Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб адзінага кандыдата пачынае працу на Меншчыне


Міхал Стэльмак, Менская вобласць На Меншчыне завяршаеццца фармаваньне абласнога выбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазыцыі, якім зьяўляецца Аляксандр Мілінкевіч. Якія пляны й праблемы напярэдадні выбарчай кампаніі ў каманды адзінага кандыдата па Менскай вобласьці?

Кіраўніком абласнога штабу адзінага кандыдата па Меншчыне зацьверджаны Пётр Голасаў, адзін з лідэраў Менскай абласной арганізацыі АГП. Паводле прадстаўнікоў цэнтральнага штабу адзінага кандыдата, ён быў рэкамэндаваны на гэты ўчастак палітычнай працы як асоба дасьведчаная ў справе арганізацыі выбарчых кампаніяў. У часе мінулай прэзідэнцкай кампаніі спадар Голасаў узначальваў абласны штаб аднаго з тагачасных прэтэндэнтаў ад апазыцыі Сямёна Домаша:

(Голасаў: ) “На гэты раз у адрозненьне ад папярэдняй кампаніі 2001 году ўвогуле і цэнтральны штаб, і ўсе абласныя і раённыя структуры больш моцныя, больш аўтарытэтныя, больш арганізаваныя. І таму сама кампанія, на мой погляд, ладзіцца больш трывала, больш моцна і прафэсійна. З улікам таго, што напярэдадні ўсёй працы прайшоў Кангрэс дэмакратычных сілаў, зараз мы імкнемся рабіць так, каб у склад і абласнога штабу ўвайшлі прадстаўнікі розных палітычных партыяў і рухаў, і менавіта на месцах у раённыя штабы ўваходзіла як мага больш прадстаўнікоў розных рухаў, розных партыяў, акрамя таго, проста аўтарытэтных грамадзянаў, якіх ведаюць на месцах, якіх паважаюць. Задачы ж такія: вырашыць усе тыя пытаньні, якія прапануюцца стратэгіяй. Гэта будзе збор подпісаў, гэта будзе агітацыйная кампанія. Задачы вельмі сур’ёзныя і мы іх будзем выконваць”.

У рэгіёнах вобласьці многія актывісты дэмакратычнага руху зьвяртаюць увагу на марудны працэс фармаваньня рэгіянальных структур каманды адзінага кандыдата. Вызначана, напрыклад, што на Меншчыне будзе дзейнічаць тры “куставыя” штабы – у Барысаве, Маладэчне і Салігорску, якія будуць каардынаваць дзейнасць раённых структур. Аднак толькі зараз пачынаецца іх фармаваньне. Між тым, час бяжыць, і, як лічыць, напрыклад, каардынатар руху “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка з Барысава, яго затым можа не хапіць для шырокай “раскруткі” адзінага кандыдата:

(Бародка: ) “Што тычыцца кампаніі адзінага кандыдата, то зараз практычна не бачна ніякай дзейнасьці. Час ад часу партрэт адзінага зьяўляецца ў “Народнай волі”, але ж распаўсюджваецца яна не на рэгулярнай аснове, асабліва ў рэгіёнах. Таму як бы незаўважна ўвогуле кампаніі, ні лёзунгу адзінага кандыдата, ні прадукцыі адзінага кандыдата. Хаця ўжо пара пачынаць. Бо ўжо хутка выбары і не будзе часу. Я не не бачу людзей, якія б працавалі актыўна ў рэгіёнах. Месяц мінуў пасьля абраньня Мілінкевіча і практына не бачна дзейнасьці. Я разумею, што ёсць пэўныя арганізацыйныя моманты, але ж пара стартаваць. Думка не толькі мая, але ж і шэрагоўцаў з дэмакратычных арганізацыяў і звычайных людзей. Яны не ведаюць, што адбываецца, як, чаму не пачынаецца кампанія. Яна ўжо павінна ісьці”.

Прынамсі, Барысаў – горад, вядомы на Меншчыне сваімі дэмакратычнымі традыцыямі і тут, як лічаць назіральнікі, каманда адзінага кандыдата можа разьлічваць на станоўчыя вынікі ў кампаніі нават пры пасіўным старце. Але ж ёсць у вобласьці і такія рэгіёны, дзе мае месца “голад” на дэмакратычных актывістаў. У ліку такіх раёнаў – Капыльскі. Тут, як лічыць мясцовы актывіст Віктар Дашкевіч, кампанія чакаецца складанай:

(Дашкевіч: ) “Трэба сказаць, што будзе гэта рабіць не проста. На падставе свайго папярэдняга досьведу хацеў бы зазначыць, што вялікая апатыя і страх у людзей. Вось гэтыя два чыньнікі не дазваляюць людзям актыўнічаць у гэтай справе. Ведаю людзей, якія займаліся ёй раней, але на іх быў уціск і яны пацярпелі: хто на працы, хто ў іншым месцы. І пасьля гэтага яны адыйшлі ад гэтай працы, не хочуць высоўвацца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG