся рамантаваць машыну, можа набыць сабе толькі інструкцыю па рамонце матору, калі нічога іншага не патрабуе.

Рэндам Хаўз, самае буйное выдавецтва Злучаных Штатаў, паведаміла, што паводле распрацаваных тарыфаў, кошт адной старонкі кнігі зь інтэрнэту не перавысіць 5 цэнтаў, зь якіх 4 будуць разьмяркоўвацца паміж выдаўцом і аўтарам кнігі. Дарэчы, вельмі падобная тэхналёгія была рэалізаваная з запісамі альбомаў музыкантаў і сьпевакоў, калі зьявілася магчымасьць набываць сабе, напрыклад, толькі адну песьню або кампазыцыю з усяго альбому. Разьвіцьцё кніжнага праекту паскорылі скаргі, якія супраць кампаніі Гугл падалі аўтары тых кніг, якія зьявіліся ў інтэрнэт-бібліятэцы, што знаходзіцца на сайце Гуглу. Калі новы праект будзе рэалізаваны, гэта можа даць Гуглу лепшыя шанцы на вырашэньне спрэчак па-за судом. Прадстаўнік адной зь фірмаў, што падавалі скаргі, Пол Айкен, камэнтуючы новы праект, гаворыць: “Гэта той шлях, якім падзеі меліся б разьвівацца – забясьпечыць спажыўцам доступ да кнгі, але адначасова забясьпечыць прыбыткі аўтарам і выдаўцам кніг”. Ужо ў наступным годзе пачнуць працаваць дзьве праграмы – адна дазваляе шукаць, а потым і набываць кнігі і тыя кавалкі або часткі зь іх, якія канкрэтны чалавек у дадзены канкрэтны момант патрабуе, а другая праграма забясьпечыць свабодны прыступ да набытай інфармацыі. Аўтары праграмы адзначаюць, што яна дазваляе набываць любы аб’ём інфармацыі з канкрэтнай кнігі, але канчатковае рашэньне аб даступнасьці ўсёй кнігі будзе ўсё ж такі прымаць выдавец. Цяпер Гугл дазваляе толькі праглядаць часткі кнігі або азнаёміцца зь яе зьместам.

Дэйвід Стейнбергер, кіраўнік выдавацельства Персэўс Букс Груп, прывітаў новыя ініцыятывы і заявіў, што вельмі важна, каб кампаніі разам працавалі на разьвіцьці новых паслуг, што дае спажыўцам шырокі выбар даступных матэрыялаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG